З нагоды Эўрапейскага дня атлусьценьня, які будзе адзначацца ў пятніцу, Інстытут харчовых прадуктаў і харчаваньня апублікаваў найноўшыя дасьледаваньні пра атлусьценьне й залішнюю вагу цела ў польскіх дзяцей і дарослых. Сытуацыя выглядае вельмі дрэнна. Ужо больш за 22% вучняў базавых і сярэдніх школаў у Польшчы маюць лішнюю вагу.
Экспэрты папярэджваюць, што без рашучых дзеяньняў у барацьбе з эпідэміяй атлусьценьня польскае грамадзтва пачне цяжка хварэць, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.
„Тым ня менш, ня ўсе разумеюць, што атлусьценьне зьяўляецца галоўнай прычынай шматлікіх хранічных захворваньняў”, - кажа прафэсар Міраслаў Яраш, дырэктар Інстытута харчовых прадуктаў і харчаваньня ў Варшаве.
„У 70-х гадах у Польшчы лішняя вага цела фіксавалася ў менш чым 10% вучняў. Цяпер ужо кожнае пятае дзіця школьнага ўзросту змагаецца зь лішняй вагой або атлусьценьнем. Калі гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца, то мы хутка дагонім сумна вядомых эўрапейскіх лідараў, у тым ліку, Грэцыю, Вугоршчыну й Вялікабрытанію”, - папярэджвае прафэсар Ядвіга Хажэўска зь Інстытута харчовых прадуктаў і харчаваньня.
Паводле яе, у цяперашняй сытуацыі вінаватыя, перш за ўсё, зьмены ладу жыцьця, абмежаваньне фізычнай актыўнасьці й спажываньне празьмернай колькасьці высокакалярыйных прадуктаў.
Сярод дарослых сытуацыя выглядае ня лепш. 64% мужчын у Польшчы мае залішнюю вагу цела. У выпадку жанчын гэты паказчык складае 49%.
Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя з 2015 году, ва ўсім сьвеце амаль 2,3 млрд чалавек мела залішнюю вагу, а 700 мільёнаў пакутуе ад атлусьценьня.
У Эўрапейскім Зьвязе ў 2008 годзе гэтая праблема датычыла аднаго дзіцяці на чатырох. Усяго два гады пазьней - ужо адно на трох.
Гэта ўжо не эпідэмія, але пандэмія, якая пачынае закранаць таксама Польшчу.
Тым часам спэцыялісты перасьцерагаюць: канфэрэнцыямі, прысьвечанымі здароваму ладу жыцьця й правільнаму харчаваньню, цікавіцца жменька журналістаў. Тэма не карыстаецца папулярнасьцю ў СМІ.
У іх часьцей гаворка ідзе пра новыя фантастычныя дыеты, чым пра штодзённае рацыянальнае харчаваньне, перасьцерагае выданьне „Gazeta Wyborcza”.
аз