Logo Polskiego Radia
Print

У Праваслаўнай царкве сёньня Радуніца

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 21.04.2015 15:55
  • Радуніца.mp3
У гэты дзень зьдзяйсьняецца велікоднае памінаньне памерлых, першая малітва за памерлых пасьля Вялікадня.

/

У Праваслаўнай царкве сёньня Радуніца (Радаўніца) – пасхальны дзень памінаньня памерлых. Традыцыйна Радуніца адзначаецца на дзясяты дзень пасьля Пасхі, у аўторак другога пасхальнага тыдня.

Па сьведчаньні Сьвяціцеля Іаана Златавуста гэтае сьвята адзначалася яшчэ ў старажытнасьці. Слова Радуніца паходзіць ад слова радасьць, якую прынесла ўсім Уваскрасеньне Гасподняе. У гэты дзень зьдзяйсьняецца велікоднае памінаньне памерлых, першая малітва за памерлых пасьля Вялікадня. Асаблівасьць гэтай службы ў тым, што да звычайных памінальных малітваў дадаюцца велікодныя сьпевы. Для памінаньня блізкіх вернікі ў храме падаюць запіскі зь іх імёнамі, прыносяць прадукты на "канун" - падсьвечнік у форме стала, які стаіць перад Расьпяцьцем. Сьвечкі ставяцца на яго з малітвай аб спачыне блізкіх.
Пра рэлігійнае значэньне Радуніцы расказвае айцец Аляксандар Шымбалёў.

А. Шымбалёў: Гэты дзень завуць Пасхай для нашых блізкіх, якія сыйшлі з гэтага сьвету. Перш за ўсё, ён сьвяткуецца ў храмах, дзе вернікіп зьбіраюцца на паніхіды. Пасьля малітвы ў цэрквах усе едуць на могілкі, дзе далей моляцца за памерлых.

Сьвятары адзначаюць, што народныя традыцыі, зьвязаныя са сьвятам Радуніцы, як трапеза на магілах сваякоў, не павінны быць на першым месцы. Галоўнай павінна быць малітва за душы памерлых. Царква таксама крытычна ставіцца да своеасаблівай «традыцыі» распіваньня алькаголю.

Аднак абрад памінаньня продкаў сягае дахрысьціянскіх часоў. Фальклярыст Антаніна Хатэнка кажа, што Радуніца – гэта дзень памінаньня блізкай сям'і. Больш глябальным зьяўляюцца восентскія Дзяды, калі ўспамінаюць усіх памерлых. Ад Вялікадня захоўвалі пірог і яйкі. І з гэтымі гасьцінцамі йшлі на магілы. З Радаўніцай зьвязаныя й іншыя традыцыі.

А. Хатэнка: Усю Радуніцу, увесь дзень ад раньня, можна працаваць. Казалі спрадаўна: на Радаўніцу з рана пашуць, па абедзе плачуць, увечары скачуць. Чаму скачуць? Гэта ўспамін пра архаічную традыцыю, калі пасьля наведваньня магіл ладзіліся вялікія спаборніцтвы. На конях паказвалі моц свайго роду тым, хто застаўся, пра тых, хто памёр і глядзіць на нас зь нябёсаў. Тут таксама ўзьнікае сымболіка яйка, як і на Вялікдзень, чырвонага колеру. Пасьля будуць сёмушныя яйкі зялёнага колеру, бо надыйдуць Зялёныя сьвяткі. Цяпер гэта аднаўленьне, гэта кроў, гэта жыцьцё, гэта вагонь, гэта новае сонца. Трэба тройчы пракаціць яйка па магіле крыжом. Утварыць архічны крыж, але не канфэсійна-прыналежны, а самы старажытны, як расьпінаньне сонца на небасьхіле, як вечная распасьцёртасьць усяго жывога на чатыры бакі да чатырох стыхіяў.

Апрача як Радуніцай, веснавы памінальны дзень называлі й называюць у Беларусі яшчэ Радуніцкімі Дзядамі й Вялікаднем мёртвых. Радуніца яшчэ называецца «Наўскі Вялікдзень». У гэты дзень у некаторых мясцовасьцях Беларусі тапілі ў лужыне куль саломы, прыбраны за бабу, разумеючы, што гэта топяць саму Марэну - сьмерць, якая разам з маразамі панавала ўсю зіму над зямлёй і людзьмі. Пасьля Вялікадня, пасьля Радуніцы скончылася яе панаваньне.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт