Logo Polskiego Radia
Print

Пэрэс выпіў вады са студні ў Вішневе й прамовіў па-беларуску: “Смачная”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 02.08.2013 14:33
  • Шымон Пэрэс.mp3
90 гадоў таму ў Вішневе пад Валожынам нарадзіўся будучы прэзыдэнт Ізраіля Шымон Пэрэс.

90 гадоў таму нарадзіўся прэзыдэнт Ізраіля Шымон Пэрэс - найстарэйшы на сёньняшні дзень кіраўнік краіны ў сьвеце. Цягам паўстагодзьдзя гэты палітык займаў самыя высокія пасады ў дзяржаве Ізраіль, стаў Нобэлеўскім ляўрэатам. На сьвет будучы прэзыдэнт Ізраіля прыйшоў на беларускай зямлі, у вёсцы Вішнева сучаснага Валожынскага раёна.

Палітычная кар’ера Пэрэса пачалася пасьля атрыманьня ім бліскучай адукацыі ва ўнівэрсытэтах Нью-Ёрка й Гарварда. У 1947 годзе ён уступіў у парамілітарную габрэйскую арганізацыю “Хагана”, удзельнічаў у арабска-ізраільскай вайне, а ва ўзросьце 29 гадоў стаў гендырэктарам Міністэрства абароны. З парлямэнтам Ізраіля Пэрэс зьвязаны з 1959 году, быў стваральнікам Партыі працы, а ў 1984 годзе ўзначаліў урад краіны.

У 2007 годзе Кнэсэт абраў яго прэзыдэнтам. У другім туры за яго аддалі свае галасы 80 са 120 дэпутатаў.

Да таго, як стаць прэзыдэнтам, Пэрэс двойчы ўзначальваў ізраільскі ўрад і быў міністрам ажно ў дванаццаці ўрадах. Менавіта яго называюць адным з галоўных архітэктараў мірных пагадненьняў паміж Ізраілем і Палестынай. У 1994 годзе, разам з тагачасным прэм’ерам Іцхакам Рабінам і лідарам палестынцаў Ясірам Арафатам, ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Гэта была падзяка да правядзеньне мірных перамоваў, вынікам якіх сталі гэтак званыя пагадненьні ў Осла.

Спачатку Пэрэса лічылі палітычным “ястрабам” і прыхільнікам сілавога вырашэньня ізраільска-палестынскага канфлікту. Аднак з часам ён зьмяніў свой палітычны стыль і замест радыкальных дзеяньняў пачаў цаніць саступкі й кампрамісы.

У 2008 годзе ён прыехаў зь візытам у Польшчу. У Варшаве ён заявіў, што, нягледзячы шматлікія войны Ізраіля й перамогі ў гэтых бітвах, ён больш за ўсё цэніць мір. Паводле Пэрэса, канфлікты на Блізкім Усходзе можна вырашыць сучаснай рэгіянальнай эканомікай.

Ш. Пэрэс: Мір для міру. Каб дасягнуць спакою, мы вярнулі Эгіпту ўсе ягоныя землі, нафту й ваду. Дзеля міру мы вярнулі таксама ваду й зямлю Ярданіі. І цяпер мы гатовыя адмовіцца ад зямлі, каб прыйсьці нарэшце да сапраўднага міру з палестынцамі й даць ім шанец збудаваць уласную дзяржаву, якая будзе дынамічна разьвівацца й дбаць пра мір.

Падчас гэтага візыту Пэрэс узгадаў таксама пра Галакост. Ён заявіў, што спадчына габрэяў з польскіх земляў будзе цягам многіх пакаленьняў уплываць на габрэйскі народ. Ізраільскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што зьнішчэньне габрэяў адбывалася на ўсёй тэрыторыі, акупаванай немцамі, але ў Польшчы яно было найбольш крывавым.

Ш. Пэрэс: І менавіта таму памяць пра Галакост і зьвязаны зь ім боль габрэйскага народу засяроджваецца на тэрыторыі Польшчы, нягледзячы на тое, што адказваюць за гэтыя злачынствы немцы.

Напрыканцы траўня на радзіме Шымона Пэрэса, у Вішневе, прайшлі мерапрыемствы, прысьвечаныя 90-годзьдзю з дня яго нараджэньня.

На
На гэтым месцы (і на гэтым падмурку!) стаяла хата, дзе нарадзіўся Пэрэс.

З удзелам дачкі Пэрэса Цвіі Вальдэн і амбасадара Ізраіля Іосіфа Шагала была адкрытая выстава „Шымон Пэрэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе на Прэзыдэнцкую вуліцу ў Ерусаліме”.

Таксама быў усталяваны памятны знак на месцы, дзе стаяў дом сям’і Пэрскіх і дзе нарадзіўся Шымон Пэрэс. Апрача таго адбыўся канцэрт артыстаў зь Беларусі й Ізраіля, экскурсія па габрэйскіх мясьцінах Валожына й цырымонія ўшанаваньня памяці ахвяраў Галякосту ў вёсцы Вішнева. Ад сядзібы Пэрскіх у Вішневе захаваўся калодзеж, зь якога госьці папілі вады. Дарэчы, падчас аднаго зь візытаў у Беларусь ваду зь яго піў і сам Пэрэс, зазначыўшы пасьля гэтага з асалодай па-беларуску: “Смачная”.

З
З гэтага калодзежа штодня піў будучы прэзідэнт Ізраілю.

Некалькі гадоў таму прыезд Пэрэса ў Вішнева ўзгадваў на хвалях нашага радыё старшыня Вішнеўскага сельсавету Віктар Аль.

В. Аль: Як я зрабіўся старшынём, дык Пэрэс прыязджаў ужо тройчы. Мяне ўразіла, як картэж Пэрэса пад’ехаў да вёскі, ён выйшаў з машыны й далей пайшоў ужо пехам. Знайшоў месца, дзе стаяла іхная хата, папіў са сваёй студні, якая захавалася, узяў з сабой жменю роднае зямелькі. Распавядаў мне, што да вайны ў Вішневе адных яўрэяў было дзьве тысячы. Сумаваў, калі я казаў, што зараз у нас усяго 467 жыхароў.

Шымон Пэрэс жыў у Вішневе да 11 гадоў, у 1934 г. разам зь сям’ёю ён эміграваў у Палестыну. Усе ягоныя сваякі, якія засталіся ў Вішневе, загінулі ў часе Другой сусьветнай вайны.

Пасьля развалу СССР Шымон Пэрэс пабываў на радзіме чатыры разы.

Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт