Logo Polskiego Radia
Print

Як абараніць грамадзтва ад вычварэнцаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.07.2013 17:54
  • Прымусовая ізаляцыя.mp3
Міністэрства юстыцыі падрыхтавала законапраект аб ізаляцыі сэксуальных злачынцаў таксама пасьля адбыцьця пакараньня.

Асаблівае абурэньне, злосьць і пачуцьцё бездапаможнасьці выклікае інфармацыя аб сэксуальным насільлі ў дачыненьні да дзяцей. На гэтым тыдні СМІ паведамілі аб зьбіцьці й згвалтаваньні ў Быдгашчы 10-гадовага хлопчыка невядомым мужчынам. Паліцыя шукае злачынцу.

Такія паведамленьні прыцягваюць увагу грамадзтва да дзеяньняў уладаў з мэтай прадухіленьня ці мінімізацыі падобных трагедый.

Міністэрства юстыцыі Польшчы падрыхтавала законапраект аб ізаляцыі сэксуальных злачынцаў таксама пасьля адбыцьця пакараньня. Законапраект у асноўным тычыцца людзей псыхічна неўраўнаважаных, якія ствараюць пагрозу для жыцьця, здароўя або сэксуальнай свабоды іншых людзей.

Законапраект Міністэрства юстыцыі дае магчымасьць адпраўляць на тэрапію небясьпечнага злачынцу, які, паводле ацэнкі суда, пасьля выхаду з турмы з-за псыхічнай хваробы альбо сэксуальных няправільнасьцей на волі можа зноў зьдзейсьніць злачынства. Такіх асоб можна будзе ўзяць пад прэвэнтыўны нагляд паліцыі або накіраваць у новаствораны Агульнапольскі цэнтар тэрапіі псыхічных захворваньняў.

Аўтары законапраекту прапануюць, каб перад выйсьцем на волю небясьпечны злачынца праходзіў псыхіятрычнае і псыхічнае абсьледаваньне. На падставе ацэнкі спэцыялістаў дырэктар турмы атрымае права зьвярнуцца ў суд з просьбай прызнаць дадзеную асобу ў далейшым небясьпечнай.

Такім чынам юрысты вырашылі праблему падвойнага пакараньня за адно правапарушэньне. Справа ня будзе разглядацца паводле Крымінальнага кодэкса, а паводле Грамадзянскага.

Міністар юстыцыі Марэк Бярнацкі лічыць, што законапраект вельмі добра падрыхтаваны й што яго нельга лічыць працягам турэмнага зьняволеньня.

М.Бернацкі: Аб тым, ці дадзены чалавек будзе накіраваны ў цэнтар тэрапіі, не вырашае крымінальны суд, толькі грамадзянскі на аснове характарыстыкі псыхолягаў і іншых спэцыялістаў. Камісія вырашыць, ці існуе пагроза, што асоба, якая была асуджана за злачынства супраць жыцьця й здароўя чалавека, надалей будзе зьдзяйсьняць гэтыя ўчынкі, і таму яе неабходна накіраваць на тэрапію.

Такі чынам, лекары будуць вырашаць, ці дадзены вязень павінен быць накіраваны ў мэдыцынскую ўстанову зачыненага тыпу, ці будзе лячыцца на волі.

У Сэйме, які рыхтуецца да разгляду законапраекту, назіраецца нештодзённае супадзеньне меркаваньняў апазыцыйных палітыкаў з прапановай кіруючых сіл.

Апазыцыйная партыя „Sprawiedliwa Polska” прапануе, каб кожны небясьпечны правапарушальнік, прысуджаны да 10 гадоў і больш, за шэсьць месяцаў да заканчэньня пакараньня быў пад наглядам псыхіятраў і сэксуолягаў.

Таксама дэпутат апазыцыйнай партыі „PiS” Анджэй Дуда не сумняецца, што людзі, якія ствараюць небясьпеку для грамадзтва, не павінны выходзіць на волю.

А.Дуда: Сярод іх ёсьць асобы, што нават цяпер, у турме, заяўляюць, што пасьля выхаду на волю надалей будуць зьдзяйсьняць гэтыя агідныя ўчынкі. Такіх асоб абавязкова трэба ізаляваць. Няма сумневаў, што яны ствараюць пагрозу для цэлага грамадзтва, і неабходна вырашыць гэтую праблему.

І вось, падрыхтаваны законапраект будзе абараняць грамадзтва, - заяўляе міністар юстыцыі Марэк Бярнацкі. Міністар падкрэсьлівае, што пагроза з боку вычварэнцаў рэальная, а дзяржаве нельга на яе не зьвяртаць увагі.

М.Бярнацкі: Я лічу, што задача дзяржавы - абарона грамадзтва. Я не сумняюся, што Агульнапольскі цэнтар тэрапіі псыхічных захворваньняў неабходна стварыць, нават калі ён выратуе жыцьцё адной асобе. Нам трэба ўлічыць факт, што ёсьць людзі, якія забіваюць, таму што гэтая схільнасьць у іх мацнейшая чым іншыя інстынкты. Сэрыйныя забойцы, гэтак званыя „добрыя хлопцы”, гэта адна з праяваў цывілізацыйных хвароб. Яны заўсёды будуць забіваць.

Законапраект ахоплівае сэрыйных забойцаў і гвалтаўнікоў, у тым ліку таксама асоб, прысуджаных да сьмяротнага пакараньня яшчэ ў часы ПНР, якім паводле амністыі 1989 года сьмяротнае пакараньне было заменена на 25 гадоў зьняволеньня. Першыя з гэтай групы выйдуць на волю ў 2014 годзе.

Праблемным ў гэтым выпадку можа аказацца выбар паміж правам да свабоды асуджаных, якія адсядзелі свой прысуд, і абаронай магчымых ахвяр.

Гэтую дылему неўзабаве вырашыць Сэйм.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт