Logo Polskiego Radia
Print

Пачобут напісаў палітычны трылер пра сучасную Беларусь

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.10.2013 18:48
  • Пачобут напісаў палітычны трылер пра сучасную Беларусь.mp3
“Сыстэма Беларусь” была з захапленьнем успрынятая польскімі крытыкамі. З аўтарам размаўляе Аляксандар Папко.

“Сыстэма Беларусь” – так называецца кніга Анджэя Пачобута, якая нядаўна выйшла на польскай мове ў выдавецтве HELION. Вядомы журналіст тлумачыць у ёй, як стваралася палітычная й эканамічная мадэль лукашэнкаўскай Беларусі, на чым яна трымаецца і як у ёй жывуць звычайныя людзі. “Кніга чытаецца як захапляльны палітычны трылер – кажуць вядомыя польскія рэцэнзэнты. – Шкада толькі, што падзеі, апісаныя ў ёй – рэальныя”. З аўтарам кнігі Анджэем Пачобутам размаўляе Аляксандар Папко.

Спадар Анджэй, раскажыце, калі ласка, як зьявілася ідэя стварыць гэтую кнігу.

/

А. Пачобут: Да мяне зьвярнулася польскае выдавецтва HELION з прапановай напісаць кнігу пра Беларусь для польскай аўдыторыі. Я ўжо шмат гадоў пішу для польскіх чытачоў пра падзеі ў Беларусі, і ўжо ведаю пытаньні, якія часьцей за ўсё зьяўляюцца ў людзей. Яны ведаюць, што ў Беларусі ёсьць Лукашэнка і адбываюцца рэпрэсіі, але ня ведаюць як гэта адбываецца й чаму. Каб даць адказы на гэтыя пытаньні, трэба больш месца, чым ёсьць у звычайным газэтным артыкуле. Менавіта ў гэтай кнізе я зьмясьціў разгорнутыя адказы на гэтыя пытаньні.

Менавіта таму, мабыць, вы так расплянавалі зьмест гэтай кнігі: спачатку расказалі, як лукашэнкаўская сыстэма была створаная, затым растлумачылі, ня чым яна трымаецца, а ў канцы апісалі партрэты людзей, якія ў гэтай сыстэме жывуць. А ці можа Вашая кніга пераадолець нэгатыўныя стэрэатыпы наконт беларусаў, што маўляў гэта забітая сялянская нацыя, і Лукашэнка імі кіруе таму, што дыктатура ім падабаецца?

А. Пачобут: У гэтай кніжцы паказаная дастаткова трагічная гісторыя беларусаў. Гэта не гісторыя баязьліўцаў ці няўмекаў. Пачынаючы з 1999 году, калі ў Беларусі адбыліся палітычныя забойствы, падзеі ў краіне разварочваліся трагічна. І я гэта таксама падкрэсьліваю. Мне падаецца, што ў польскім грамадзтве існуе спачуваньне да Беларусі й беларусаў. Іначай польская дзяржава праводзіла б зусім іншую палітыку ў стасунку да Беларусі. Тое, што Польшча столькі гадоў падтрымлівае грамадзянскую супольнасьць у Беларусі – гэта вынік гэтага спачуваньня й разуменьня, што такое аўтарытарны рэжым.

А ў чыі прычына таго, што гэтая сыстэма трымаецца столькі гадоў? Калі яна зьменіцца?

А. Пачобут: Адказаць на пытаньне “Калі яна зьменіцца?” вельмі складана. На мой погляд, адной з прычынаў трываласьці гэтай сыстэмы зьяўляецца талент Лукашэнкі. Ён вельмі спраўны й рашучы палітык-папуліст. Другая прычына – у тым, што беларускае грамадзтва ня верыць, што нешта можна зьмяніць. Найбольш трагічны фэномэн сучаснай Беларусі – усеагульная млявасьць. Валянцін Акудовіч трапна сказаў, што беларусы – гэта нацыя партызанаў. Яны хаваюцца, стараючыся перачакаць, пакуль нехта іншы прыйдзе й зробіць ім лепш.

Беларускаму грамадзтву не хапае яскравых перамогаў. Беларусы шмат ахвяравалі дзеля перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, але гэта была перамога вялікага Савецкага Саюзу. Пад Грунвальдам беларусы таксама перамаглі, але яны змагаліся побач зь іншымі народамі. Нам не хапае ўласна беларускай перамогі. І перамога над лукашызмам можа стаць такой перамогай, якая абудзіць нацыянальную самасьвядомасьць, гонар і аб’яднае людзей.

А якія прычыны, на Вашую думку, прывядуць да краху гэтай сыстэмы?

А. Пачобут: Гэта эканамічныя прычыны. Калі б рэжым Лукашэнкі мог задаволіць эканамічныя патрэбы людзей, ён меў бы будучыню. А што казаць, калі ежа ў Польшчы значна таньнейшая за ежу ў Беларусі – пры гэтым трэба памятаць, наколькі ніжэй у нас каштуе паліва й праца! Гэта яскравы доказ таго, што гэта неэфэктыўны рэжым. Раней ці пазьней ён скончыцца.

Распавядзіце самую цікавую, сымбалічную гісторыю з жыцьця людзей, якую вы апісалі ў кнізе.

А. Пачобут: Гэтых гісторыяў вельмі шмат. Мне падабаецца тая, якая апісвае, з чаго пачалася вайна Лукашэнкі са СМІ. У 1994 годзе, калі ён стаў прэзыдэнтам, аказалася, што ў яго ёсьць хатняя жывёла – карова Мілка. Лукашэнка забараніў рабіць здымкі каровы. Жывёлу ад журналістаў ахоўвала КДБ. У Польшчы нельга ўявіць, каб жывёліну прэзыдэнта ад фотакамэраў ахоўвалі спэцслужбы. А беларускае грамадзтва гэта праглынула, і махавік пайшоў далей. Гісторыі-ілюстрацыі часам сьмешныя, часам сумныя. Аднак калі прачытаць да канца трэці разьдзел кнігі, дзе апісанае жыцьцё грамадзтва, то ахоплівае сум. Людзі маюць патэнцыял, але гэты патэнцыял не рэалізуецца.

“Вера ў тое, што моцная ўлада зможа вырашыць усе праблемы, разьяднанасьць грамадзтва, перакананьне ў тым, што чалавек бясьсільны ў супрацьстаяньні з магутнай дзяржаўнай машынай – такія настроі й сёньня адчуваюцца ў беларускім грамадзтве, – канстатуе Анджэй Пачобут. Толькі адзінкі адважваюцца адкрыта супрацьстаяць рэжыму, большасьць прыстасоўваецца альбо эмігруе. У выніку рэжым, нягледзячы на эканамічныя праблемы, надалей стаіць”. Аднак канец лукашэнкаўскай сыстэмы непазьбежны. І Анджэй Пачобут спадзяецца, што яму яшчэ выпадзе шанец яго апісаць.

Размаўляў Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт