Logo Polskiego Radia
Print

Украіна адчыніла архівы СБУ

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.08.2014 18:01
  • Украіна адчыніла архівы СБУ.mp3
Дырэктар архіву: Грамадзянін любой дзяржавы можа зьвярнуцца да нас. Нават калі дакумэнта ў нас няма, мы падкажам, дзе ён можа быць.

Украіна адчыніла архіў СБУ – ужо другі раз з часоў атрыманьня незалежнасьці. У часы Януковіча рассакрэчаны пры прэзыдэнце Юшчанку архіў быў зачынены. Доступ грамадзянаў да дакумэнтаў НКВД і КДБ СССР аднавілі толькі пасьля перамогі Майдана. На чале самага вялікага рассакрэчанага архіва савецкіх спэцслужбаў стаў малады дзеяч грамадзкай арганізацыі “Цэнтар дасьледаваньняў вызвольнага руху” Ігар Кулык. Гісторык распавёў, якім чынам таямніцы савецкай рэпрэсіўнай машыны становяцца даступнымі кожнаму грамадзяніну.

Архіў Службы бясьпекі Ўкраіны – гэта насамрэч дакумэнты камуністычных спэцслужбаў: ГПУ, НКВД, КДБ СССР. Як заявіў дырэктар архіву Ігар Кулык, ён існуе не для папераў а для людзей. Мэта архівістаў – адкрыць людзям гісторыю сваёй краіны ды сваёй сям’і.

І. Кулык: Гісторыя насамрэч вельмі важна для сёньняшняга дня. Нашая задача заключаецца ў тым, каб пераадолець наступствы савецкага таталітарызму. Мы даем доступ да дакумэнтаў і зьмяняем сьвядомасьць грамадзянаў. Мы хочам, каб яны разумелі сваю гісторыю, каб яны цікавіліся сваёй гісторыяй. Гэта можа быць як гісторыя сваёй сям’і, так і гісторыя ўсёй дзяржавы.

Кожны чалавек можа зьвярнуцца ў архіў СБУ і атрымаць дакумэнты для навуковага дасьледаваньня, убачыць дасье свайго рэпрэсаванага продка, альбо нават сваё ўласнае дасье, сабранае савецкім КДБ – тлумачыць Ігар Кулык.

І. Кулык: Дакумэнты мы выдаем асобам без грамадзянства, грамадзянам іншых краінаў і, натуральна, грамадзянам Украіны. Для гэтага дастаткова напісаць на электронную скрынку архіву зварот, а ў звароце ўказаць, што вас цікавіць: пошук інфармацыі пра рэпрэсаванага сваяка, навуковыя дасьледаваньні ці іншыя пытаньні. Калі дакумэнты ў нас ёсьць, мы запрашаем у архіў, каб вы маглі з гэтымі дакумэнтамі пазнаёміцца альбо папрацаваць. Калі іх у нас няма, мы адказваем у лісьце, дзе тэарэтычна могуць знаходзіцца дакумэнты дадзенай тэматыкі.

Нядаўна ва Ўкраіне быў створаны Інстытут нацыянальнай памяці. Ўзорам для яго паслужыў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы. Яго задача заключаецца ў пераадоленьні наступстваў таталітарызму і фармаваньні гістарычнай палітыкі. Ігар Кулык распавёў пра напрамкі дзейнасьці новай установы.

І. Кулык: Інстытут нацыянальнай памяці Ўкраіны мае намер стварыць архіў. У ім будуць знаходзіцца дакумэнты савецкіх спецслужбаў з 1917 да 1991 году. Туды будуць перададзеныя дакумэнты, якія сёньня знаходзяцца ў архіве СБУ, у архіве Міністэрства ўнутраных справаў, у архіве службы зьнешняй выведкі. Другі напрамак дзейнасьці Інстытуту нацыянальнай памяці – адукацыйны. Гэта стварэньне выставаў, падручнікаў, дапаможных матэрыялаў для настаўнікаў і вучняў. Трэці напрамак – навуковы. Гэта дапамога навукоўцам у дасьледаваньнях савецкага рэжыму, дапамога ў выданьні кнігаў пра украінскі вызваленчы рух, Украінскую паўстанцкую армію, дысыдэнтаў і “шасьцідзесятнікаў” савецкіх часоў, вывучэньне Першай і Другой сусьветных войнаў на тэрыторыі Ўкраіны, а таксама міжваеннага пэрыяду. Акрамя таго, Інстытут нацыянальнай памяці Ўкраіны зоймецца ўшанаваньнем магілаў герояў, пахаваных як ва Ўкраіне, так і па-за яе межамі.

Архівы спэцслужбаў Беларусі й Расеі да сёньняшняга дня засакрэчаныя. Ці можна знайсьці ў Кіеве дакумэнты, якія беспасьпяхова шукаюць гісторыкі шматлікіх краінаў: напрыклад сьпіс польскіх грамадзянаў, расстраляных у 1940 годзе ў Курапатах, альбо дакумэнты пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі? Верагоднасьць знайсьці ў кіеўскім архіве так званы “Беларускі катынскі сьпіс” вельмі малая – кажа Ігар Кулык.

І. Кулык: Я не прыгадваю, каб у архіве СБУ можна было знайсьці гэтыя дакумэнты. Падчас перабудовы КДБ атрымала два тайныя загады зьнішчыць важныя дакумэнты. Больш за ўсё было зьнішчана дакумэнтаў 60-80 гадоў. Гэта значыць тыя справы, да якіх тагачасныя функцыянэры КДБ мелі датычнасьць, калі яны працавалі на пасадах апэратыўных супрацоўнікаў. Па-другое, шмат дакумэнтаў было вывезена ў Маскву Мікалаем Галушкам, які быў апошнім старшынём КДБ УССР і першым кіраўніком спэцслужбаў Расеі. Па-трэцяе, ёсьць сьведчаньні, што дакумэнты, якія датычыліся камуністычных рэпрэсіяў, зьнішчаліся нават у першыя гады незалежнасьці Ўкраіны.

Ці адчыняць архівы савецкіх спэцслужбаў для ўсіх жадаючых бясьпечна? Ці ёсьць небясьпека таго, што дакумэнты былі спэцслужбамі сфабрыкаваныя? Ці былі прыклады помсты былым даносчыкам? Досьвед паказвае, што ніякай небясьпекі для рэпутацыі невінаватых і жыцьця вінаватых адкрыцьцё савецкіх архіваў не нясе – пераканаўча кажа дырэктар архіву СБУ.

І. Кулык: Досьвед Польшчы, Чэхіі й Нямеччыны паказвае, што сьмяротных выпадкаў ад адкрыцьця архіваў не было. Каб доступ быў пастаянны, патрэбна перавесьці гэтыя дакумэнты ў лічбавы фармат і выкласьці іх у шырокі доступ. Калі дакумэнт існуе ў адзіным экзэмпляры, вельмі лёгка не пусьціць чалавека ў архіў. Можна знайсьці безьліч прычынаў. Але калі дакумэнты будуць пераведзеныя ў электронную форму, то прыпыніць да іх доступ будзе немагчыма. І гэта адзіны спосаб засьцерагчыся ад гістарычнай амнезіі ды забясьпечыць краіне разьвіцьцё ў будучыні.

Размаўляў Аляксандар Папко

На
На сустрэчы з дырэктарам архіву СБУ ў Варшаве


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт