Тэатар Лукашэнкі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
08.10.2013 14:06
Польская штодзёнка “Rzeczpospolita” піша пра новую кнігу “Сыстэма Беларусь”, якая трапіла на польскі рынак.
Сярод усіх эўрапейскіх посткамуністычных краін толькі ў Беларусі ўлада не зьмянялася.
За апошнія 20 гадоў у Польшчы было 4 прэзыдэнты, у Расеі – тры, ва Ўкраіне – 4, а ў Летуве – 5. Толькі Беларусь мае аднаго нязьменнага кіраўніка – Аляксандра Лукашэнку. Ён трымае ўладу ўжо 19 гадоў і можа сьмела паўтарыць вядомыя словы французскага караля Людовіка XIV “Дзяржава – гэта я”.
Калі ў 1994-м годзе Лукашэнка, тагачасны дырэктар саўгасу, пачынаў сваю вялікую палітычную кар’еру, ніхто нават не ўяўляў, што ён абсалютна здамінуе дзяржаўную сфэру ў Беларусі. Сёньня ж ягоныя партрэты вісяць у кожнай дзяржаўнай установе. Беларуская тэлевізія ўсе свае матэрыялы прысьвячае яму.
У гэты ж час у суседняе Польшчы шырыцца перакананьне, што дыктатура – гэта занікаючая зьява. Для палякаў дыктатура – гэта Сталін, Гітлер, камуністычныя польскія ўлады. Аднак дастаткова праехаць 200 км на Ўсход ад Варшавы, каб сутыкнуцца з зусім іншым вымярэньнем. Гэта краіна, дзе выбары фальсыфікуюцца, дзе зьнішчаюць незалежныя СМІ, а лідэраў апазыцыі кідаюць у турмы. Так можна трапіць у месца, дзе дыктатура ёсьць сучаснасьцю. Пра гэта можна прачытаць у кніжцы Андрэя Пачобута, журналіста ды дзеяча польскай меншасьці ў Беларусі.
Кніга Пачобута нагадвае фільм “Slumdog”. Аўтар піша, што ў 1994-м годзе Аляксандар Лукашэнка паставіў усё на адну карту і выйграў не мільён, а цэлую краіну ў цэнтры Эўропы. Цяпер увесь сьвет зьвязвае Беларусь з імём аднаго чалавека, які грае галоўную ролю ў створаным ім самім жа тэатры.
юл