Logo Polskiego Radia
Print

Апазыцыя ўпершыню выступіла на Эўранэсьце

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.03.2015 13:28
Агульную пазыцыю дэлегацыі беларускай апазыцыі прадставіў старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.

18 сакавіка беларуская дэмакратычная супольнасьць упершыню атрымала магчымасьць выступіць на пленарным пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Эўранэсту, якая прайшла у Ерэване. Агульную пазыцыю дэлегацыі беларускай апазыцыі прадставіў старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.

У сваім выступе ён найперш зьвяртаў увагу на надалейшую патрэбу дыялёгу Беларусі з Захадам. Эўропа – гэта адзін з шанцаў на захаваньне незалежнасьці краіны. “Дэмакратычныя сілы за дыялёг з ЭЗ, прычым не за дыялёг дзеля дыялёгу, а шчыры крытычны, абумоўлены дыялёг. Дыялёгу няма альтэрнатывы, але ён мусіць грунтавацца на празрыстых прынцыпах, прагматычных адносінах з захаваньнем павагі да каштоўнасьцяў”.

Нам не ўдалося зьвязацца з самым спадаром Мілінкевічам, які знаходзіцца на сустрычы у Брусэлі. Але з намі паразмаўляў яго намесьнік, Юры Губарэвіч. Ён адзначыў, што ўпершыню беларуская апазыцыя выступіла на Эўранэсьце, а Аляксандар Мілінкевіч прадставіў пазыцыю шасьці палітычных суб’ектаў.

Ю. Губарэвіч: Выступ на пленарным паседжаньні Эўранэсту здарыўся ўпершыню. Да гэтага часу прадстаўнікі палітычных структур працавалі ў складзе асобнай рабочай групы па Беларусі, якая пры ўдзеле эўрапарлямэнтароў займалася нашым пытаньнем. Як вядома, чальцы Палаты прадстаўнікоў не запрошаны ў Эўранэст.

Падчас выступу Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што важна, каб у Эўранэсьце беларуская ўлада была прадстаўлена на роўні зь іншымі. “Сёньня мы прапануем кампрамісны варыянт “5+5” (палова дэлегацыі - ад Палаты прадстаўнікоў, палова - ад грамадзянскай супольнасьці). Маем надзею, што выбары ў наш парлямэнт 2016 году пройдуць ужо адкрыта, справядліва, мы палічым галасы разам з уладай - у гэтай зале Беларусь стане прадстаўляць паўнавартасная дэлегацыя”, - казаў старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.

Ю. Губарэвіч: Мы разумеем, што Беларусь павінна прадстаўляць ня толькі апазыцыя, але й афіцыйныя ўлады. Мы сьвядома ня кажам, што гэта павінны быць прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў, а ўжываем фармулёўку – “прадстаўнікі афіцыйных уладаў”. На нашу думку, дэпутаты сёньня не зьяўляюцца народнымі абраньнікамі, яны прызначыныя чыноўнікі. Аднак мы гатовыя да таго, каб яны ўдзельнічалі ў працэсах у рамках УП.

У сваім выступе Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы розныя, “але ўсе разам адстойваюць права беларусаў жыць у дэмакратыі й незалежнай краіне”.

“Дэмакратыя абавязкова прыйдзе, але сёньня для нас галоўнае - абараніць незалежнасьць, бо яе можна страціць за адну ноч, і тады ня будзе ні свабоды, ні правоў чалавека, ні Радзімы”, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч. Дэмакратыяныя сілы, па ягоных словах, выступаюць за дыялёг унутры краіны, “за тое, каб палітычная дыскусія перш за ўсе вялася не на вуліцах і плошчах, а ў міжнародна прызнаным беларускім парламенце”.

ав/прэс-рэліз Руху "За Свабоду"

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт