Logo Polskiego Radia
Print

Выдатнаму польскаму піяністу спаўняецца 100 гадоў (фота)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.08.2013 14:40
  • Ян Экер.mp3
Ян Экер – выдатны польскі піяніст, кампазытар, пэдагог і дасьледчык творчасьці Ф. Шапэна.

Сёньня спаўняецца 100 гадоў сусьветна вядомаму польскаму піяністу, кампазытару й пэдагогу прафэсару Яну Экеру.

Несумненным дасягненьнем прафэсара зьяўляецца Нацыянальнае выданьне твораў Фрэдэрыка Шапэна, чым, як галоўны рэдактар, Ян Экер займаецца з 1959 года.

Ян Экер нарадзіўся 29 жніўня 1913 года ў Кракаве, у сям'і з моцнымі музычнымі традыцыямі. Ягоны бацька, Станіслаў быў аўтарам танцавальнай музыкі й вадэвіляў.
Ян і яго сястра Галіна зь дзяцінства вучыліся граць на фартэпіяна ў вядомай піяністкі Вольгі Стальфовай. Пазьней яны часам выступалі разам, выконваючы творы для фартэпіяна ў чатыры рукі.

/

У 1932-1934 гадах Ян Экер вучыўся музыказнаўству ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве, а пазьней у Варшаўскай кансэрваторыі на двух факультэтах – фартэпіяна й кампазіцыя.

У час Другой сусьветнай вайны й нямецкай акупацыі музыка вучыўся граць на арганах у вядомага польскага прафэсара Браніслава Руткоўскага ды ўдзельнічаў у падпольных патрыятычных мерапрыемствах, за што пагражала строгае пакараньне з боку акупантаў, уключна са сьмяротным прысудам.

Падобным чынам, як Вітальд Лютаслаўскі і Анджэй Пануфнік, Экер таксама супрацоўнічаў з падпольным Камітэтам музычнага рэпэртуару й пісаў музыку для партызанаў. Падчас Варшаўскага паўстаньня ён больш за 30 разоў выступіў для паўстанцаў.

Ян Экер зьяўляецца аўтарам шматлікіх кампазыцый, у значнай ступені натхнёных польскай народнай музыкай. Ён стварыў шмат твораў для фартэпіяна, такіх як „Таката”, „Каляровыя мэлёдыі”, „Гуральскі танец”; для аркестра – „Гуральская сюіта; музыку для балета - „Пудзіла”, „Тэмп дня”, і творы для вакала – „Песьні падпольнай барацьбы” іг.д.

/

Ян Экер зьяўляецца экспэртам па творчасьці Фрыдэрыка Шапэна. З 1959 года ён займае пасаду галоўнага рэдактара Нацыянальнага выданьня твораў Фрэдэрыка Шапэна.

Калі ў 2006 годзе ў Варшаве праходзіла прэзэнтацыя рукапіса Мазурка мі мажор, опус № 3, які Інстытуту Фрэдэрыка Шапэна ўдалося купіць на аўкцыёне, прафэсар Экер не хаваў сваіх эмоцый.

Ян Экер: Кожны рукапіс Шапэна, ці гэта будзе ліст, кампазыцыя ці нейкі фрагмэнт кампазыцыі, гэта для нас нацыянальны скарб. Гэта вялікая справа, усьведамленьне, што рука Шапэна да гэтага дакраналася, а ягоны зрок назіраў за тым, што пісала рука. Гэта сымбаль, гэта знак вялікай творчай сілы Шапэна, якая цяпер заваёўвае ўвесь сьвет.

Ян Экер – гэта таксама шматгадовы сябра журы Міжнароднага піяністычнага конкурсу імя Фрыдэрыка Шапэна (з 1949 па 1995 гады). У 1980 годзе пасьля чарговага, X конкурсу, прафэсар распавядаў пра тое, як удзел у гэтым мерапрыемстве аказвае ўплыў на ўдзельнікаў.

Ян Экер: Рэч у тым, каб гэтыя людзі, якія выступілі перад намі й прыклалі столькі намаганьняў, каб апынуцца сярод удзельнікаў конкурсу, маглі далей разьвівацца. Яны былі вымушаныя вывучыць на конкурс некалькі твораў Шапэна. Спадзяюся, што гэта ўзбагаціць іх, як піяністаў, і ў будучыні дазволіць пашырыць свой піяністычны рэпэртуар таксама творамі польскага кампазытара.

Дарэчы, прафэсар Ян Экер сам быў выдатным піяністам. Ён выступаў у большасьці эўрапейскіх краінаў, а таксама ў Паўднёвай Амэрыцы й Японіі.

Бездакорная тэхніка, лёгіка музычнага апавяданьня, выключная экспрэсія – гэта, паводле экспэртаў, асаблівасьці ягонай ігры.

Ян Экер – гэта выдатны пэдагог. У 1953-2000 гадах ён выкладаў ігру на фартэпіяна ў Дзяржаўнай вышэйшай школе музыкі ў Варшаве, а таксама ў Дзяржаўнай вышэйшай школе музыкі ў Кракаве. Ягонымі вучнямі зьяўляюцца такія выдатныя піяністы, як Браніслава Каваля, Пётр Палечны, Аліцыя Палета-Бугай ці Юко Каваі.

/

Прафэсар Экер зьяўляецца ляўрэатам шматлікіх прэмій і ўзнагародаў, у тым ліку ў 2004 годзе атрымаў спэцыяльную ўзнагароду міністра культуры Польшчы, а тры гады таму быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла за выдатныя дасягненьні ў творчасьці й навукова-выдавецкую працу.

У рамках сьвяткаваньня сотай гадавіны з дня нараджэньня прафэсара ў Варшаўскім музэі імя Фрэдэрыка Шапэна прайшоў шасьцігадзінны музычны маратон. У рамках канцэрту больш за дзясяць артыстаў выканалі мазуркі, палянэзы, вальсы й накцюрны Шапэна.

/

Апрача таго, у Музэі імя Фрыдэрыка Шапэна можна паглядзець выставу пад загалоўкам: „Шапэн вельмі блізкі. 100 гадоў прафэсару Яну Экеру”. Выстава прысьвечаная індывідуальнаму падыходу прафэсара да жыцьця й творчасьці Фрыдэрыка Шапэна.

аз

фота: pl.wikipedia.org

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт