Logo Polskiego Radia
Print

Польскі байкот Крамля

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 24.07.2014 14:16
„Пуцін не адпомсьціць Польшчы. Зараз у яго шмат іншых праблемаў”, - лічыць А. Квасьнеўскі.

Не адбудзецца „Польскі Год у Расеі” ды „Год Расеі ў Польшчы”, то бок цыкл прэстыжных культурных мерапрыемстваў у абедзьвюх краінах, які павінен быў пачацца ў студзені 2015 году. Падрыхтоўка да гэтай падзеі праходзіла ўжо даўжэйшы час поўнай хадой, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

Тым ня менш, міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі паведаміў, што ў сувязі з санкцыямі ЭЗ супраць Расеі за парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны буйное культурнае мерапрыемства адкладзена на неакрэсьлены час.

Гэтую пазыцыю пацьвердзіла прэс-сакратар ураду Малгажата Кідава-Блоньска. „Гэта рашэньне Рады міністраў. Сустрэчы мастакоў і публікі павінны аб'ядноўваць, а не падзяляць. Аднак у цяперашняй напружанай атмасфэры ніякіх умоваў дзеля дыялёгу няма”, - сказала прадстаўніца польскага ўраду.

У падрыхтоўку „Польскага году ў Расеі” былі заангажаваныя дзясяткі ўстаноў культуры. Міністэрства культуры й нацыянальнай спадчыны адобрыла 87 розных праектаў.

Рашэньне ўраду крытыкуе Кшыштаф Занусі, польскі рэжысэр, які часта бывае ў Расеі. „Хоць я глыбока не падтрымліваю таго, што Расея зараз робіць ва Ўкраіне, то лічу, што мерапрыемства павінна адбыцца. Можа без афіцыйных міждзяржаўных элемэнтаў, але проста ў характары сустрэчы артыстаў”, - пераконвае рэжысэр.

Іншы пункт гледжаньня прэзэнтуе вядомы ў Расеі польскі актор Даніэль Альбрыхскі. „Яшчэ ў траўні творчыя колы пераконвалі прэм'ер-міністра пачакаць – можа Расея апомніцца. Цяпер нам няма чаго чакаць, між іншым таму, што таксама частка расейскіх артыстаў і значная частка расейскіх грамадзянаў падтрымліваюць дзеяньні Пуціна ва Ўкраіне”, - лічыць Даніэль Альбрыхскі.

У чацьвер у Брусэлі сустракаюцца амбасадары 28 краінаў-сябраў ЭЗ, каб вырашыць, ці ў сувязі са зьбіцьцём малазійскага самалёта над Ўсходняй Украінай варта ўводзіць жорсткія санкцыі ў дачыненьні да Расеі. Усё ж, нават прэм'ер-міністар Нідэрляндаў, грамадзяне якіх складаюць большасьць ахвяраў авіякатастрофы, рэкамэндуе ЭЗ стрыманасьць.

У сваю чаргу, прэм’ер Дэвід Кэмэран, нягледзячы на сьмерць дзесяці брытанцаў, не адмяніў мерапрыемстваў, якія зараз праходзяць у рамках „Году Вялікабрытаніі ў Расеі”. „ Арганізацыя масавых культурных мерапрыемстваў - гэта шанец дастукацца да тых расейцаў, якія думаюць інакш, чым Крэмль”, - тлумачыць Чарльз Таннок, дэпутат Эўрапарлямэнта ад кіруючай Кансэрватыўнай партыі.

Польшча на працягу многіх месяцаў патрабуе больш цьвёрдай рэакцыі ЭЗ на падзеі ва Ўкраіне. Яна ўзяла на сябе такі абавязак, паколькі прыдуманая Радаславам Сікорскім Праграма „Ўсходняе партнэрства” прычынілася да рэвалюцыі ў Кіеве ды справакавала агрэсію Масквы.

Аляксандар Квасьнеўскі, да нядаўняга часу адмысловы пасланец Эўрапарлямэнта ва Ўкраіну, падтрымлівае рашэньне польскага ўрада.

„Як можна ўявіць сабе гэткае мерапрыемства пасьля таго, што здарылася? Спакойна, Пуцін не адпомсьціць Польшчы за гэта. Зараз у яго шмат іншых праблем”, - кажа былы прэзыдэнт у размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт