Logo Polskiego Radia
Print

Польшча змагаецца з паводкамі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 11.06.2013 14:57
  • Польшча змагаецца з паводкамі.mp3
Штодзённа пажарнікі выяжджаюць на выклікі больш за 1,5 тысячы разоў.

У Польшчы надалей утрымліваецца складаная паводкавая сытуацыя. Інстытут мэтэаралёгіі й воднай гаспадаркі выдаў сёньня два гідралягічныя папярэджаньні трэцяй ступені.

Яны тычацца Ніжнесілескага й Апольскага ваяводзтваў. Гэта азначае, што там магчымы рост узроўня вады вышэй за папераджальны ўзровень.

Надалей бачныя наступствы бураў, якія прайшлі над паўднёвай і цэнтральнай Польшчай – кажа прэс-сакратар Дзяржаўнай пажарнай службы Павал Фронтчак.

П. Фронтчак: Найцяжэйшая сытуацыя назіралася ў Прашоўскім павеце ў Малапольскім ваяводзтве, дзе ў выніку інтэнсыўных дажджоў затапіла больш за 100 дамоў. У гэтым жа самым рэгіёне, у вёсцы Пасондза, паваленае ветрам дрэва сур’ёзна параніла мужчыну. У Хшаноўскім павеце град пашкодзіў дахі на дзесяці будынках.

Падобная сытуацыя панавала ў некалькіх паветах Сілескага ваяводзтва, дзе былі пашкоджаныя дахі на 40 будынках. Град падаў у значнай частцы Польшчы. Амаль паўсюль, дзе ён зьявіўся, былі разьбітыя вокны, пашкоджаныя дахі й аўтамабілі.

Хапае сытуацый, падобных да здарэньня ў гміне Дзвола ў Любэльскім ваяводзтве. У некаторых месцах патокі вады пазрывалі дарожныя насыпы, пакінулі агромныя ўпадзіны.

Чарговая трагічная сытуацыя тычыцца гміны Казегловы, дзе затоплена 6 мясцовасьцяў. Там абвешчана крытычнае становішча. Пакліканы адмысловы антыкрызысны штаб. Бургамістар Яцэк Сьленчка ацэньвае сытуацыю як цяжкую й надалей небясьпечную для жыхароў.

Я. Сьленчка: Сытуацыя вельмі сур’ёзная, нават драматычная. Падтоплена 6 мясцовасьцяў. Частка камунальнай інфраструктуры затоплена. Зьнішчаныя тры масты, дарогі.

У Казегловах зь берагоў выйшлі дзьве ракі – Сарні й Божы Сток.

У цэлай Польшчы на ўсіх рэках 65 разоў перавышаны крытычны і ў 85 выпадках папераджальны стан. Апошнімі днямі штодзённа пажарнікі выяжджаюць на выклікі больш за 1,5 тысячы разоў. Яны ліквідуюць наступствы інтэнсыўных ападкаў дажджу, лякальных патопаў і бураў, узмацняюць дамбы.

Дажджавое надвор’е напэўна прычыніцца да страт у сельскай гаспадарцы -падкрэсьлівае спэцыяліст па пытаньнях сельскай гаспадаркі Кшыштаф Жэвульскі.

К. Жэвульскі: Амаль усе палі залітыя вадою, пабітыя градам. Напэўна, будуць страты плёнаў. Палі ў розным стане, на некаторыя зь іх нельга заехаць з хімікаліямі, каб апрацоўваць. Акрамя фэрмэраў, якія займаюцца агароднінай і садавінай, праблемы могуць мець і малочныя фэрмы. Фэрмэры ня могуць пакасіць траву, што істотна ўплывае на якасьць корму.

Фэрмэры ўжо кажуць, што сёлетняе надвор’е адаб’ецца на коштах садавіны й агародніны.

Міністэрства сельскай гаспадаркі Польшчы адзначае, што ў выніку праліўных дажджоў і граду страты закранулі каля 100 тысяч фэрмаў. Іх уладальнікі могуць разьлічваць на дапамогу дзяржавы й самакіраваньняў - кажа міністар Станіслаў Калемба.

С. Калемба: Найперш гэта льготныя крэдыты. У залежнасьці ад страт вызначаецца працэнт. Напрыклад, калі зьнішчана 50%, то працэнт такога крэдыту складае 1,5%. У іншым выпадку – 3%. Акрамя гэтага, можна падаваць дакумэнты на вызваленьне ад некаторых аплат ці падаткаў. Сельскагаспадарчыя агенцтвы таксама могуць адтэрмінаваць выплаты па крэдытах. Мясцовыя ўлады могуць увесьці падатковыя льготы.

На жаль, прагнозы надвор’я на бліжэйшыя дні мала аптымістычныя. Мэтэаролягі асьцергаюць перад чарговымі бурамі, асабліва на поўдні краіны.

ав







Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт