Logo Polskiego Radia
Print

“Майдан. Рэвалюцыя годнасьці”

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.11.2014 16:43
Лазьніца: Зь гісторыі Ўкраіны вынікае, што кожная спроба вырвацца з-пад чужой дамінацыі заканчваецца кровапраліцьцем.
Фото: Wikimedia Commons

У выданьні Polityka інтэрвію зь Сяргеем Лазьніцам, аўтарам дакумэнтальнага фільму “Майдан. Рэвалюцыя годнасьці”. Ён нарадзіўся ў Беларусі, але вырас і жыў ва Ўкраіне, цяпер пражывае ў Нямеччыне. Але захаваў украінскі пашпарт і лічыць Украіну сваёй айчынай.

Зь гісторыі Ўкраіны вынікае, што кожная спроба вырвацца з-пад чужой дамінацыі заканчваецца кровапраліцьцем, - гаворыць Лазьніца. Пры Януковічу дзяржавай кіравалі крымінальнікі, якія слухаліся ва ўсім Крамля. Людзі абурыліся, калі ўлада адмовілася ад інтэграцыі з ЭЗ, але яны б супакоіліся, калі б не было правакацыі, калі б Беркут не пачаў страляць. Хтосьці хацеў нагнятаць сытуацыю, адзначае аўтар карціны. Тады шмат рэжысэраў прыехала ў Кіеў, каб стаць сьведкамі гістарычных падзей.

Людзі былі гатовыя загінуць за свабоду. Калі б перамог Януковіч, яны б акупавалі Майдан 10-20 гадоў, пакуль рэжым не паддаўся б. Другая рэч, якая мяне захапіла, – кажа Лазьніца – гэта самаарганізацыя. Не было ніякіх інструкцый і лідараў, якія загадвалі, хто што павінен рабіць. У фільме ён пастараўся паказаць, як гэта выглядала. Ён паказвае людзей, іх твары, іх эмоцыі. Сапраўдны герой карціны – украінскі народ, які нарадзіўся ў гэтую зіму і цудоўна згуляў ролю грэцкага хора. Пасьля 1991 году ўкраінцы атрымалі дзяржаву, але ці ядналі іх адзіныя перакананьні? На Майдане яны атрымалі тоеснасьць. Гэта зьвязана з дэмантажом і распадам савецкай імпэрыі, чаго не жадаюць прыняць расейцы, яны, Пуцін, не ўспрымаюць магчымасьці незалежнасьці Ўкраіны. Для іх Украіна – расейская калёнія. У Расеі ёсьць толькі адзінкі, якія любяць свабоду. Мэта асноўнай масы людзей – выжыць кожнаю цаною. Украінцы ня хочуць вайны, гэта Пуцін да яе імкнецца.

У якім напрамку цяпер ідзе Ўкраіна. Я не бачу шанцаў мірнага вырашэньня канфлікту, - кажа Лазьніца. Расейцы рыхтуюцца да вайны. Час пакажа, якая гэта будзе вайна. Правакацыі на Балтыцы невыпадковыя. Але нельга панікаваць. Калі ёсьць інфармацыя, трэба дзейнічаць, каб прадухіліць вайну. Другую сусьветную вайну можна было прадухіліць, калі б адпаведна рана адрэагавалі Францыя і Вялікабрытанія. Сёньня таксама праблема ў тым, што заходнія палітыкі не жадаюць узяць адказнасьць за свае рашэньні і за тое, што адбываецца на ўсходзе Эўропы. У адрозьненьні ад Рэйгана або Тэтчэр, якія цудоўна разумелі небясьпеку. Слабасьць Захаду – гэта сіла Пуціна, - канстатуе Сяргей Лазьніца.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт