Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапарлямэнт зацьвярджае даклад па Беларусі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.09.2013 20:00
  • ЭЗ.mp3
Даклад падрыхтаваў эўрадэпутат ад Летувы Юстас Палецкіс.
foto: ru.delfi.ltfoto: ru.delfi.lt

Сёньня Эўрапарлямэнт зацьвярджае даклад па Беларусі дэпутата ад Летувы Юстаса Палецкіса. Гэта будзе канчатковае зацьвярджэньне справаздачы пра сытуацыю ў Беларусі, якую падрыхтаваў дакладчык. Падрыхтаваны даклад некалькі месяцаў таму выклікаў крытыку, асабліва ў шэрагах беларускай апазыцыі.

Даклад зьмяшчае рэкамэндацыі, якімі Брусэль будзе кіравацца ў адносінах з афіцыйным Менскам.

Першы разгляд дакладу Эўрапарлямэнтам прайшоў у траўні. Тады ж стала вядома, што ў дакумэнце ёсьць зьмест, які выклікаў абурэньне ў прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. А менавіта, Юстас Палецкіс напісаў, што ў 2012 годзе ў Беларусі назіралася паляпшэньне ў галіне дэмакратыі й правоў чалавека. Беларуская апазыцыя ня толькі раскрытыкавала, але й абвергнула некаторыя часткі дакумэнта. Напрыклад, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначыў, што ў дакладзе нічога не гаворыца пра зьніклых у Беларусі людзей. У першай вэрсіі дакумэнту гаварылася таксама, што ў краіне назіраецца эканамічная лібэралізацыя. Апазыцыя ж сьцьвярджала, што ў Беларусі не лібэралізацыя, а “прыхватызацыя”.

Тады, у траўні, мы зьвязаліся зь Юстасам Палецкісам і паразмаўлялі на тэму дакладу й сытуацыі ў Беларусі. Паводле яго, у першай палове бягучага года з боку Менску назіраліся пэўныя крокі, якія маглі б сьведчыць пра спробу нармалізацыі адносін з Брусэлем. Паводле эўрапейскага палітыка, для нармалізацыі адносін паміж Брусэлем і Менскам існуе пэўны шанец, хоць ёсьць адна з важнейшых умоваў: гэта вызваленьне й поўная рэабілітацыя палітычных вязьняў.

Эўрадэпутат таксама сказаў, што для трох краін Эўразьвязу – Латвіі, Летувы й Польшчы – беларуская праблема асабліва адчувальная, і што гэтыя дзяржавы найхутчэй адчуваюць усе зьмены ў горшы альбо лепшы бок у параўнаньні зь іншымі краінамі ЭЗ.

У першай палове ліпеня камітэт па замежных справах Эўрапарлямэнта прыняў даклад у другім чытаньні. Перад галасаваньнем у дакумэнт было ўнесена каля 300 паправак. І вось, сёньня эўрадэпутаты разглядаюць апошнюю й канчатковую вэрсію дакумэнта.

вс

выказваньні Ю.Палецкіса ў далучаным гукавым файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт