Logo Polskiego Radia
Print

Палякі і беларусы ўспамінаюць У. Барташэўскага

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.04.2015 14:28
Б. Камароўскі: Гэта такі ўзор польскага патрыятызму, як эталон мэтра ў Сэўры зьяўляецца ўзорам даўжыні.

/

Памёр так, як жыў – актыўна, з сотнямі плянаў у галаве. Большасьць палякаў з агромным сумам успрынялі навіну пра сьмерць выдатнага гісторыка, публіцыста, грамадзкага і палітычнага дзеяча Ўладыслава Барташэўскага. Былы жаўнер Арміі Краёвай і вязень канцлягеру ў Асьвенцыме раптоўна памёр у пятніцу ва ўзросьце 93 гадоў.

Уладыслаў Барташэўскі, нягледзячы на свой сталы ўзрост, быў вельмі актыўным чалавекам. У бліжэйшыя дні намераваўся браць удзел у сьвяткаваньні гадавіны заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Скардзіўся толькі на лекара, які не дазваляў яму лятаць самалётам па прычыне гіпертаніі. Рыхтаваў сустрэчу ўсіх польскіх міністраў з нямецкімі міністрамі. Вельмі важныя для яго былі адносіны Польшчы зь Нямеччынай. На жаль, цяпер усе сустрэчы павінны адбывацца без ягонага ўдзелу.

У сувязі са сьмерцю прафэсара Барташэўскага сьцягі на дзяржаўных будынках у знак жалобы былі апушчаны да паловы. Палітыкі, згадваючы памерлага, часта кажуць пра яго вялікі патрыятызм. Гэта ўзор польскага патрыёта – гаворыць прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Б. Камароўскі: Уладыслаў Барташэўскі – гэта такі ўзор польскага патрыятызму, як эталон мэтра ў Сэўры зьяўляецца ўзорам даўжыні. Я вельмі хацеў бы, каб ён у гэтай ролі далей жыў у нашай сьвядомасьці, у нашых сэрцах. Ён даваў прыклад адкрытага, але гарачага патрыятызму. Адкрытага на іншых, які працаваў у карысьць як захаваньня гістарычнай памяці, так і сучасных падзей. Ён памёр так, як жыў – актыўна, у справах да самага канца. Гэтая актыўнасьць заўсёды была прадыктаваная імкненьнем служыць Айчыне – у розных месцах, у розных ралях, але заўсёды з глыбокім заангажаваньнем у польскія справы.

Барташэўскі імкнуўся да прымірэньня. Прымірэньня сапраўднага, глыбокага, базай якога павінны быць праўда і прабачэньне. Гэтак згадвала памерлага палітыка прэм’ер-міністар Польшчы Эва Копач. На яе думку, ён быў адным з будаўнікоў польскай свабоднай дзяржавы.

Э. Копач: Для мяне прафэсар Барташэўскі быў чалавекам, які будаваў польскую свабодную дзяржаву. Ён быў выключна адважным і эфэктыўным амбасадарам прымірэньня дзяржаваў, народаў і грамадзтваў, польска-нямецкага і польска-ізраільскага прымірэньня. Вельмі цяжка мне казаць пра яго “быў”. Я хачу вам сказаць, што мне яго будзе вельмі не хапаць.

Калі кагосьці можна назваць вялікім палякам і вялікім чалавекам, то напэўна гэта ў першую чаргу будзе Ўладыслаў Барташэўскі, - адзначае эўрадэпутат Польскай сялянскай партыі Яраслаў Каліноўскі.

Я. Каліноўскі: Жартаўліва, з гумарам, казаў пра нашыя польскія адмоўныя бакі. Часта гаварыў, што мы ня вельмі вялікая краіна, ня вельмі багатая, таму трэба будаваць сяброўскія адносіны з іншымі дзяржавамі, каб нас паважалі. І меркаваў, што часам трэба іголкай пракалоць нашыя надзьмутыя ад гонару шчокі, каб мы сталі проста прыемным народам.

Барташэўскі быў асобай, якая паўплывала на станаўленьне адносінаў паміж Польшчай і Беларусяй – падкрэсьлівае палітоляг Алесь Лагвінец.

А. Лагвінец: Гэта асоба, якая ёсьць прыкладам служэньня свайму народу. Асоба, якая не цуралася сваіх поглядаў і прайшла шматлікія выпрабаваньні. Выпрабаваньні і нацызму, і камуністычнага таталітарызму. Асоба, якая здолела пабачыць вынік сваёй дзейнасьці, што Польшча ўрэшце рэшт стала незалежнай дэмакратычнай краінай. І асоба, якая паўплывала на станаўленьне адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю.

Уладыслаў Барташэўскі быў палітыкам, грамадзкім дзеячам, гісторыкам, журналістам. У часы Другой сусьветнай вайны трапіў у нямецкі канцлягер Аўшвіц-Біркенаў у Асьвенцыме, адкуль выйшаў празь некалькі месяцаў цяжка хворым, прымаў удзел у Варшаўскім паўстаньні. Пасьля вайны сядзеў у турмах камуністычнай Польшчы. За ўдзел у апазыцыйнай дзейнасьці яго судзілі за “шпіянаж”. У свабоднай Польшчы двойчы займаў пасаду міністра замежных справаў дзяржавы, быў дыпляматам, дарадчыкам прэм’ер-міністра Польшчы па пытаньнях міжнароднага дыялёгу. Аўтар некалькіх дзясяткаў кніжак, паўтары тысячы артыкулаў на тэму Варшаўскага паўстаньня, польска-габрэйскіх і польска-нямецкіх адносінаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт