Статкевіч: Лукашэнка хацеў мяне зьнішчыць як палітыка
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
24.08.2015 19:15
Мікалай Статкевіч: дыялёгам з Захадам скарыстаецца толькі Лукашэнка.
nn.by
«Gazeta Wyborcza» паведамляе пра вызваленьне беларускіх палітычных вязьняў і публікуе інтэрвію з вызваленым Мікалаем Статкевічам. Журналіст газэты Андрэй Пачобут задаў апазыцыйнаму палітыку наступнае пытаньне: «Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што калі вы не папросіце яго вас памілаваць, то застанецеся ў турме да канца 6-гадовага тэрміну. Паводле вас, дык чаму ён вас вызваліў?». Статкевіч адказаў: «Лукашэнка хацеў мяне зьнішчыць як палітыка. Дарэчы, мяне ўвагарвалі, каб я папрасіў яго мяне памілаваць. Але я ня бачыў неабходнасьці, каб хоць нешта пісаць. І чым даўжэй ён мяне трымаў за кратамі, тым большы ў мяне быў аўтарытэт. Цяпер жа ў рэжыма няма грошай, а краіна ахопленая крызысам. Таму патрэбныя заходнія крэдыты. Калі б ня гэты факт, то я б сядзеў далей».
Мікалай Статкевіч таксама распавёў, што пасьля вызваленьня з турмы яго пасадзілі на аўтобус у Менск. У аднаго з пасажыраў ён папрасіў мабільны тэлефон, каб пазваніць жонцы. Пасажыры чулі ягоразмову й зразумелі, хто едзе ў аўтобусе. «Я адчуў іх страх», кажа былы палітвязень. Статкевіч распавядае, што кіроўцу аўтобуса пазванілі з вакзала й запыталі, каго ён вязе, бо там сабраўся вялізны натоўп людзей – некалькі соцень чалавек. «Гэта былі свабодныя людзі, і я ўбачыў кантраст паміж імі й пасажырамі ў аўтобусе, якія былі ахопленыя страхам», гаворыць палітык. Журналіст задаў Мікалаю Статкевічу пытаньне наконт умоў утрыманьня ў турме. «Было вельмі цяжка», кажа палітык. У турме сукамэрнікам быў псыхічна хворы чалавек, пазьней падсялілі прадстаўніка найніжэйшай турэмнай касты. «Тады я папярэдзіў адміністрацыю, што калі не перавядуць у іншую камэру, то парэжу сабе вены», кажа Статкевіч. Апазыцыянэр гаворыць, што ў турме самае страшнае – гэта бязьдзеяньне, таму ён пісаў лісты, займаўся спортам і вывучаў ангельскую мову.
«Пасьля вызваленьня палітвязьняў ЭЗ пачне перамовы з Лукашэнкам. Што вы параілі б Захаду?», задаў пытаньне журналіст польскай газэты. «Што неабходна прытрымлівацца правіл і прынцыпаў. Дыялёгам скарыстаецца толькі Лукашэнка. Ён атрымае грошы й яму ўдасца пратрываць найцяжэйшыя часы. Заходнія палітыкі павінны памятаць пра дэмакратычныя каштоўнасьці, на фундамэнтах якіх пабудаваныя іх краіны. І яны павінны паказаць беларусам, што для іх каштоўнасьці – гэта не пустыя словы, што іх ня здрадзяць у імя «рэальполітык», падкрэсьліў Мікалай Статкевіч. Палітык таксама сказаў, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ўпершыню пройдуць без удзела сапраўднага апазыцыйнага палітыка, бо Калякін і Лябедзька не сабралі патрэбнай колькасьці подпісаў.
А на пытаньне пра сваю будучыню Статкевіч адказаў наступным чынам: «Я ніколі не перастану змагацца. Надалей буду займацца палітыкай», зазначыў Мікалай Статкевіч у размове з журналістам пэрыядычнага выданьня «Gazeta Wyborcza».
вс