Logo Polskiego Radia
Print

Першая Вышаградзкая велагонка

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.05.2013 15:00
  • Вышаградзкая велагонка.mp3
Больш за 500 кілямэтраў трасы, 14 гадзін язды, прычым цэлую ноч.

/

І моцныя ўражаньні як сымбаль Вышаградзкага адзінства. Так скончылася 1-я Вышаградзкая велагонкі.

Велапрабег стартаваў ўчора а 16-й гадзіне з Будапэшту. Фініш гонкі - у польскім Кракаве. Агульная працягласьць маршруту - 533 кілямэтры й ўсяго адзін этап. Ініцыятарам велапрабегу зьяўляецца міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Паводле ягоных словаў, гэта сымбаль збліжэньня краін Вышаградзкай групы: Вугоршчыны, Славаччыны, Чэхіі ды Польшчы. Вось што сказаў Радаслаў Сікорскі перад імпрэзай.

Радаслаў Сікорскі: З Будапэшту вырушыў першы Вышаградзкі велапрабег. Больш за 100 раварыстаў едуць да нас у Кракаў усю ноч. Хай гэта будзе знакам, што мы аб’ядноўваемся. Спадзяюся, што велагонка прынясе нам шмат радасьці.

У сувязі з тым, што гонка была аднаэтапнай, удзельнікі мусілі ехаць усю ноч. Гэтае спаборніцтва было сапраўдным выклікам для ўдзельнікаў, казаў арганізатар велагонкі Чэслаў Лянг.

Чэслаў Лянг: Арганізацыя такога прабегу - вельмі складаная рэч, але найбольш працы – ва ўдзельнікаў спаборніцтва. Я вельмі рады, што знайшлося столькі ахвотных. Яшчэ больш мяне радуе, што да спаборніцтва далучылася 10 прыгажунь-жанчын, а траса - складаная. Яна вядзе праз Славаччыну, дзе будуць крутыя пад'ёмы, а частку гонка будзе праходзіць уначы.

Каб заахвоціць удзельнікаў не здавацца, арганізатары падрыхтавалі сур’ёзную ўзнагароду. Прызавы фонд як індывідуальнай, так і каманднай клясыфікацыі складае 100 тысяч эўра.

Арганізатары чакалі, што першыя ўдзельнікі зьявяцца на фінішы каля 10 гадзіны. Аднак пераможца – польскі раварыст Анджэй Кайзэр – скончыў гонку на некалькі гадзін раней. Ён адолеў маршрут за 14 гадзін зь сярэдняй хуткасьцю блізу 37 км на гадзіну. Два другія прызавыя месцы занялі таксама палякі: Дар’юш Вайцяхоўскі й Зьбігнеў Гурскі. Пераможца задаволены вынікам.

Анджэй Кайзэр: У нас усё атрымалася. Наш плян, які мы сабе падрыхтавалі перад стартам, мы змаглі выканаць на 100%.

У складзе польскай каманды ехалі таксама жанчыны. Магда Халайчык фінішавала пасьля 15 гадзін і 6 хвілін у добрым настроі.

Магда Халайчак: Добра ехалася... Вядома, быў момант крызысу на трасе. Аднак жа я змагла зь яго выйсьці й шчасьліва даехала зь вельмі добрым часам.

У гонцы брала ўдзел каля 300 чалавек, да фінішу даехала больш за сто. 1-ы Вышаградзкі велапрабег удаўся, падводзілі вынік палітыкі. Гаворыць міністар спорту Польшчы Яанна Муха.

Яанна Муха: Гэта была выдатная ідэя. Я вельмі рада, што міністар Сікорскі выкарыстаў спорт як інструмэнт эўрапейскай інтэграцыі, інтэграцыі паміж нашымі 4 краінамі. Гэта добрая прылада, каб ствараць агульную будучыню.

Акрыленыя посьпехам арганізатары абяцаюць паўтарыць велапрабег у наступным годзе.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт