Дэфіцыт ударыць па ўсіх 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jury  Lichtarowicz 
                        
                        15.03.2013 17:33
                    
                                 
                
                
                    ЗША вядуць войны ды выдаткоўваюць мільярды на касьмічныя дасьледаваньні.
                
                
                
                
               
                
                          
 Пры гэтым, грошай не хапае на вартаўнікоў Белага дому. Фінансавую сытуацыю Амэрыкі аналізуе штодзёнка „Rzeczpospolita”. 
Упершыню за апошнія гады ЗША сутыкаюцца з праблемай бюджэтных скарачэньняў. Фэдэральны ўрад працягвае весьці вайсковыя й выведкавыя апэрацыі, але шукае інтэнсіўна, на чым можна скараціць. Нядаўна з-за адсутнасьці бюджэтных сродкаў спынілі праграму наведваньня Белага дому для амэрыканцаў. Гэтая справа адразу стала тэмай гарачага абмеркаваньня. Кангрэсмэны заявілі, што прэзыдэнцкая адміністрацыя можа адмовіцца ад сьвяточных прыёмаў і пікнікоў і ўзнавіць праграму наведваньняў Белага дому. Экскурсіі па Капітолю ды Белым доме зьяўляюцца абавязковым пунктам для амэрыканцаў. Кангрэсмэн з Тэхасу заявіў, што заблякуе фінансаваньне паездак Абамы на гольфавае поле, пакуль ня будуць адноўлены экскурсіі па Белым доме. Яшчэ большае абурэньня амэрыканцы дэманстравалі на сацыяльных парталах і форумах.
У адказ на гэта Барак Абама ўжо заявіў, што адновіць экскурсіі па прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі для школьнікаў. Амэрыканскія аглядальнікі й экспэрты зазначаюць, што закрыцьцё экскурсіі з-за бюджэтных скарачэньняў стала паразай дэмакратаў.
Аднак, зазначае польскае выданьне, яны могуць адыграцца на рэспубліканцах, скарачаючы бюджэт фэдэральнай Адміністрацыі транспартнай бясьпекі, якая займаецца праверкай і допускам пасажыраў  на лётнішчах. Амэрыканцы ўжо наракаюць, што, каб трапіць на самалёт, трэба выстаяць некалькі гадзін у чарзе. Стратэгія дэмакратаў наступная: як людзі пастаяць гадзінамі ў чарзе на самалёт, то зьвернуць увагу на справу бюджэтнага дэфіцыту.
Рэспубліканцы называюць гэты крок — шантажам. На некаторых амэрыканцаў гэта ўжо пачало дзейнічаць, піша польская штодзёнка. У школах пачаліся звальненьні працаўнікоў без аніякіх скарачэньняў фінансаваньня.
юл