Logo Polskiego Radia
Print

Урад Эвы Копач надзяляе асаблівай увагай Сілезію

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 01.07.2015 18:12
  • Урад Эвы Копач надзяляе асаблівай увагай Сілезію.mp3
Кіраўніцтва падрыхтавала адмысловую праграму разьвіцьця Сілезіі.

Сілезія – гэта рэгіён Польшчы, які да грамадзка-эканамічнай трансфармацыі краіны лічыўся прамысловым сэрцам дзяржавы. Аднак пасьля 1990 году паступова пачаў губляць гэты статус і станавіўся нездаровым месцам у дзяржаўным арганізьме, прычым як з эканамічнага, так і сацыяльнага пункту гледжаньня. Сілезія як былы цэнтар горнай прамысловасьці кожнаму кіраўніцтву Польшчы прыносіла шмат праблемаў, таму што працэс ліквідацыі шахтаў увесь час працягваецца, а ў сталіцу ня раз прыяжджалі шахцёры з пагрозамі й патрабаваньнямі. Іх авантурныя дэманстрацыі прымушалі ўрады ісьці на чарговыя саступкі. Тым ня менш, гэта не вырашыла пытаньня Сілезіі.

І вось учора ўрад Эвы Копач прыняў праграму разьвіцьця Сілезіі. Урад працаваў над ёй са студзеня гэтага года, калі заканчваўся пратэст у шахтах Вугальнай кампаніі. Гэтая праграма павінна быць рухавіком для сілескай горнай прамысловасьці, рухавіком для польскай эканомікі й шанцам для мясцовых жыхароў, – абяцала Эва Копач. Праграма павінна залагодзіць наступствы рэструктурызацыі шахтаў і стварыць працоўныя месцы па-за горназдабываючай галіной. У праграме - будаўніцтва дарог у Сілезіі, інвэстыцыі ў прамысловасьць, аднаўленьне найбольш зруйнаваных раёнаў сілескіх гарадоў.

Аўтар пляну, міністар Канцылярыі прэм’ера Якуб Явароўскі называе найважнейшыя пункты дакумэнту.

Я. Явароўскі: Гэта дарога S1, фрагмэнт дарогі S69, стварэньне Фонду муніцыпальных інвэстыцый. Плянуем таксама стварыць заводы па газыфікацыі вугалю.

Урад імкнецца нарошчваць попыт на польскі вугаль, таму прыкладае вялікую ўвагу да газыфікацыі вугалю, інакш кажучы пераўтварэньня вугалю ў гаручыя газы. Паводле ўрадавага пляну, гэты працэс у буйных аб’ёмах будзе праходзіць на польскай электрастанцыі Казеніцэ–Козьле. Акрамя гэтага, урад пачаў перамовы з Украінай на тэму магчымасьці паставак польскага вугалю для мясцовых электрастанцый. Праблема ў тым, што там выкарыстоўваецца іншы від вугалю. Аднак Украіна зьбіраецца стварыць рабочую групу па мадэрнізацыі электраэнэргетычнага сэктара і ў будучыні Польшча зможа пастаўляць 15 млн тон вугалю штогод.

У праграме разьвіцьця Сілезіі знаходзіцца таксама мадэрнізацыя чыгуначнай сеткі. На гэтыя інвэстыцыі прызначаецца больш за 3 мільярды даляраў. Вялікая ўвага прысьвячаецца гораду Бытам, які лічыцца Абшарам стартэгічнай інтэрвэнцыі, і яму выдзелена 100 млн эўра.

Адкуль урад возьме грошы на аднаўленьне Сілезіі? Праграма ў пэўнай ступені пераплятаецца зь іншымі інвэстыцыйнымі праектамі, напрыклад, Праграмай па будаўніцтве дарог у Польшчы ў 2014-2020 гадах. Крыніцы фінансаваньня называе Эва Копач.

Э.Копач: Частка гэтых грошай будзе паходзіць з новай фінансавай пэрспэктывы Эўразьвязу, частка – зь дзяржаўнага бюджэту, частка з эўрапейскіх праграм, але ёсьць таксама грошы, якія пойдуць адмыслова на гэты рэгіён.

Для ажыцьцяўленьня праграмы патрэбна некалькі гадоў, а ў Польшчы неўзабаве парлямэнцкія выбары й няма гарантыяў, што на іх пераможа цяпер кіруючая Грамадзянская плятформа. Аднак прэм’ер Эва Копач выбараў не баіцца.

Э.Копач: Чатыры месяцы гэта ня шмат, але я намерваюся рэалізаваць гэты плян цягам наступных чатырох гадоў, і спадзяюся, што пасьпею.

Абвяшчэньне праграмы для Сілезіі вострай крытыцы паддае апазыцыя. У прыватнасьці, «Права й справядлівасьць» падкрэсьлівае, што такім чынам «Грамадзянская плятформа» спрабуе здабыць галасы выбаршчыкаў.

Таксама экспэрты мяркуюць, што Праграма для Сілезіі вельмі патрэбная, пры гэтым моцна спозьненая.

Матэўш Кэндзерскі з Інстытута імя Сабескага: Урад меў восем гадоў на ўвядзеньне зьмен, напрыклад, у выпадку энэргаёмістых заводаў ці рэструктурызацыі вугальнай прамысловасьці. Кіраўніцтва краіны абвяшчае буйную і сур’ёзную праграму чатыры месяцы да выбараў. Гэта вельмі мала часу, і я лічу, што з гэтых плянаў урад не пасьпее нічога рэалізаваць.

Адзначым яшчэ, што праграмай для Сілезіі скарыстаюцца й іншыя рэгіёны Польшчы, а больш дакладна – энэргаёмістыя заводы, напрыклад, мэталюргічныя ды хімічныя, бо ўрад Эвы Копач паніжае для іх акцызны падатак і звальняе з часткі аплат на фінансаваньне крыніц аднаўляльнай энэргіі.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт