Logo Polskiego Radia
Print

Марнатраўнае дзіця ЭЗ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.07.2015 17:30
  • Марнатраўнае дзіця ЭЗ.mp3
Крызыс 2008-га году ўдарыў па шэрагу краін ЭЗ.

Большасьць зь іх змаглі правесьці рэформы ды аднавілі эканамічны рост. Адзінай праблемнай краінай застаецца Грэцыя.

На днях грэкі прагаласавалі супраць палітыкі ашчаднасьці. Афіны дамагаюцца танных крэдытаў узамен за рэформы. У Эўропе падзяліліся ацэнкі таго, што далей рабіць з Грэцыяй. Адны кажуць, што трэба выдаліць іх з эўразоны, іншыя пра тое, што трэба даць Грэцыі шанец.

У Брусэлі ды іншых эўрапейскіх сталіцах не сьціхаюць размовы наконт Грэцыі. Учора лёс Афінаў абмяркоўвалі канцлер Германіі Ангэля Мэркель ды прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд. Сёньня ў Брусэлі пачыўся саміт, на якім будзе вырашацца пытаньне, ці атрымае Грэцыя новую фінансавую дапамогу.

Нямецкі міністар фінансаў Вольфганг Шаўбле заявіў, што ўсё будзе залежыць ад таго, што запрапануе грэцкі ўрад.

Вольфганг Шаўбле: Зразумела, што мы шануем дэмакратычны выбар грэкаў. Аднак, яны не спрасьцілі сытуацыю. Дарэчы, мы гэтага чакалі, і так сталася. Цяпер мы чакаем на рух грэцкага ўрада. Пабачым, што будзе.

Сярод магчымых варыянтаў разьвіцьця падзеяў частка экспэртаў усё гучней называюць так званы Grexit, то бок выхад Грэцыі з зоны эўра. Пакуль у Брусэлі палітыкі выступаюць супраць гэтага варыянта. Напрыклад старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер заявіў, што ён супраць выхаду Грэцыі з эўразоны ды ЭЗ. Эўракамісія гэтага ня хоча і гатова далей працаваць з урадам у Афінах у справе сплаты даўгоў.

Жан Клёд Юнкерс: Я заўсёды верыў, што мы мусім пазьбегнуць Grexit-а, я супраць гэтага. У Эўразьвязе ёсьць і такія, хто адкрыта вядзе кампанію, каб выдаліць Грэцыю з эўразоны. Мой досьвед мне кажа, што простыя адказы найгоршыя. Дарэчы ў Эўропе няма простых адказаў. У Эўропе ідзецца пра кампрамісы, што цяжка дасягнуць, але праца Эўракамісіі палягае на тым, каб іх выпрацаваць. Мы будзем гэтага трымацца.

Старшыня Эўракамісіі заявіў, што не зусім разумее тое супраць чаго галасавалі грэкі. Маўляў праграма дапамогі ўжо завершаная. Цяпер у Брусэлі чакаюць, калі грэцкі прэм’ер Алексіс Цыпрас прадставіць свае прапановы па выхаду з сытуацыі. У Грэцыі кажуць, што ўрад мае патаемны новы плян. Падрабязнасьці перадае з Афін карэспандэнт Польскага радыё Томаш Майка.

Томаш Майка: Агульная ідэя вядомая новага грэцкага пляну, хоць не ўсе дэталі раскрытыя. Грэцкі ўрад хоча новых пазыкаў, узамен грэкі гатовыя пайсьці на павялічэньне падаткаў у турызьме. Аднак пакуль афіцыйнага пацьверджаньня не было. Новы міністар фінансаў Грэцыі заявіў учора, што Афіны гатовыя да працягу перамоваў. Іх патрабаваньні: скарачэньне на 30% доўгу ды 20 гадовы перапынак у аплаце крэдытаў. Грэкі заяўляюць, што абапіраюцца на разьлікі МВФ, зь якіх вынікае, што на бліжэйшыя тры гады Афінам спатрэбяцца пазыкі на 60 мільярдаў даляраў.

Ня можна пайсьці на саступкі грэкам, пераконваюць эканамісты. Асабліва што тычыцца скарачэньня доўгу. У адваротным выпадку можа пачацца ланцуговая рэакцыя. Гаворыць польскі эканаміст Рафал Расіньскі.

Рафал Расіньскі: Міжнародныя крэдыторы, так званая Тройка: МВФ, Эўрапейскі цэнтральны банк ды Эўракамісія, апынуліся ў вельмі складанай сытуацыі. Няма багатага выбару, што тут можна зрабіць. Калі яны саступяць грэкам, тады аўтаматычна перастануць плаціць іншыя краіны, якія мелі праблемы з дзяржаўным доўгам, як Гішпанія, Партугалія ды Ірляндыя. Гэтыя краіны правялі рэформы. Калі высьветліцца, што грэкам дазволяць, чаму нам нельга.

У Цэнтральнай Эўропе ўважліва сочаць за тым, што адбываецца ў Грэцыі. Славаччына ўжо выступіла супраць новай дапамогі Афінам. У Польшчы больш памяркоўная пазыцыя, але таксама кажуць пра тое, што нельга ратаваць Грэцыю ад банкруцтва любым коштам. Гаворыць дэпутат партыі Грамадзянская плятформа Робэрт Тышкевіч.

Робэрт Тышкевіч: Заўсёды бываюць наступствы такіх моцных крызысаў. Польшча атрымоўвае вялікую падтрымку з ЭЗ, хваляваньні ў эўразоне маглі некарысна паўплываць на польскую валюту. Мы зацікаўленыя тым, каб кампраміс быў дасягнуты, але не любым коштам.

У нядзелю грэкі прагаласавалі на рэфэрэндуме супраць пагадненьня з крэдыторамі ды далейшай палітыкі ашчаднасьці. Краіна мае доўг больш за 300 мільярдаў эўра.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт