Logo Polskiego Radia
Print

У Менску ўспомнілі М.Чарняўскага (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.03.2013 18:04
  • charniauski-40.mp3
Да саракавіны з дня сьмерці выйшла перавыданьне кнігі “Ня бойцеся ахвяраў і пакут”.

/


У Менску адбылася вечарына памяці на саракавіны з дня сьмерці вядомага гісторыка й археоляга Міхася Чарняўскага. Да гэтае сумнае даты ягоны маладзейшы сябар Алесь Мазанік ажыцьцявіў перавыданьне кнігі Чарняўскага “Ня бойцеся ахвяраў і пакут” пра героя паваеннага антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага. Кніга выйшла накладам у 500 асобнікаў, зь якіх больш за 300 людзі замовілі папярэдне. Усе ахвяраваньні за кнігу пойдуць сям’і Міхася Чарняўскага. Пра перавыданьне напачатку вечарыны памяці распавёў ягоны каардынатар.

Алесь Мазанік: “Калі гэтая кніга ўпершыню да мяне трапіла, тое быў 2008 год. У мяне выклікала зьдзіўленьне, што ў такое вартае кнігі замалы наклад – усяго 200 асобнікаў – адпаведна, кніга не магла трапіць да вялікае аўдыторыі чытачоў. Тое, што мы ўсе разам здолелі перавыдаць гэтую кніжку, зрабіць тое накладам 500 асобнікаў, што, вядома, таксама вельмі мала для цэлае краіны, але гэта першы ўпэўнены крок па вяртаньню гістарычнае памяці, чым спадар Міхась займаўся ўсё сваё жыцьцё. Некаторыя газэты, нягледзячы на невялікі наклад, перадавалі з рук у рукі, таму адзін асобнік маглі чытаць дзясяткі, а тое й сотні людзей, тое самае будзе і з гэтую кнігаю, я пэўны, бо людзі тэлефанавалі й ліставалі з усіх куткоў Беларусі, каб ахвяраваць на яе. Я вельмі рады, што кнігу пасьпелі выдаць менавіта пад саракавіны, а таксама, што мы сабраліся тут сёньня, каб узгадаць сьветлую памяць выбітнага Беларуса. Мяркую, што спадар Міхась парадаваўся б, што мы зрабілі агульнымі намаганьнямі годную справу ў памяць пра яго.”

Перад людзьмі таксама выступіў незвычайны чалавек, доктар навук Міхась Малько, сусед і сябра Міхася Чарняўскага. Высьветлілася, што спадар Малько бачыў жывога Расьціслава Лапіцкага!

Міхась Малько: “У гэтае залі я адзіны чалавек, які бачыў жывога Расьціслава Лапіцкага. Канешне, я зь ім ня мог размаўляць, мне было сем гадоў, калі арыштавалі Лапіцкага. Нават Міхась Чарняўскі яго ня бачыў ужывую. Лапіцкі нейкі час кватараваў у маёй стрыечнае цёткі, зьнешне быў вельмі падобны да Чарняўскага. У Лапіцкага быў агромністы аўтарытэт сярод людзей, што жылі побач, прычым як у моладзі, так і ў дарослых. Ён быў вельмі сьціплы, заўсёды ішоў задуменны, таксама жыў вельмі бедна, але дапамагаў,чым мог, простым людзям.”

Удава Міхася Чарняўскага, спадарыня Сьвятлана, прыгадвае, што спадар Міхась ведаў пра страшную хваробу й таму сьпяшаўся зрабіць як найбольш да свае апошняе хвіліны.

Сьвятлана Чарняўская: “У Міхася было вельмі шмат плянаў, таму пасьля папярэдняе апэрацыі, 3 гады таму, ён ведаў, што пухліна злаякасная, і лічыў хвіліны свайго жыцьця, вельмі мала спаў, па 3-4 гадзіны на суткі, увесь час сядзеў за кампутарам. Я думаю, што ён зьнёс з сабой столькі задумаў, што нават калі б Бог даў яму яшчэ 100 гадоў жыцьця, то нават тады ўсім ім не было наканавана спраўдзіцца... У спадара Міхася быў такі характар, што ён патрабаваў вельмі шмат у першую чаргу ад сябе, імкнуўся рабіць увесь час, таму й пасьпеў вельмі шмат. У яго па археалёгіі было больш за 2000 навуковых публікацыяў, працаваў ён практычна да апошняга дня. Калі ён патрапіў на той сьвет, то адразу, напэўна, паляцеў шукаць Лапіцкага, таму што ім ёсьць пра што пагаманіць…”

Гісторык Уладзімер Арлоў распавёў пра невядомы эпізод, як Міхася Чарняўскага за арганізацыю ў Акадэміі навук нацыяналістычнага “Акадэмічнага асяродку” звольнілі з працы й, паводле тагачасных завядзёнак, накіравалі на перавыхаваньне ў працоўны калектыў.

Уладзімер Арлоў: “Міхася Чарняўскага перавыхоўвалі ў рэстаўрацыйных майстэрнях, яму далі самую нізкую пасаду – ляўкасьніка. Хтосьці можа падумаць, што ён грунтаваў палатно пад абразы, але ён на самой справе ён быў грунтоўшчыкам палотнаў пад наглядную агітацыю, у чым, безумоўна, прысутнічаў момант прыніжэньня. Гэта была неверагодна цяжкая праца, спадар Міхась аднойчы заснуў проста на нагах, вярнуўшыся дадому. Я пазнаёміўся зь Міхасём акурат у той час, калі ён рабіў у майстэрні, у мяне засталося ўражаньне сьмяротна стомленага чалавека, але абсалютна нязломленага, якога такія выпрабаваньні толькі загартоўваюць. Я хачу сказаць, што гэта страта агульнанацыянальнага маштабу, а для мяне гэта яшчэ і асабістая трагедыя. Спадар Міхась заўсёды выказваў з упэўненасьцю прарока, што савецкая імпэрыя зла разваліцца й Беларусь зробіцца нарэшце незалежнай краінай, дзе будуць шанаваць сваіх герояў.”

Вечарыну аздаблялі музыкі Тацяна Беланогая, Аляксандар Памідораў, Зьміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў.

Перавыданьне кнігі пра паваенны антысавецкі супраціў “Ня бойцеся ахвяраў і пакут” было апошняю воляю спадара Міхася.

Арцём Багданаў, Менск.

Фота аўтара.

/

/

/

/

/

/

/

/




Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт