Палякі разьвіталіся з Тадэвушам Мазавецкім. 3-га лістапада адбылося пахаваньне першага некамуністычнага прэм’ер-міністра дзяржавы, які памёр у панядзелак ва ўзросьце 86 гадоў. Нядзеля па рашэньні прэзыдэнта Браніслава Камароўскага ў Польшчы аб’яўлена днём жалобы ў сувязі з пахаваньнем вялікага дзяржаўнага дзеяча.
Польскі ўрад хвілінай маўчаньня памінуў памяць Тадэвуша Мазавецкага. Яго заслугі згадвалі таксама дэпутаты Сэйму й Сэнату. У Варшаве й Кракаве можна было ўпісвацца ў памятныя кнігі. У знак жалобы былі апушчаны сьцягі на будынках ураду й на палацы прэзыдэнта.
Падчас сваёй прамовы прэм’ер-міністар Дональд Туск згадаў словы Тадэвуша Мазавецкага: “Мы жадаем жыць у сувэрэннай, дэмакратычнай прававой дзяржаве, якую ўсе без выключэньня маглі б лічыць уласнай дзяржавай.”
Д. Туск: Гэтыя словы й уся спадчына Тадэвуша Мазавецкага хай будуць натхненьнем для нас усіх, таксама на наступныя гады нашай працы. Мы разьвітваемся зь вялікім палякам, нашым прэм’ер-міністрам.
Сэнат прыняў адмысловую ўхвалу ў памяць першага прэм’ера свабоднай Польшчы. Тэкст прадставіла віцэ-старшыня Марыя Паньчык-Позьдзей.
М. Паньчык-Позьдзей: Мы ўдзячныя за шматгадовую дзейнасьць – публіцыстычную, парлямэнцкую й апазыцыйную Тадэвуша Мазавецкага. За яго жалезную пасьлядоўнасьць у якасьці ахоўніка каталіцкіх каштоўнасьцяў у часы Польскай Народнай Рэспублікі. За інтэлектуальнае натхненьне.
У аўторак адбылася сустрэча былых калегаў па апазыцыі Мазавецкага, яго знаёмых, сяброў, а таксама маладых людзей, якія ўжо не памятаюць камуністычнага ладу, а свабодная дзяржава, за якую змагаўся былы прэм’ер, для іх зьяўляецца чымсьці натуральным. Успаміны прайшлі на пляцу Канстытуцыі ў Варшаве, дзе кожны год Мазавецкі праводзіў сустрэчы 4 чэрвеня, у дзень першых часткова свабодных выбараў. Удзельнікі адзначалі, што Тадэвуш Мазавецкі быў выключным чалавекам.
Моладзь: Перш за ўсё мудрасьць і разважлівасьць пэм’ера, які ня быў палітычным авантурыстам, а вельмі разважлівым і пасьлядоўным дзяржаўным дзеячам. Нам, маладым, часта гэтага не хапае.
Я нарадзіўся ў свабоднай незалежнай дзяржаве, за якую змагаліся вялікія лягенды. Гэтыя людзі нас паступова пакідаюць, мы пра іх чытаем у падручніках. Але спадзяюся, што мы ніколі пра іх не забудзем.
Усе жадаючыя могуць упісаць свае ўспаміны пра Тадэвуша Мазавецкага ў адмысловай памятнай кнізе ў будынку гарадзкіх уладаў (ваяводзкага ведамства) ў Кракаве.
Жанчына: Быў вельмі добрым патрыётам, палякам, вельмі разумным, разважлівым чалавекам. Ён паважаў іншых і паважаў сам сябе дзякуючы сваёй сумленнай працы. І так я яго запомню.
У памятнай кнізе свае ўспаміны пакінуў таксама прэзыдэнт Кракава Яцэк Майхроўскі.
Я. Майхроўскі: Польшча страціла адзін зь нешматлікіх аўтарытэтаў. Вялікага палітыка, вялікага дзяржаўнага дзеяча, асобу, дзякуючы якой пра Польшчу ведалі на сьвеце. Ён быў адным з аўтараў вялікіх палітычных пераменаў у Эўропе. І я таксама напісаў, што Кракаў страціў свайго сябра.
На ўсім сьвеце ведаюць здымак Тадэвуша Мазавецкага з паднятай рукой у жэсьце вікторыі – перамогі. Яго атаесамліваюць зь вялікімі пераменамі ня толькі ў Польшчы, але таксама ва ўсёй Цэнтральна-Усходняй Эўропе. Ён згадзіўся ўвесьці шокавую тэрапію, якая лічцца вельмі ўдачным крокам. Але найбольшай пашанай ён карыстаецца, бадай, на Балканах, дзе ў часы вайны быў назіральнікам ААН. Тры гады ён езьдзіў туды, дзе ішлі баі й апісваў злачынствы розных бакоў. У 1995 годзе адмовіўся ад сваёй функцыі ў знак пратэсту супраць пасіўнай пазыцыі міжнароднай супольнасьці адносна злачынстваў у Срэбрэніцы, дзе сэрбы забілі каля 8 тыс. басьнійскіх мусульман.
Т. Мазавецкі: Сваёй адстаўкай я паказваю, што прыстойнасьць павінна стаяць над пакручастай дыпляматыяй, якой словы пра абарону правоў чалавека перастаюць мець якую-небудзь каштоўнасьць.
Дзякуючы рашэньню Мазавецкага сьвет зьвярнуў увагу на Срэбрэніцу й на злачынствы, якія там адбываліся.
У Польшчы высока цэняць былога прэм’ер-міністра. Праўда, па-рознаму ацэньваецца ягоная палітычная дзейнасьць, некаторыя мяркуюць, што памылкай было рашэньне пра адзьдзяленьне мінулага тоўстай лініяй, у выніку чаго ня ўсе камуністычныя дзеячы былі пакараныя, аднак усе кажуць пра яго крыштальную сумленнасьць і прыстойнасьць. Але ня ўсе ведаюць, што Тадэвуш Мазавецкі сам выхаваў траіх сыноў. Ягоная жонка памерла, калі малодшаму было ўсяго тры гады. Бацьку не было лёгка, ён вельмі перажываў за дзяцей, калі за сваю апазыцыйную дзейнасьць быў затрыманы, а малодшаму тады было толькі 13. Але гэты свой жыцьцёвы іспыт Тадэвуш Мазавецкі здаў бліскуча.
нг