Пажаданыя брэнды мінуўшчыны
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
06.07.2013 15:40
Бізнэсмэны разьлічваюць на настальгію й вяртаюць да жыцьця старыя брэнды.
Назвы прадуктаў, якія гучаць па-замежнаму, як правіла, зьяўляюцца для палякаў стымулам для пакупкі. Таму айчынныя кампаніі імкнуцца набыць вядомыя брэнды, нават тыя, што зьніклі з рынку, але якія кліенты па-ранейшаму памятаюць. Польскія бізнэсмэны не абмяжоўваюцца айчынным рынкам, зьдзелкі таксама распаўсюджваюцца на старыя замежныя брэнды, - паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.
Старыя й вядомыя брэнды гэта для бізнээсу шанец на вялікія грошы й лёгкі выхад на рынак. Прыклад напою „Frugo”, які ізноў стаў гітом на польскім рынку харчовых прадуктаў, пацьвярджае глябальную тэндэнцыю вяртаньня на рынак брэндаў, якія станоўча атаясамліваюцца спажыўцам, але па розных прычынах калісьці былі выведзены з продажу.
Кампанія „FoodCare” на працягу двух гадоў прадала 227 мільёнаў бутэлек напояў „Frugo”, а выдаткі на паўторную актывацыю брэнду на рынку вярнуліся пасьля двух тыдняў продажу, - чытаем у газэце.
Дасягнуць падобнага посьпеху спадзяецца таксама фірма „Monster Media Group”, якая купіла правы на назву „Pewex”. У часы ПНР пад гэткай назвай дзейнічала сетка крамаў, якая прапаноўвала эксклюзыўныя замежныя тавары за валюту.
Яшчэ цягам летніх канікулаў павінна стартаваць інтэрнэт-крама пад назвай „Pewex”. У будучыні фірма плянуе адкрыць таксама сетку традыцыйных крамаў. Ці на настальгіі да сымбалю раскошы часоў ПНР можна будзе зарабіць? Прадстаўнікі кампаніі спадзяюцца, што так, - паведамляе „Rzeczpospolita”.
аз