Logo Polskiego Radia
Print

Атамны покер Пуціна

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.09.2014 14:45
Расея перакананая, што NATO не адкажа на ядзерны ўдар па Варшаве, лічыць расейскі палітоляг.

Адзіная рэальная сіла Расеі - гэта 8,5 тысячы ядзерных боегаловак. Пуцін, у адрозьненьне ад заходніх лідараў, ня будзе вагацца, каб іх ужыць, кажа расейскі палітоляг Андрэй Пянткоўскі ў інтэрвію тыднёвіку „Newsweek”.

„Калі Ўладзімір Пуцін паслухае „крамлёўскай партыі вайны” ды вырашыць пра канфрантацыю з NATO, то ягонай мэтай будзе поўная капітуляцыя альянсу, то бок прызнаньне расейскай зоны ўплыву па ўсёй Эўропе. Гаворка ідзе пра самаліквідацыю Паўночнаатлянтычнага пакту й парваньне атлянтычных сувязяў.
Усё ж, Расея ня ў стане дасягнуць гэтага пры дапамозе традыцыйнай зброі”, - лічыць палітоляг.

Ён нагадвае, што расейская ваенная прамысловасьць спынілася на этапе 80-х гадоў XX стагодзьдзя ды „праспала” інфарматычную й тэхнічную рэвалюцыі. Гэта зьвязана з адмоўным станам расейскай экономікі й сур’ёзнай карупцыяй.

Менавіта таму адзінай рэальнай сілай Расеі зьяўляюцца ядзерныя боегалоўкі. Гэты арсэнал таксама старэе й перавага Расеі паступова зьмяншаецца. Аднак яшчэ цяхам бліжэйшага дзесяцігодзьдзя расейцы могуць палохаць сьвет ядзернай зброяй.

„Зразумела, Пуцін – не самагубца. Ён не пачне татальнай атамнай вайны, то бок, вайны з ЗША. Аднак, калі ён загразьне ва Ўкраіне, то можа правакаваць конфлікт з адной з Балтыйскіх краінаў, напрыклад, Латвіяй ці Эстоніяй”,- лічыць Пянткоўскі.

У сытуацыі рашучай рэакцыі NATO, то бок, калі альянс накіруе ў Эстонію свае войскі – Масква можа адказаць тактычнай зброяй.

„Ідэальнай мэтай будзе адзін з гарадоў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, гэта значыць, Варшава альбо Вільня (…) Гэта быў бы падарунак для расейскіх радыкалаў, якія лічаць Польшчу й Балтыйскія краіны здраднікамі”, - кажа Андрэй Пянткоўскі.

Палітоляг нагадвае, што апрача „партыі вайны”, у Крамлі дзейнічае таксама „партыя міру”. Ейнымі прадстаўнікамі зьяўляюцца, перш за ўсё, алігархі, частка дзяржчыноўнікаў і былых функцыянэраў спэцслужбаў, якія зараз кіруюць буйнымі дзяржаўнымі канцэрнамі, як „Газпром” ці „Роснефть”. Партыя міру настойвае, каб Пуцін закончыў вайну ва Ўкраіне й абвясьціў сябе пераможцам.

Тым часам людзі з партыі вайны пераконваюць Пуціна пачаць чацьвёртую сусьветную вайну. „Калі браць пад увагу старую, халоднаваенную тактыку абмену ядзерных удароў паміж Захадам і Расеяй, то пасьля ўдару па Варшаве хоць бы адной атамнай боегалоўкаў, Захад павінен адказаць тым жа самым(…) Тым часам маскоўскія аналітыкі дайшлі да высновы, што Захад не адкажа на магчымую атаку на Варшаву пад уплывам буйнога прэсынгу грамадзтваў заходніх краінаў. Таму лідары, замест адказаць, спрабуюць дамовіцца з Расеяй”, - лічыць расейскі палітоляг.

У ягонай ацэнцы, каб спыніць Пуціна, Захад павінен падрыхтаваць канкрэтную прапанову для „партыі міру” й праводзіць зь ёй перамовы рознымі шляхамі. Па-другое, трэба выцясьніць Расею з Украіны. Па-трэцяе, трэба ўзмоцніць пагрозу атамным адказам Захаду, то бок, пераканаць расейцаў, што памылковым зьяўляецца меркаваньне, што Захад не адкажа на магчымы ўдар па Варшаве ці Вільні, кажа расейскі палітоляг Андрэй Пянткоўскі ў размове з тыднёвікам „Newsweek”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт