Logo Polskiego Radia
Print

Ці гэта ахвяра КПЗБ?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.08.2015 15:07
Паводле жыхара Чаромхі, польскага ўлана ў 1939 годзе забілі дзеячы КПЗБ.

Сьледчы аддзел Інстытута нацыянальнай памяці (IPN) у Беластоку спрабуе высьветліць злачынства часоў Другой сусьветнай вайны. У вёсцы Ставішча каля Чаромхі на Падляшшы, былі эксгумаваныя парэшткі чалавека, над якім перад сьмерцю жорстка зьдзекваліся, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

Пачатак сьледзтва зьвязаны з паведамленьнем, якое два гады таму ў Інстытут нацыянальнай памяці накіраваў адзін з жыхароў Чаромхі. Паводле мужчыны, у дзьвюх магілах могуць знаходзіцца парэшткі польскіх уланаў, якіх у 1939 годзе забілі дзеячы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Падчас эксгумацыі аказалася, што адна магіла была пустая, а ў другой, на якой знаходзілася дошка з надпісам „Анджэй Сяніцкі. Загінуў у 1939 годзе ”, сьледчыя знайшлі парэшткі, стан якіх паказваў на жорсткую сьмерць памерлага.

Пакуль сьледчым не ўдалося высьветліць, чые гэта парэшткі, а даступныя сьпісы загінулых у 1939 годзе жаўнераў таксама не пацьвярджаюць, што ў гэтым месцы мог загінуць польскі ўлан прозьвішчам Анджэй Сяніцкі. Расьсьледаваньне працягваецца, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт