Logo Polskiego Radia
Print

Што Кітай дае Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.12.2014 21:03
  • Белград-саміт.mp3
Саміт Кітая і Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ў Белградзе.

У Белградзе сустрэліся кіраўнікі ўрадаў 16-ці эўрапейскіх краін і прэм’ер Кітая. Гэта трэці па ліку саміт Кітая і Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Гэтыя сустрэчы былі запачаткаваныя ў 2012 годзе ў Варшаве. Тады кіраўнік кітайскага ўраду выступіў з прапановай эканамічнага саміту ў фармаце 16+1. Наступны саміт 2013 г. адбыўся ў Бухарэшце й цяпер - у Белградзе.

Польшчу на саміце Кітая й Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы прадстаўляў віцэ-прэм’ер і міністар нацыянальнай абароны Томаш Семоняк. Кіраўнік польскага ўраду Эва Копач адмовілася па прычыне падрыхтоўкі да бліжэйшага саміту Эўрапейскага Зьвязу 18-19 сьнежня. У Белградзе польская прэм’ер-міністарка мела быць побач з прэм’ерам Кітая Лі Кэчанга галоўным госьцем саміту.

Перадае карэспандэнтка Польскага радыё Катажына Інграм.

К.Інграм: У тэксьце, напісаным для сэрбскага інфармацыйнага агенцтва Tanjug, польская прэм’ер падкрэсьліла, што ўзаемныя сувязі паміж Эўропай і Кітаем не зьяўляюцца выключна інструмэнтам эканамічнага разьвіцьця гэтых двух рэгіёнаў, бо раней і цяпер спалучаюць паасобныя краіны, фірмы й арганізацыі. Такім чынам нараджаецца ўзаемаразуменьне, грамадзкія й культурныя зносіны. Віцэ-прэм’ер Сэрбіі Зорана Міхайлавіч у інтэрвію для сэрбскага тэлеканалу RTS назвала чаканьні Белграду ў адносінах да Кітая: „Усе праекты, зьвязаныя з інфраструктурай, рэалізаваныя на тэрыторыі Цэнтральна-Усходняй Эўропы будуць мець адзін лягістычны цэнтр – Белград”. Цэнтральна-Эўрапейскія краіны моцна зацікаўленыя ў павялічэньні кітайскага імпарту з рэгіёну. Польшча – найбольш зацікаўленая ў прыцягненьні кітайскіх інвэстыцый.

І таму на саміце, акрамя віцэ-міністра Семоняка, удзельнічалі прадстаўнікі польскага МЗС, Міністэрства эканомікі, Польскага агенцтва разьвіцьця прадпрымальніцтва й іншых бізнэсовых арганізацый.

Экспэрт Польскага інстытуту Міжнародных справаў Артур Градзюк зазначае, што гэты саміт для краін нашай часткі Эўропы зьяўляецца важнай ініцыятывай. Градзюк падкрэсьлівае, што кітайцы выступілі з канкрэтнымі прапановамі супрацоўніцтва.

А.Радзюк: Яны прадстаўляюць свае ідэі, як разьвіваць узаемадачыненьні. Прапановы адносяцца да эканомікі, да ўдзелу ў інвэстыцыях у нашым рэгіёне. Гаворыцца аб павялічэньні кітайскага імпарту з Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. І ў гэтым мы вельмі зацікаўленыя, таму што наш рэгіён адзначае вялікі дэфіцыт у гандлі з Кітаем.

Супрацоўніцтва ахоплівае такія абшары як адукацыя, турызм, культура. Паводле Артура Радзюка, Польшча найперш зацікаўлена ў эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем.

А.Радзюк: Тое, ў чым Польшча найбольш зацікаўлена гэта рост імпарту ў Кітай. У нас вельмі вялікі дэфіцыт у двухбаковым гандлі. Мы таксама разьлічваем, што ўсё больш кітайскіх інвэстыцый будзе ў Польшчы. Мы чакаем найперш інвэстыцый, якія будуць ствараць новыя працоўныя месцы.

У саміце Кітай- Цэнтра-Ўсходняя Эўропа прынялі ўдзел каля 6 тысяч палітыкаў і бізнэсоўцаў.

Гэта ўжо не навіна, што Кітай і азіяцкія дзяржавы лічацца эканамічнай будучыняй сьвету й слушна, што польскі ўрад імкнецца гэта выкарыстаць. Польшча павінна даказаць, што зьяўляецца цікавым месцам для інвэставаньня.

Якія вынікі кітайска-цэнтральна-эўрапейскага супрацоўніцтва ад першага варшаўскага саміту 2012 году? Гэта адчыненая спэцыяльная крэдытная лінія для фірмаў з рэгіёну коштам у 10 млрд даляраў. Сур’ёзныя праекты як ЦЭЦ у Босьніі, мост у Белградзе, аўтастрада ў Чарнагорыі, чыгуначная лінія Будапэшт-Белград. Гандлёвы абарот паміж Кітаем і ЦУЭ сёлета ўпершыню перакрочыць 60 млд даляраў. Паводле папярэдніх дадзеных, адна тысяча эўрапейскіх фірмаў з нашага рэгіёну актыўна дзейнічае ў Кітаі.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт