Logo Polskiego Radia
Print

Мастакоў заклікаюць далучыцца да стварэньня помніка Манюшку

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 07.02.2014 12:15
Да 200-годзьдзя з дня нараджэньня славутага кампызатыра ў Менску зьявіцца яго помнік.

Ініцыятыву грамадзкасьці падтрымаў Менгарвыканкам. Помнік аўтару славутай опэры “Ідылія” ўсталююць да 2019 году на Плошчы Свабоды ў самым сэрцы беларускай сталіцы.

Паводле аднаго зь ініцыятараў усталяваньня помніка Манюшку Дзяніса Салаша, які летась разам зь гісторыкам Алесем Белым пачаў збор подпісаў за помнік, рашэньне менскіх уладаў канчатковае. Наступным крокам мае быць узгадненьне праекту. Пакуль нявырашана, ці на Плошчы Свабоды паўстане асобны помнік кампазытару, ці гэта будзе спалучаны помнік разам зь Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.

Д. Салаш: Па гэтым пытаньні быў сабраны мастацкі савет. Было некалькі заўваг, што, магчыма варта, каб Станіслаў Манюшка адзін асобна стаяў, каб помнік выразна датычыў яго асобы. Ідэя з Дуніным-Марцінкевічам таксама выдатная, але, бадай, лепш, каб гэта былі два асобныя помнікі.

Помнік разьмесьціцца ў сквэры паміж Ратушай і гасьцініцай “Эўропа”, тварам да гатэлю, там дзе й плянавалі Белы з Салашам.

Збор подпісаў за ўсталяваньне ў Менску помніка Манюшку пачаўся паўгода таму. Пад інтэрнэт-пэтыцыяй паставілі свае подпісы больш за 4 тысячы чалавек. Акрамя гэтага, ідэю падтрымала больш за сотню вядомых дзеячаў навукі, культуры, бізнэсу. Менавіта гэта, на думку сп. Салаша, найбольш паўплывала на рашэньне Менгарвыканкама.

Д. Салаш: Паўплывалі імёны. Гэта сотня самых вядомых людзей у краіне.
Кнігіня Аліна Радзівіл, музыказнаўца Віктар Скарабагатаў, уладальнік партала tut.by Юры Зісер. Аўтарытэт падпісантаў вельмі важны.

Да хуткага й пазытыўнага адказу ўлады, на думку Салаша, схіліла й неканфліктнасьць асобы, якой усталёўваецца помнік.

Д. Салаш: Падобна на тое, што мы трапілі “ў дзясятку”. Гэта музыкант, сусьветнавядомая асоба. Гэты прэстыж для дзяржавы й таго ўраду, які прымае рашэньне пра такі помнік.

На паседжаньні мастацкага савету быў разгледжаны й першы эскізны праект. Гэта праца мастакоў, бацькі й сына, Гумілеўскіх. Гэта ім належыць ідэя з падвойным помнікам Манюшку й Дуніну-Марцінкевічу. Але, як выявілася, гэтая ідэя выклікала незадаволенасьць менскіх гісторыкаў. Манюшка й Дунін-Марцінкевіч, нягледзячы на тое, што працавалі разам, але прыватна ненавідзілі адзін аднаго. Да таго ж, праект прадуглежвае, што яны сядзяць абодва на лавачцы. Аднак у Менску ў сярэдзіне ХІХ ст. не было лавак.

Ініцыятары ўсталяваньня помніка лічаць, што без грамадзкага абмеркаваньня й конкурсу на лепшы эскіз не абыйсьціся. Яны заклікаюць нацыянальных скульптараў праявіць ініцыятыву й далучыцца да стварэньня помніка Станіславу Манюшку ў Менску.

Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт