Logo Polskiego Radia
Print

Судзяць сталінскіх судзьдзяў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.02.2015 15:09
Польскія сьледчыя вяртаюцца да працэсу камандзіраў V Віленскай брыгады АК.

Сьледчы аддзел Інстытуту нацыянальнай памяці (IPN) у Варшаве распачаў перагляд працэсу, падчас якога да сьмяротнага пакараньня былі прысуджаныя камандзіры V Віленскай брыгады Арміі Краёвай, у тым ліку маёр Зыгмунт Шандзеляж, псэўданім – „Лупашка”.

Працэс адбыўся ў 1950 годзе ў Акруговым вайсковым судзе ў Варшаве. Яго вёў судзьдзя Мечыслаў Відай, які ў 40-х і 50-х гадох асудзіў на сьмерць больш за 100 жаўнераў АК.

„Мэта расьсьледаваньня – вызначэньне парушэньняў у крымінальным судаводзтве, выяўленьне вінаватых і прыцягненьне іх да адказнасьці”, - тлумачыць пракурор Марэк Клімчак у размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.

Пракурор пастараецца знайсьці й праслухаць асобы, прозьвішчы якіх паяўляюцца ў дакумэнтах працэсу. Гэта больш за 30 чалавек. Магчыма частка зь іх яшчэ жыве.

„Лупашка” быў адным з заснавальнікаў V Віленскай брыгады АК, якая пасьля заканчэньня вайны не спыніла сваёй дзейнасьці. Ягоныя атрады да 1947 году на Ўзьбярэжжы й на Беласточчыне нападалі на міліцэйскія посты й рэгулярныя атрады войска, зьдзяйсьнялі замахі на камуністычных дзяечоў і выдавалі адозвы супраць новых ўладаў Польшчы.

Пракуратура абвінаваціла яго, між іншым, у спробе зьдзяйсьненьня дзяржпераватору, барацьбе з савецкімі партызанамі й супрацы зь гітлераўцамі.

„Савецкія партызаны, якія дзейнічалі на памежжы гэтак званай ІІ Рэчы Паспалітай змагаліся й зь гітлераўцамі й з польскімі партызанамі. Яны лічылі, што гэта тэрыторыя Савецкага Саюзу. „Лупашка”, у сваю чаргу, у роўнай ступені змагаўся з атрадамі гітлераўскай, летувіскай ці беларускай паліцыі ды савецкімі партызанамі. Паводле агульных ацэнак, на тэрыторыі Наваградчыны ад вясны 1943 году да лета 1944 году дайшло да 200 сутыкненьняў жаўнераў АК і саветаў”, - нагадвае гісторык зь аддзелу IPN у Беластоку Пётр Лапіньскі.

На пачатку 90-х гадоў „сталінскія прысуды” былі ануляваныя. Цяперашняе расьсьледаваньне IPN мае сымбалічнае значэньне, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт