Logo Polskiego Radia
Print

Сад праведнікаў у Варшаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.06.2014 14:55
Тут можна знайсьці інфармацыю пра людзей, якія ратавалі жыцьцё і годнасьць іншых.

/

У Варшаве 5 чэрвеня быў адкрыты першы ў Польшчы Сад праведнікаў народаў сьвету (па-польску Ogród Sprawiedliwych). Што гэта за месца, з якой гістарычнай падзеяй або падзеямі яно зьвязана?

Сад праведнікаў адкрыты ў варшаўскім раёне Воля. А ідэя, каб у польскай сталіцы зрабіць такое месца, паявілася яшчэ больш за год таму, 6 сакавіка, калі адзначаўся Эўрапейскі дзень памяці праведнікаў. Гэты дзень зьвязаны з датай сьмерці Мошэ Бейскага, які быў адным з заснавальнікаў Сада праведнікаў у Ерусаліме. Падчас Эўрапейскіх дзён памяці праведнікаў ушаноўваецца памяць усіх, хто ратаваў жыцьцё іншых падчас халакосту, этнічных чыстак, якія здараліся як у ХХ, так і ХХІ стагодзьдзі, а таксама памяць тых людзей, хто змагаўся за годнасьць і свабоду чалавека ў таталітарных рэжымах. Аб тым, як было вырашана ўшанаваць памяць праведнікаў у Варшаве, распавядае Анна Зяркоўска з Дому сустрэч зь гісторыяй.

А. Зяркоўска: 6 сакавіка мінулага году ў Доме сустрэч зь гісторыяй сабраўся ганаровы камітэт Эўрапейскага дня памяці праведнікаў народаў сьвету. Тады было прынятае рашэньне заснаваць у Варшаве такое месца. Некалькі словаў пра гісторыю. Першым садам праведнікаў народаў сьвету зьяўляецца сад у Ерусаліме. Пазьней падобнае месца паявілася ў Мілане ў Італіі. Варшаўскі сад зроблены па ўзору міланскага. Тут ня толькі пасаджаны дрэвы ў гонар праведнікаў, але таксама пастаўлены камяні з інфармацыяй, чаму дадзены чалавек быў уганараваны такім званьнем.

Скажыце, калі ласка, хто атрымаў званьне праведнікаў у першым Польскім садзе?

А. Зяркоўска: Камітэт выбраў 6 чалавек. Сябры камітэту хацелі паказаць розных людзей, а таксама не канцэнтраваць увагі толькі на польскіх праведніках. Таму, сярод праведнікаў, апрача палякаў Марэка Эдэльмана, Яна Карскага, Магдалены Гродзкай-Глушкоўскай, ёсьць таксама прозьвішча забітай расейскай журналісткі Анны Паліткоўскай і Антоніі Лакатэлі, італьянскай місіянеркі, забітай у 1992 годзе ў Руандзе. Яе забілі падчас крывавай разьні ў Руандзе, пасьля таго, як яна пачала інфармаваць сьвет аб тым, што адбываецца ў краіне. Так што польскі Сад праведнікаў згадвае ня толькі польскую гісторыю, але таксама сусьветную.

Для аўтараў гэтай ідэі было важна, што праведнікі самі былі добрымі людзьмі і несьлі дабро іншым. А ці сад мае таксама іншы, акрамя інфармацыйнага, характар. Тут маладыя людзі могуць ня толькі пазнаваць гісторыю, але і вучыцца, рабіць высновы, станавіцца лепшымі?

А. Зяркоўска: Для нас самы важны адукацыйны характар гэтага месца. На гэта перш за ўсё зьвяртаў увагу арганізацыйны камітэт, калі пачалася праца над стварэньнем такога месца памяці. Дарэчы, перад тым, як Сад праведнікаў быў адкрыты, быў праведзены вялікі адукацыйны праект. Маладыя людзі выбіралі асобаў, якіх варта ўганараваць у садзе, зьбіралі інфармацыю пра іх жыцьцё і дзейнасьць. Усе гэтыя матэрыялы можна ўбачыць у віртуальным садзе праведнікаў, які знаходзіцца на сайце італьянскай фундацыі Gariwo, з якой мы супрацоўнічаем. Так што гэта жывое месца – месца сустрэч, адукацыі, дыялёгу.

Пра адкрыты ў Варшаве Сад праведнікаў народаў сьвету распавяла нам Анна Зяркоўска, кіраўнік аддзелу адукацыі Дому сустрэч зь гісторыяй, сакратар Камітэту сада праведнікаў. У садзе, які знаходзіцца ў варшаўскім раёне Воля, можна знайсьці інфармацыю пра людзей, якія ратавалі жыцьцё і годнасьць іншых. Гэта адносіцца ня толькі да часоў Другой сусьветнай вайны, але таксама да нашых часоў, там згадваюцца ня толькі палякі, таксама асобы з іншых краін. Але, паводле ідэі аўтараў сада, у ім будзе ўшаноўвацца памяць галоўным чынам польскіх праведнікаў.

Пераклад Натальлі Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт