Logo Polskiego Radia
Print

ЦРУ падставіла Польшчу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 26.01.2014 09:30
  • ЦРУ падставіла Польшчу.mp3
Супрацоўніцтва са спэцслужбамі для прыватнай асобы часта завяршаецца трагічна.
(fot. sxc.hu)(fot. sxc.hu)

/

Ня менш скандальным можа быць супраца дзяржаваў са спэцслужбамі. У гэтым усё больш пераконваецца Польшча. Амэрыканцы ў чарговы раз выклікалі скандал інфармацыяй пра сакрэтную турму ЦРУ ў Польшчы.

Крыніцай скандалу ў чарговы раз становіцца ўплывовая амэрыканская газэта "Washington Post". У лістападзе 2005-га году выданьне ўпершыню напісала пра праграму сакрэтных турмаў амэрыканскай выведкі. Адным зь месцаў дысьлякацыі такой турмы тады называлася Польшча. Польскі ўрад пачаў у 2008-м годзе сьледзтва ў гэтай справе, якаое дагэтуль не завершанае. Тры асобы, падазраваныя ў тэрарызьме, якія перакананыя, што іх утрымлівалі ў вязьніцы ў Польшчы, падалі скрагі ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, абвінаваціўшы Варшаву ў катаваньні. Рашэньня суду пакуль няма, новую інфармацыю ў гэтай справе зноў выдала амэрыканская газэта.

Штодзёнка "Washington Post" напісала днямі, што ЦРУ заплаціла польскім уладам за турму 15 мільёнаў даляраў. Пасьля гэтага польскі бок падпісаў з амэрыканцамі пагадненьне, згодна зь якім ЦРУ арганізавала ў вёсцы Старэ Кейкуты сакрэтную турму для падазраваных у тэрарызьме. Амэрыканская спэцслужба перастала карыстацца гэтым месцам у 2003-м годзе. Аднак сёньня справа зноў набірае абароты. У Польшчы выбухнуў чарговы палітычны скандал.

Прадстаўнікі апазыцыйных левых сілаў ды праваабаронцы абвінавачваюць кіраўніка тагачаснага ўраду Лешэка Мілера ў хлусьні й дамагаюцца раскрыцьця праўды. Пра гэтая заявіў прэсавы сакратар дэпутацкай фракцыі “Твой рух” Анджэй Разэнэк.

Анджэй Разэнэк: Я лічу, што гэта праўдзівае паведамленьне, за ім стаіць сур’ёзнае выданьне. У зьвязку з гэтым, трэба сказаць, што былы прэм’ер Лешэк Мілер маніў, кажучы, што ў Польшчы няма сакрэтных цэнтраў ЦРУ. Па-другое, Лешэк Мілер паставіў Польшчу пад пагрозу тэрарыстычнай атакі. Цяпер мы ведаем, у колькі ацаніў гэты палітык бясьпеку Польшчы й правы чалавека – 15 мільёнаў даляраў. Амэрыканцы рабілі на нашай тэрыторыі тое, што ім забаронена рабіць у сябе. Пры гэтым наш закон таксама забараняе катаваць людзей.

Прадстаўнікі ўраду занялі больш стрыманую пазыцыю. Так, кіраўнік парлямэнцкай фракцыі кіроўнай партыі Грамадзянская плятформа Рафал Групіньскі зазначыў, што гэта клопат былога прэм’ера й былога прэзыдэнта, а не цяперашняга ўраду, тым больш, што ў справе вядзецца сьледзтва.

Рафал Групінські: Ведаючы рэпутацыю амэрыканскай газэты, гэта не пустая сэнсацыя. Відаць, газэта мае нейкія сур’ёзныя факты, таму гэта сур’ёзны клопат. Трэба зазначыць, што па гэтай справе ідзе сьледзтва. Таму ўсё ў руках сьледчых. Ім цяпер давядзецца заняцца пытаньнямі, якія былі ўзьнятыя ў гэтым артыкуле.

Польскі міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў, што ня бачыць падставаў, каб камэнтаваць спэкуляцыі СМІ.

Радаслаў Сікорскі: Я ня буду камэнтаваць спэкуляцый прэсы адносна ўраду Саюзу левых дэмакратычных сілаў, таму што па гэтай справе вядзецца сьледзтва, дарэчы, толькі ў нас, у пракуратуры. Гэтыя пытаньні трэба кіраваць да былога прэм’ер-міністра.

У сваю чаргу кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі генэрал Станіслаў Козей кажа, што трэба пачакаць афіцыйнай заявы з Вашынгтону. Амэрыканскія ўлады дагэтуль не пацьвердзілі паведамленьняў прэсы.

Станіслаў Козей: Супраца спэцыяльных службаў – гэта штодзённасьць. Спэцслужбы супрацоўнічаюць цяпер між сабой, асабліва ў такой важнай справе, як барацьба з тэрарызмам. Таму няма ніякай сэнсацыі ў тым, што польскія спэцслужбы супрацоўнічалі, супрацоўнічаюць ды будуць супрацоўнічаць з амэрыканскімі службамі. ЗША – наш важны саюзьнік. Ад заяваў трэба ўстрымацца, пакуль пракуратура ня скончыць сьледзтва.

У сваю чаргу экспэрты перакананыя, што інфармацыя амэрыканскага выданьня не галаслоўная, але рэакцыя на яе ў часткі палітыкаў перабольшаная. Сакрэтныя турмы ЦРУ – гэта “дзіця” 11-га верасьня 2001-га году, калі ўрады заходніх краінаў сутыкнуліся з новай пагрозай – міжнародным тэрарызмам. Гаворыць дарадца Эўрапарлямэнту па міжнародных справах Багуслаў Рагальскі.

Багуслаў Рагальскі: Гэта была надзвычайная сытуацыя, да якой ніводная дзяржава не была падрыхтаваная з фармальнага й юрыдычнага боку. Гэта ж датычыць супрацоўніцтва паміж выведкамі ЗША й эўрапейскіх краін. Трэба глядзець на сытуацыю з гэтага пункту гледжаньня. Мэтаю нашых урадаў, урадаў эўрапейскіх краін, як і ўраду ЗША, была бясьпека нашых грамадзян і абарона нашых краін ад магчымых тэрарыстычных нападаў. Таму ня трэба сьпяшацца з агучваньнем фактаў у гэтай справе, бо гэта можа пашкодзіць, можа стварыць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Польшчы.

У Польшчы гучаць галасы, што ў такіх далікатных справах нельга выяўляць усяго. Варшава мае прэтэнзіі да амэрыканцаў, што яны гэтага не дапільнавалі й падставілі сваіх хаўрусьнікаў пад удар.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт