Кіраўнікі праваслаўных цэркваў зьязджаюцца ў Менск. Разам з Патрыярхам Кірылам з нагоды 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі прыбудуць яшчэ сем кіраўнікоў праваслаўных цэркваў сьвету.
У Беларускай праваслаўнай царкве растлумачылі, што ў сталіцы Беларусі чакаюць Патрыярха Александрыйскага Хведара, Патрыярха Іерусалімскага Феафіла, Патрыярха Грузінскага Ільлю, Патрыярха Сэрбскага Ірынэя, Архібіскупа Кіпрскага Хрызастома, Мітрапаліта Варшаўскага Саву, Мітрапаліта Амэрыканскага Ціхана.
Ва ўрачыстасьцях таксама прымуць удзел пастаянныя чальцы Сьвятога Сынода Рускай праваслаўнай царквы, чальцы Сынода БПЦ. Усяго у сьвятах прыме ўдзел больш за 80 архіпастыраў.
«Мы чакаем прыбыцьця ў Менск каля 50 тыс. паломнікаў з усіх епархій нашага Экзархата й сумежных дзяржаў», - сказалі ў БПЦ.
У Экзархаце нагадалі, што 29 ліпеня ў 09.30 на Менскім замчышчы пад адкрытым небам будзе зьдзяйсьняцца Боская літургія, якую ўзначаляць запрошаныя прадстаяцелі іншых праваслаўных цэркваў і Сьвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. За гэтым набажэнствам, як чакаецца, будуць маліцца тысячы вернікаў. Да месца зьдзяйсьненьня літургіі ад сталічнага Пакроўскага храма ў Крупцах пройдзе шматлікі хрэсны ход. Пасьля завяршэньня набажэнства іерархі зробяць закладку памятнай граматы ў падмурак старажытнага праваслаўнага храма XI стагодзьдзя ў горадзе Менску. Далей адбудзецца ўскладаньне вянкоў да манумэнта на плошчы Перамогі. Завершацца ўрачыстасьці ва Ўсіхсьвяцкай парафіі горада Менска, дзе Патрыярх Кірыл зьвернецца да вернікаў зь першасьвяціцельскім словам. Затым каля храма-помніка будзе праходзіць сьвяточны канцэрт.
Акрамя таго, у Менск будзе прывезены крыж апостала Андрэя Першазванага. Сьвятыня будзе знаходзіцца ў сталіцы з 28 ліпеня па 2 жніўня.
Прэс-сакратар Менскай епархіі протаіерэй Сергій Лепін адзначае, што кожны народ без вынятку павінен памятаць час свайго хрышчэньня й імёны тых людзей, дзякуючы якім іх нацыя прыняла важна крок для свайго лёсу.
С. Лепін: Вэргілій казаў: выбар рэлігіі – гэта выбар лёсу. Незалежна ад таго, што сёньня людзі думаюць пра рэлігію, яны павінны разумець, што хрышчэньне радыкальна памяняла лёс іх нацый. Гэта гадавіна калі мы праслаўляем Бога як і падчас кожнай гадавіны, а па-другое, задумваемся над лёсам нашых народаў, міласьцю Бога для нашага народа, над тым, якім чынам Эвангельле пакінула свой сьлед у гісторыі нашай нацыі й лёсе кожнага з нас.
Больш за тысячу гадоў таму, у 988 годзе, на берагах Дняпра адбылося першае народнае хрышчэньне. Увядзеньне хрысьціянства, ці інакш хрышчэньне Русі, зьвязана зь імем Вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Сьвятаславіча. У 988 годзе Уладзімір хрысьціўся сам, пасьля чаго візантыйскія прапаведнікі ахрысьцілі і кіяўлян. Зь Кіева яны разышліся ва ўсе бакі.
ав/БелТА