Біялюмінісцэнцыя, дыфракцыя і інтэрфэрэнцыя. Даведацца, што гэта такое, а таксама ўбачыць паказы галаграмаў, самастойна збудаваць спэктраскопы і калейдаскопы, прыняць удзел у шматлікіх іншых навуковых экспэрымэнтах маглі наведвальнікі Навуковага пікніку Польскага радыё і Цэнтра навукі Капэрнік, які адбыўся 9 траўня ў Варшаве.
Гэта ўжо 19-ты Навуковы пікнік Польскага радыё, які некалькі апошніх гадоў рыхтуюецца разам з Цэнтрам навукі Капэрнік. На гэты раз мерапрыемства адбылося на Нацыянальным стадыёне. Арганізатары падрыхтавалі больш за 200 стэндаў, каля тысячы паказаў, экспэрымэнтаў і майстар-клясаў тыпу “Зрабі самастойна”.
Эўрапейская камісія высока ацаніла арганізацыю мерапрыемства, адзначаючы яго ў 2005 годзе званьнем узорнага эўрапейскага праекту з галіны “Навука і грамадзтва”.
У мінулыя гады мерапрыемства наведвала нават 150 тыс. чалавек. Пакуль невядома, ці ўдалося пабіць гэты рэкорд, але добрае надвор’е прыцягнула на стадыён мноства людзей, якія прыходзілі цэлымі сем’ямі, нават з маленькімі дзецьмі.
У гэтым годзе наведвальнікі маглі пазнаёміцца, між іншым, з дзейнасьцю Польскага радыё, якое сьвяткуе сваё 90-годзьдзе. Паводле словаў старшыні ўправы Польскага радыё Анджэя Сезянеўскага, Навуковы пікнік – гэта падзея, якая заваявала добрую рэпутацыю ня толькі ў Польшчы, але і за мяжою.
А. Сезянеўскі: Пікнік – гэта ўжо эўрапейскі брэнд. Гэта падзея, якую капіруюць у многіх краінах Эўропы. На маю думку, існуе вялікі шанец, што Навуковы пікнік стане самай маштабнай падзеяй папулярызацыі навукі на нашым кантынэнце, а магчыма, і на сьвеце. Мы рыхтуем хартыю мерапрыемства – стандарты, якія павінны выконваць падобныя імпрэзы ў іншых краінах. Я ўпэўнены, што гэтая ідэя будзе распаўсюджвацца з хуткасьцю лавіны.
Сапраўды, на пікніку былі намёты і стэнды ня толькі польскіх установаў, але і замежных, з 18 краін, у тым ліку Канады, Турцыі, Нямеччыны. Напрыклад, нашу ўвагу прыцягнуў намёт пад назваю “Навуковыя пікнікі ва Ўкраіне”. Назоў быў напісаны згодна з традыцыяй польскай мовы - “на Ўкраіне”, а хтосьці ад рукі паправіў “ва Ўкраіне”, падкрэсьліваючы, што Ўкраіна – гэта незалежная дзяржава, а не частка тэрыторыі, якой кіруе хтосьці іншы.
Пікнік – гэта ідэальная нагода для людзей, якія выбіраюць сваю прафэсійную будучыню. Падчас удзелу ў розных экспэрымэнтах і майстар-клясах малады чалавек сам можа пераканацца, чым на самой справе займаецца біялёгія, хімія, фізыка або робататэхніка.
Сёлета лейтматывам найбольшага ў Эўропе навуковага мерапрыемства пад адкрытым небам стала сьвятло і зьявы, з ім зьвязаныя. Навукоўцы расказвалі пра тэорыю адноснасьці Эйнштэйна, пра тое, як сьвятло выкарыстоўваюць расьліны, а таксама пра лазеры. Наведвальнікі маглі даведацца, як запаліць лямпачку пры дапамозе кіслага агурка, як дзейнічае сонечны камень вікінгаў. Ад архэолягаў вучыліся, як першабытны чалавек стараўся знайсьці сьвятло і цяпло.
Архэоляг: Калі ўдараем крэмніем аб крэмній, паяўляюцца іскры. Але гэта невялікія іскры, яны маюць нізкую тэмпературу.
Сьвятло можна ня толькі ўбачыць у розных формах, але і пачуць. Такі паказ падрыхтавалі фізыкі з Варшаўскай палітэхнікі, якія прадставілі ў сваім намёце адмысловы трансфарматар Тэслы.
Ю. Міроўска: Я прадстаўляю навуковае кола “Фаза”. Іскра выпраменьвае гукі. Такім чынам можна сказаць, што сьвятло можна пачуць. Гэта магчыма дзякуючы электроннай сыстэме, якую мы збудавалі на базе трансфарматара Ніколы Тэслы. І гэта яна падбірае інтэнсіўнасьць электрычных разрадаў, якія ў выніку выпраменьваюць гукі.
Сьвятло, напрыклад, сонечнае, адыгрывае агромную ролю ў нашым жыцьці. Без яго агулам не было б жыцьця на плянэце Зямля. Доктар Караліна Гансэм з факультэту псыхалёгіі Варшаўскага Унівэрсытэту тлумачыла, наколькі пазытыўна сьвятло дзейнічае таксама на нашу псыхіку.
К. Гансэм: На нашай геаграфічнай шырыні цёмная зіма і восень. Кожны год можна праводзіць назіраньні за ўплывам сьвятла. На поўдні Эўропы амаль няма людзей, якія хварэюць на дэпрэсію, залежную ад сьвятла, а ў Скандынавіі каля 10% жыхароў пакутуе ад асеньняй дэпрэсіі.
Гасьцям 19-га Навуковага пікніку Польскага радыё і Цэнтра навукі Капэрнік не павінна пагражаць дэпрэсія. Амаль цэлы дзень над стадыёнам, дзе адбывалася імпрэза, сьвяціла сонейка. Праўда, пасьля абеду на небе сабраліся хмары і прайшоў кароткі дождж, але, відаць, толькі дзеля таго, каб аматары навукі зьвярнулі большую ўвагу на сьвятло і радасьць, якую дае сонца, асабліва майскае.
нг