У Менску - унікальныя дакумэнты пра паўстаньне Каліноўскага
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
20.02.2013 13:05
Гэта больш за 100 друкаваных і рукапісных дакумэнтаў XIX–XXI стст. з фондаў бібліятэцы імя Я. Коласа.
28 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа адбудзецца прэзэнтацыя выставы “Старонкі гісторыі паўстаньня 1863–1864 гг.
На ёй прадстаўлена больш за 100 друкаваных і рукапісных дакумэнтаў XIX–XXI стст. з фондаў бібліятэкі. Гэта апісаньні ваенных дзеяньняў, зборнікі справаводчых матэрыялаў і публіцыстыкі, мэмуары, дасьледаваньні айчынных і замежных навукоўцаў.
Экспанаты адлюстроўваюць цікавасьць да паўстаньня на працягу 150-гадовай гісторыі й неадназначнасьць ацэнкі яго сэнсу ў розныя часы рознымі асобамі: ад “бунту польскіх паноў і ксяндзоў за аднаўленьне Польшчы (Рэчы Паспалітай)” да “беларускага нацыянальна-вызваленчага руху”.
Упершыню ў бібліятэцы выстаўлены арыгінальны дакумэнт 150-гадовай даўніны – справа “Описание военных действий Каргопольского полка с польскими мятежниками”. У рукапісе зьмешчаны зьвесткі аб ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Люблінскай губэрні падчас паўстаньня.
Вялікую каштоўнасьць уяўляюць друкаваныя выданьні ХІХ ст., якія зьмяшчаюць творы сучасьнікаў падзей: польскіх грамадзка-палітычных дзеячоў і расейскіх дарэвалюцыйных дасьледчыкаў.
Наведвальнікі выставы змогуць зазірнуць у творчую лябараторыю беларускіх дасьледчыкаў, уявіць атмасфэру працы над тэмай паўстаньня 1863–1864 гг. На паліцах – рукапісныя і машынапісныя матэрыялы 1933–1979 гг. (канспэкты, вытрымкі, копіі архіўных матэрыялаў) з асабістых архіваў гісторыкаў Адама Станкевіча, Мікалая Улашчыка, Уладзіміра Караткевіча і іншых.
На імпрэзу, арганізаваную бібліятэкай сумесна з Польскім Інстытутам у Менску, запрошаны вядомыя айчынныя й замежныя гісторыкі.