Logo Polskiego Radia
Print

Кампраметацыя пасьля выбараў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.11.2014 14:50
Усё яшчэ няма афіцыйных вынікаў нядзельнага галасаваньня.

Нядзельныя выбары ў муніцыпальныя ворганы закончыліся ў Польшчы кампраметацыяй Дзяржаўнай выбарчай камісіі. Пасьля галасаваньня было аб’яўлена, што на выбарах перамагла партыя "Права й справядлівасьць", але гэта была толькі інфармацыя з апытаньняў выбаршчыкаў (экзіт-полаў). Афіцыйных вынікаў галасаваньня ўсё яшчэ няма. Палітыкі патрабуюць адставак чальцоў камісіі, але гэта складаны працэс, паколькі згодна прынцыпам дэмакратыі чальцы выбарчай камісіі павінны быць незалежнымі ад дзяржаўнай улады.

Прадстаўнік выбарчай камісіі абяцаў, што афіцыйныя вынікі выбараў стануць вядомыя ў аўторак вечарам. Але і ў сераду раніцай яшчэ не было рэзультатаў галасаваньня. Праблема ў кампутарнай сыстэме, якая не працуе належным чынам. Галасы сыстэма пачала лічыць, але мясцовыя выбарчыя камісіі не былі ў стане падрыхтаваць пратаколы галасаваньня. Некаторыя камісіі, у тым ліку ў Варшаве ды Кракаве, зусім адмовіліся ад кампутарнай сыстэмы й пачалі лічыць галасы ўручную. Але поўныя лічбы стануць вядомыя толькі ў чацьвер. І можа аказацца, што вынікі выбараў крыху іншыя, чым паведамлялася пасьля заканчэньня галасаваньня.

Усе палітыкі скардзяцца на праблемы Дзяржаўнай выбарчай камісіі, але апазыцыя віну ўскладае на кіруючыя партыі й патрабуе паўторнага галасаваньня. Напрыклад, "Права й справядлівасьць" патрабуе яшчэ раз правесьці выбары мэра Быдгашчы. Дэпутат ПіС Томаш Лятос гаворыць, што перад гэтым яны хацелі б паўторнага падліку галасоў.

Т. Лятос: Я лічу, што мы павінны гэта зрабіць для нашых выбаршчыкаў. Назіраецца бардак, хаос, чакаем ужо некалькі дзён афіцыйных вынікаў выбараў. Пры гэтым розьніца ў галасах вельмі малая. На маю думку, трэба яшчэ раз усё палічыць, праверыць, ці ніхто не памыліўся, каб не было сумненьняў.

Ня дзіўна, што паўтарнога галасаваньня патрабуюць тыя, хто праіграў выбары – у прыватнасьці Саюз левых дэмакратычных сілаў.

З гэтым меркаваньнем не згаджаюцца палітыкі кіруючых партый. На думку лідара Польскай сялянскай партыі, якая атрымала нечакана шмат галасоў, гэта кампраметацыя кампутарнай сыстэмы й тых, хто ёй займаецца, а не дэмакратыі. Януш Пехаціньскі заявіў, што ён супраць паўтору выбараў, паколькі праблемы выбарчай камісіі ня мелі ўплыву на вынікі выбараў.

Я. Пехаціньскі: Сапраўды, гэта кампраметацыя інфарматыкаў, якія працавалі над падрыхтоўкай сыстэмы. Але гэта не кампраментацыя дэмакратыі. Я задаю пытаньне тым, хто з такой лёгкасьцю крычыць пра неабходнасьць паўторнага галасаваньня – будзем паўтараць таму, што вы праігралі, таму, што вашы партыі не прайшлі? Нам кажуць, што мы атрымалі добры вынік, бо былі на першым месцы ў сьпісе. Чатыры гады таму СЛДС быў на першым месцы, а мы на чацьвёртым, і 16% выбаршчыкаў нас знайшло.

"Права й справядлівасьць" патрабуе адстаўкі кіраўніцтва Дзяржаўнай выбарчай камісіі. Партыя зьвярнулася з такім заклікам да прэзыдэнта Браніслава Камароўскага. Анджэй Дуда з Піс адзначыў, што Камароўскі мог бы зьвярнуцца да старшынь судоў, каб яны зьнялі з пасадаў чальцоў камісіі, а сам прэзыдэнт прызначыў бы новых.

А. Дуда: Гаворка ідзе пра тое, каб ён прыняў адпаведныя крокі. Гэта ня першая кампраметацыя Дзяржаўнай выбарчай камісіі, але самая вялікая за апошнія гады. І пасьля гэтага трэба зьмяніць склад камісіі, каб яна працавала лепш, каб такая сытуацыя ніколі не паўтарылася. Гэтыя крокі неабходна прадпрыняць, і гэта мог бы зрабіць прэзыдэнт Польшчы.

Але гэта ня так проста. Камароўскі не сьпяшаецца прымаць непрадуманыя рашэньні. Ён дзейнічае разважліва, але вырашыў сустрэцца са старшынямі найважнейшых судоў – Канстытуцыйнага, Вярхоўнага й Адміністрацыйнага, якія выбіраюць сябраў ДВК. Кіраўнік дзяржавы прапануе прыгледзецца да працы выбарчай камісіі, але цяпер заклікае спакойна чакаць, калі мясцовыя камісіі падлічаць усе галасы.

Б. Камароўскі: Спроба зьняць з пасадаў сябраў Дзяржаўнай выбарчай камісіі, калі яшчэ ідуць выбары – другія туры – гэта вар’яцтва. Усё можна палічыць, а пазьней неабходна прадпрыняць адпаведныя палітычныя крокі, каб больш такія праблемы не паўтараліся.

Так што пакуль палякі цярпліва чакаюць вынікаў выбараў. Гэта ня першы раз, калі падводзіць кампутарная сыстэма падліку галасоў. Падобныя праблемы здараліся й раней. Каб такія праблемы былі толькі падчас выбараў...

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт