Logo Polskiego Radia
Print

Выбары ва Ўкраіне

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.10.2014 15:30
  • Выбары ва Ўкраіне.mp3
У нядзелю ва Ўкраіне адбудуцца датэрміновыя парлямэнцкія выбары.
konflikty.wp.pl

Найбольшыя шанцы на перамогу мае Блёк Пятра Парашэнкі. Пры гэтым экспэрты не выключаюць нечаканасьцей.

Ва Ўкраіне завяршаецца выбарчая кампанія. Галоўнымі тэмамі кампаніі сталі вайна, люстрацыя ды рэформы. Цяперашнія ўрад ды прэзыдэнт у выпадку перамогі на выбарах абяцаюць украінцам сапраўдныя ды хуткія пераўтварэньні. За Блёк Пятра Парашэнкі гатовыя галасаваць 25% украінцаў, за Народны фронт Арсенія Яцанюка - блізу 8%. Гэта дае падставу меркаваць некаторым экспэртам, што пры ўладзе ва Ўкраіне ўтрымаецца цяперашняя кааліцыя. Выбары ж дадуць ім шырокі грамадзкі мандат на правядзеньня рэформ. Гаворыць польскі экспэрт, дарадца прэзыдэнта Польшчы Раман Кузьняр.

Раман Кузьняр: Я спадзяюся, што дзякуючы гэтым выбарам будзе сфармаваны ўрад і парлямэнт з грамадзкім мандатам на рэалізацыю сапраўдных пераўтварэньняў ва Ўкраіне. Мы гэтага чакаем апошнія 20 год. Цяпер, пасьля пераможнай рэавалюцыі на Майдане, надыходзіць час на зьмены.

У самой жа Ўкраіне сытуацыя ўспрымаецца не так адназначна. Пасьля Майдану мінулі 8 месяцаў, і ўлады мала што зрабілі, каб ва Ўкраіне пачаліся сапраўдныя зьмены. У якасьці прыкладу прыводзіцца справа карупцыі. Паводле словаў журналісткі Натальлі Сядлецкай, якая некалькі гадоў займаецца дадзенай тэматыкай, карупцыя квітнее, нягледзячы на надзеі зьмен пасьля рэвалюцыі.

Натальля Седлецка: У часы Януковіча была велізарная карупцыя, якую манапалізавала прэзыдэнцкая сям’я ды знаёмыя. Кожны мусіў зь імі дзяліцца. Цяпер мы маем такую самую карупцыю, толькі без манаполіі.

Прэзыдэнт Парашэнка абяцае, што пасьля выбараў украінцы ўбачаць сапраўдную барацьбу з карупцыяй. Урад ужо стварыў Антыкарупцыйнае бюро. А прэм’ер Яцанюк абяцае, што пасьля выбараў пачнуцца шырокія рэформы ва ўсіх сфэрах жыцьця. Сацыёлягі кажуць, што ўкраінцы спадзяюцца, што карупцыя будзе зьнішчаная. Але новыя ўлады будуць мець нялёгкую задачу, бо на гэтых выбарах значную частку галасоў здабудуць таксама радыкалы й папулісты. Напрыклад, на другую сілу ў парлямэнце прэтэндуе Радыкальная партыя Алега Ляшко, якая мае 9% падтрымкі. У парлямэнт таксама пройдзе “Самаабарона” мэра Львова Андрэя Садовага, у якой шмат незалежных кандыдатаў, былых вайкоўцаў ды грамадзкіх актывістаў. Амаль траціна насельніцтва дагэтуль ня ведае, за каго будзе галасаваць, гаворыць сацыёляг Ірына Бэкешына.

Ірына Бэкешына: Дагэтуль ніколі так не было, каб перад выбарамі была такая вялікая колькасьць нявызначаных грамадзян. Справа ў тым, што ўзьнікла шмат новых палітычных сілаў, якія зьвяртаюцца да таго самага ж электарата. Галасуючы мае сёньня некалькі варыянтаў.

Істотнай праблемай гэтых выбараў могуць быць парушэньні ды нячыстая перадвыбарчая барацьба. Ужо былі заўважаныя выпадкі подкупа выбарцаў. Таксама шматлікія незалежныя кандыдаты падшываюцца пад Блёк Пятра Парашэнкі. За празрыстасьцю выбараў будуць сачыць украінскія ды міжнародныя назіральнікі. Іх чакае цяжкая праца - кажа каардынатарка польскай дэлегацыі назіральнікаў, віцэ¬-старшыня Сэйма Эльжбета Радзішэўска.

Эльжбета Радзішэўска: Мы будзем назіраць, аналізаваць, сачыць за тым, як праходзяць выбары у асобных выбарчых камісіях; як выглядае працэс рэгістрацыі выбарцаў, галасаваньні, колькі людзей прыйшло на выбары, хто назірае за выбарамі. А таксама пытацца ў незалежных назіральнікаў, ці нехта заўвыжыў нейкія парушэньні падчас выбараў.

Апроч празрыстасьці выбараў, пытаньнем цяперашняй кампаніі можа стаць яўка, асабліва на ўсходзе Ўкраіны. Невядома таксама, за каго прагаласуюць жыхары ўсходніх тэрыторыяў. Там цяжка прадказаць вынікі, тым больш, што многія людзі падтрымліваюць ДНР і ЛНР. Такія настроі заўважаюцца на вызваленых ад сэпаратыстаў тэрыторыях, напрыклад, у вядомым Славянску. Перадвыбарчую атмасфэру ў горадзе характарызуюць выказваньні мясцовых жыхароў. Гаворыць кіроўца Андрэй.

Андрэй: Я хадзіў на выбары і галасаваў, але галасаваў за ДНР. Мы ў Славянску думалі, што лепш будзе з Расеяй. Але нам нават не далі паспрабаваць, таксама як цяпер у ДНР і ЛНР - там таксама ніхто не дае, там ідзе вайна. Трэба сказаць, што, калі да нас прыйшлі ўкраінскія войскі, то жыцьцё ў горадзе нармалізавалася.

Па гэтай прычыне, кажуць некаторыя аглядальнікі, нельга выключыць таго, што ў Вярхоўную Раду пройдуць былыя сябры Партыі рэгіёнаў ды камуністы. На іх робіць стаўку зьбеглы прэзыдэнт Януковіч. На днях ён заявіў пра свой намер вярнуцца да ўлады ва Ўкраіне.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт