З заходніх санкцый Масква кпіць. Аднак невядома, хто будзе сьмяяцца апошнім. Маскве пагражае міжнародная ізаляцыя.
Крэмль лічыць сябе пераможцам Крымскага крызысу. Паўвыспа экспрэс-тэмпам далучана да Расеі, кіеўскі Майдан ды Захад прыніжаны, папулярнасьць крамлёўскага гаспадара ў расейскім грамадзтве падскочыла ў некалькі разоў. Эўрапейскія санкцыі ў Маскве выклікалі толькі сьмех.
Сапраўды Эўразьвяз у адказ на анэксію Крыму абмежаваўся пакуль візавымі ды фінансавымі санкцыямі супраць некаторых расейскіх палітыкаў ды буйных бізнэсоўцаў. Аднак на гэтым Захад не паўстрымаецца. Эўрапейскія краіны пачалі пераглядаць свае адносіны з Расеяй ды гатовыя да сур’ёзнай дапамогі Ўкраіне. Паказальна, што гэтую пазыцыю агучыў да нядаўняга часу эўраскептычны брытанскі прэм’ер Дэйвід Кэмэран.
Дэйвід Кэмэран: Нядаўна адбыўся фальшывы ды нелегальны рэфэфрэндум пад дуламі калашнікава. Расея зьдзейсьніла анэксію Крыму. Гэта паводзіны родам зь мінулага стагодзьдзя. Захад мусіць даць салідарны адказ, нельга гэта ігнараваць. Найлепшым адказам Расеі будзе сіла і посьпех незалежнай Украіны.
У якасьці першага кроку падтрымкі ЭЗ падпісаў палітычны блёк дамовы аб асацыяцыі з Украінай. Што тычыцца Расеі, то ў эўрапейскіх сталіцах, дзе доўгія гады панавалі пра-расейскія настроі, пачаліся зьмены ў стаўленьні. Эўрапейскія лідары скарачаюць кантакты з Масквой. Прыпынена сяброўства Расеі ў групе G8, адменены саміт групы, плянаваны ў Сочы. Адменены заплянанваны на чэрвень саміт ЭЗ-Расея. Што важна, з гэтай ініцыятывай выступіла найбольш пра-расейская Францыя. Гаворыць прэзыдэнт гэтай краіны Франсуа Алянд.
Франсуа Алянд: Прынята рашэньне пра спыненьне двухбаковых самітаў і сустрэч з Расеяй. Францыя адмяніла візыт у Маскву міністра замежных спраў ды міністра абароны, які плянаваўся на аўторак. Я ануляваў іх візыт.
На гэтым Парыж не спыніўся. Францускі прэзыдэнт спыніў вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй ды выслаў свае самалёты да патруляваньня ўсходніх межаў ЭЗ. Францускіх палітыкаў не стрымаў нават факт значных фінансавых стратаў, з Парыжу перадае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Бжэзіньскі.
Марэк Бжэзіньскі: Да апошняга моманту ў Парыжы не было згоды наконт спыненьня вайсковай супрацы з Расеяй. МЗС казаў пра гэта ўжо некалькі дзён, супраць выступала міністэрства абароны. Прычыны – страты для бюджэту з-за спыненьня кантракту, вартага мільярд эўра. 1000 работнікаў верфі згубілі б працу на мінімум 4 гады. Прэзыдэнт Алянд прыняў канчатковае рашэньне спыніць супрацу. Францыя адмовілася будаваць для расейскага флёту сучасныя караблі, у тым ліку вэрталётаносцы, замарожвае кантакты паміж генэральнымі штабамі дзьвюх дзяржаў і ўводзіць эмбарга на пастаўкі вайсковага абсталяваньня ў Расею.
Вайсковую супрацу з Расеяй спыніў таксама Бэрлін, заблякаваўшы кантракт на пастаўкі нямецкай зброі ў гэтую краіну. Зь нямецкай сталіцы перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Шыманьскі.
Войцех Шыманьскі: Нямецка-расейская вайсковая супраца разьвівалася цягам доўгіх гадоў. Немцы спынілі яе, пакуль што да канца красавіка. На гэты пэрыяд адмяняюцца любыя сумесныя праекты. Пазьней Бэрлін будзе асобна ацэньваць кожны праект супрацы і прымаць рашэньне. У сераду міністэрства эканомікі заблякавала кантракт на 100 мільёнаў эўра на пастаўкі ў Расею сучаснай нямецкай зброі. Ідзецца пра трэнажоры да баявой падрыхтоўкі пяхоты ды танкавых войскаў.
Апроч спыненьня супрацы ў вайсковай сфэры, ЭЗ прыняў рашэньне аб скарачэньні супрацы з Масквой у энэргетычнай сфэры. Брусэль робіць стаўку на зьмяншэньне імпарту энэргасыравіны з Расеі. Гэта стратэгічнае рашэньне, зазначыў старшыня Эўрапейскай рады Герман ван Рампёй.
Герман ван Рампёй: Энэргетычная незалежнасьць ўплывае на цэны энэргіі, канкурэнцыйнасьць нашай прамысловасьці ды нашу замежную палітыку. Без сумневаў, найлепшы інструмэнт, які мы цяпер маем – гэта ёсьць наш адзіны рынак энэргіі. Сёньня мы высылаем сыгнал, што Эўропа прысьпешвае марш па шляху абмежаваньня энэргетычнай залежнасьці, у першую чаргу ад Расеі.
Гэтае рашэньне вітаюць асабліва ў Варшаве. Гаворыць польскі прэм’ер Дональд Туск.
Дональд Туск: Мы пачынаем сур’ёзна працаваць над незалежнасьцю ўсёй Эўропы ад імпартаванага газу. Спадзяюся, што Камісія будзе канкрэтнай і ўжо ў чэрвені мы атрымаем канкрэтныя рэкамэндацыі, што зрабіць, каб Эўропа ўзмацніла сваю перамоўную пазыцыю ў справе закупак газу. Тое, што некалі здавалася марай, сёньня стала абавязкам, накладзеным на Кімісію. Шматабяцальна тое, што мэханізм прыведзены ў дзеяньне.
Такім чынам, сама таго ня хочучы, Расея спрыяе таму, што ЭЗ пераадольвае сваю інстытуцыйную слабасьць і прымае стратэгічныя рашэньні ў сфэры энэргетыкі ды вайсковай супрацы. Больш за тое, ЭЗ гатовы дапамагаць Украіне ў рэформах, лічучы, што посьпех гэтай дзяржавы будзе найлепшым адказам на агрэсію Масквы.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч