Расейскія ўлады зачынілі тэлеканал АТР – адзінае тэлебачаньне, якое вяшчала на крымскататарскай мове і мела велізарны аўтарытэт і папулярнасьць сярод крымскіх татараў. Ад ціску на палітычных лідараў крымскіх татараў расейскія ўлады перайшлі да вынішчэньня культуры народу, які ня могуць кантраляваць – кажуць экспэрты.
Крымскі тэлеканал АТР быў вымушаны спыніць вяшчаньне пасьля таго, як расейскія ўлады ня выдалі яму ліцэнзію. Пачынаючы з верасьня АТР некалькі разоў высылаў дакумэнты на рэгістрацыю ў «Роскомнадзор», але іх вярталі назад па надуманых прычынах. Тэлеканал зьяўляецца самым папулярным і ўплывовым СМІ, якое вяшчае на крымскататарскай мове. Сусьветную вядомасьць АТР набыў у лютым і сакавіку мінулага году. Тады тэлеканал апэратыўна й непрадузята інфармаваў пра тое, як праходзіла анэксія Крыму Расеяй. Карцінку крымскататарскага тэлебачаньня перадавалі ўсе сусьветныя СМІ.
Акрамя тэлебачаньня зачыняюцца іншыя СМІ, якія ўваходзяць у мэдыя-холдынг АТР. Гэта дзіцячы крымскататарскі тэлеканал Lale, радыёстанцыі «Мэйдан» і «Лідар».
На кіраўніцтва АТР аказвалі ціск. Расейскія кіраўнікі Крыма абяцалі захаваць вяшчаньня тэлеканалу, калі яго перададуць пад поўны іх кантроль – кажа генэральны дырэктар канала Эльзара Іслямава.
Э. Іслямава: Спачатку нам казалі: «Зьмяніце інфармацыйную палітыку, бо яна стварае палітычную пагрозу». Калі сталі разьбірацца, дзе ж тая пагроза, аказалася, што яе няма. А ёсьць ціск на ўласьнікаў з патрабаваньнем прадаць тэлеканал. Прадаць прымусова. І аказваюць яго мясцовыя прадстаўнікі расейскай улады.
Крымскататарскі тэлеканал не намераны здавацца. Магчыма, АТР ператворыцца ў прадукцыйны дом, а вяшчаць будзе праз спадарожнік з тэрыторыі Ўкраіны. У кожным выпадку, журналісты пакідаць родную зямлю не намераныя – кажа Эльзара Іслямава.
Э. Іслямава: У нас ёсьць украінская ліцэнзія на вяшчаньне. Мы можам перадаваць праз спадарожнік з тэрыторыі Ўкраіны. Мы можам таксама вяшчаць у Інтэрнэце. Мы будзем знаходзіць варыянты.
Расейскія ўлады разгарнулі шырокую кампанію па закрыцьцю СМІ, якія выходзяць на крымскататарскай мове – кажа кіраўнік інфармацыйнага праекту «Крым. Рэаліі» Ўладзімер Прытула.
У. Прытула: Уплывовае інфармагенцтва КХА, газэты «Авдет», «Кырым» – усе яны не атрымалі рэгістрацыі. Гэта СМІ, якія альбо належаць крымскататарскаму бізнэсу, альбо выходзяць на крымскататарскай мове.
Расейскія ўлады не могуць маніпуляваць крымскататарскай супольнасьцю, таму не давяраюць ёй. Ад перасьледу палітычных лідараў расейскія ўлады перайшлі да змаганьня з татарскай культурай. Аднак палітычныя рэпрэсіі супраць крымскіх татараў працягваюцца – кажа Ўладзімер Прытула.
У. Прытула: Лідараў Мэджліса расейскім уладам удалося выгнаць з Крыма. Частка сяброў Мэджліса арыштаваныя ці знаходзяцца пад сьледзтвам. У шматлікіх сяброў Мэджліса й народнага сходу (Курултая) праходзяць ператрусы. Частка зь іх была вымушана зьехаць з Крыму. Частку расейскія ўлады дэпартавалі сілай, а цяпер не пускаюць на паўвыспу.
Дзяржаўнымі мовамі на анэксаваным Расеяй Крыме афіцыйна зьяўляюцца расейская, крымскататарская і ўкраінская. Аднак амаль адразу пасьля далучэньня да Расеі былі зачыненыя ўсе школы на ўкраінскай мове, украінскія газэты, а на дзяржаўным тэлебачаньні пакінулі ўсяго адну ўкраінскую перадачу, якая выходзіць раз на тыдзень. Скарацілася вывучэньне й крымскататарскай мовы – кажа Ўладзімер Прытула.
У. Прытула: На Крыме былі зачыненыя ўсе ўкраінскія школы. Іх было пяць. 14 крымскататарскіх школаў застаюцца. Аднак практычна ўсе прадметы там вывучаюцца цяпер на расейскай мове, за выключэньнем крымскататарскай мовы й літаратуры. Пэрспэктываў атрымаць сярэднюю адукацыю на крымскататарскай і ўкраінкай мовах ужо не засталося. Навучаньне на гэтых мовах вядзецца толькі ў першых васьмі класах.
Верагоднасьць таго, што татары будуць пратэставаць вельмі нізкая – кажа палітоляг Надзім Усэйнаў. Крымскія татары разумеюць, што іх замала, каб супрацьстаяць расейскай дзяржаўнай машыне.
Н. Усэйнаў: На адкрытую канфрантацыю й бунт супраць расейскіх уладаў крымскія татары ня пойдуць – дзеля бясьпекі ўсяго народу. Мы добра памятаем што з намі адбывалася падчас дэпартацыі. І мы ведаем прыроду расейскай улады – яна шукае зачэпку, каб разабрацца з крымскімі татарамі, бо яна ня можа іх кантраляваць.
«Крымскататарскі народ пазбавілі тэлеканалу які яны ўспрымалі як чальца сям’і»,– пракамэнтавала Польскаму радыё закрыцьцё АТР яго генэральны дырэктар Эльзара Іслямава. У апошні дзень вяшчаньня некалькі дзесяткаў людзей наведалі офіс тэлеканалу, каб падтрымаць журналістаў. Сямёра студэнтаў спрабавалі зьняць відэаролік у падтрымку крымскататарскага тэлебачаньня, аднак былі затрыманыя паліцыяй.
Аляксандар Папко