Logo Polskiego Radia
Print

23-ці Эканамічны форум у Крыніцы

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 03.09.2013 15:21
  • krynica.mp3
Ва ўрачыстым адкрыцьці форуму ўдзельнічаў прэм’ер-міністар Д.Туск.


У 23-ці раз Эканамічны форум у Крыніцы дае магчымасьць сустрэцца ключавым фігурам са сьвету палітыкі і бізнэсу Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Дэвіз сёлетняга форуму: «Пэрспэктывы новага ладу». Ён закліканы зьвярнуць увагу на эканамічныя, сацыяльныя ды палітычныя пераўтварэньні, якія прынёс усім нам сусьветны эканамічны крызыс.

„Перад Эўропай новы выклік – неабходнасьць усталяваньня новага міжнароднага парадку. Сёньняшні эканамічны крызыс ня першы, які сваім абсягам ахапіў некалькі кантынэнтаў і стварыў пагрозу глябальнай фінансавай стабільнасьці. Сёньня, аднак, недастаткова традыцыйных стабілізацыйных мер з боку міжнародных інстытутаў, якія карыстаюцца ўсеагульным даверам, -- зазначаюць арганізатары форуму ў Крыніцы. -- Мы зьяўляемся сьведкамі фундамэнтальных зьменаў у мысьленьні аб эканамічнай тэорыі, эканоміцы, грамадзтве і функцыянаваньні дэмакратыі.”

У які бок пойдуць гэтыя зьмены?

Глябальна магчымыя два сцэнары далейшых падзей. Або сьвет будзе штораз мацней яднацца эканамічнымі вузамі, будуючы трывалае міжнароднае супрацоўніцтва, або абярэ шлях канкураваньня ў выглядзе валютных войнаў і барацьбы за плыні капіталу. Пакуль што няма ўпэўненасьці, каторы з гэтых сцэнароў больш імаверны, але апошнімі гадамі стала ясна, што многія з ранейшых непадважных прынцыпаў глябальнага ладу прайшлі пераацэнку. Да распрацоўкі новага эканамічна-палітычнага парадку ў сьвеце і заклікае сваіх удзельнікаў 23-ці Міжнародны эканамічны форум у Крыніцы.

У межаx мерапрыемства цягам трох дзён будуць праходзіць як афіцыйныя, гэтак і нефармальныя сустрэчы бізнэсоўцаў, эканамістаў і палітыкаў. Старшыня праграмнай рады Эканамічнага форуму Зыгмунт Бэрдыхоўскі асноўнымі называе дзьве тэмы сёлетняй сустрэчы ў Крыніцы.

Зыгмунт Бэрдыхоўскі: Міжнародная бясьпека і энэргетычны форум. І ў адным, і ў другім выпадку ў нас ёсьць канкрэтныя прапановы цікавых дыскусій, дакладаў, сэмінараў. Я мяркую, што ўсе, xто прыедзе ў Крыніцу, будуць вельмі задаволеныя ўдзелам у гэтых падзеях.


Як зазначае выбітны эканаміст, кандыдат навук Рафал Мруўка, такія сустрэчы, як Эканамічны форум у Крыніцы ствараюць непаўторныя магчымасьці для знаёмстваў, для кантактаў у бізнэсе.

Рафал Мруўка: Такі форум, як у Крыніцы, - гэта выдатнае месца, каб пазнаёміцца зь людзьмі, каб усталяваць дзелавыя кантакты. Яны, безумоўна, не адразу прынясуць нам кантракты і вялікія грошы. Дзякуючы ім мы ведаем, з кім размаўляем, знаем людзей у твар.

Эканамічны форум у Крыніцы адкрыўся сёньня а 14-ай гадзіне. Ва ўрачыстасцях бярэ ўдзел старшыня Рады Міністраў Польшчы Дональд Туск. Заўтра ў Крыніцу прыбудзе таксама былы прэм’ер-міністар, сёньня лідар апазыцыйнай партыі „Права й справядлівасьць” Яраслаў Качыньскі.

Гэта вельмі важная падзея ня толькі для бізнэсоўцаў і палітыкаў. Таксама гарадзкія ўлады Крыніцы бачаць у форуме ўнікальную нагоду для прасоўваньня сваёй курортнай мясьцовасьці, кажа бурганістар Крыніцы Дар’юш Рэсько.

Дар’юш Рэсько: Апошнімі гадамі, між іншым, дзякуючы форуму, у Крыніцы добра разьвіваецца бізнэс-турызм, тут ладзяцца кангрэсы і курсы. Доказам гэтага зьяўляюцца шматлікія інвэстыцыі, гатэлі і канфэрэнц-цэнтры, якія былі пабудаваныя з думкаю менавіта пра такі турызм. Гэта безумоўная і відавочная карысьць, вымерная выгада з таго, што форум адбываецца ў Крыніцы.

У праграме трохдзённага зьезду палітыкаў і эканамістаў прадугледжана больш за 150 сустрэч, дыскусій, плянарных сэсій ды іншых мерапрыемстваў, прысьвечаных, сярод іншага, макраэканамічным пытаньням, міжнароднай палітыцы, энэргетыцы, інавацыям ды ахове здароўя.

эб


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт