Logo Polskiego Radia
Print

„Вясёлка” раздору зьнікла з цэнтру Варшавы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.08.2015 14:59
  • Вясёлка.mp3
Мастацкая інсталяцыя зьнікла, але рознагалосьсі засталіся.
PAP/Marcin Obara

Адным яна вельмі падабалася, у іншых выклікала агрэсію. Гаворка ідзе пра рознакаляровую „Вясёлку”, якая тры апошнія гады разьмяшчалася на адной з плошчаў у цэнтры Варшавы. Сёньня ноччу мастацкі аб’ект – прычына ідэалягічных спрэчак паміж варшавянамі - зьнікнуў з плошчы Збаўцы.

У ноч з серады на чацьвер закончылася праца па дэмантажы „Вясёлкі” на плошчы Збаўцы ў Варшаве.

Гэтая мастацкая інсталяцыя з самага пачатку выклікала шмат эмоцый. Яна была пастаўленая ў цэнтры сталіцы ў чэрвені 2012 году.

/

„Вясёлку” выканаў Каапэратыў мастацкага рамяства „Вясёлка”. Вышыня інсталяцыі складала 9 мэтраў, шырыня - 26 мэтраў. Ейная вага перавышала 8 тонаў і складалася з тысячаў плястыкавых кветак, прымацаваных да мэталічнай канструкцыі.

Паводле задумы аўтаркі Юліты Вуйцік „Вясёлка” мела быць станоўчым заклікам да талерантнасьці, павагі чалавека як адзінкі й права на ўласныя перакананьні й меркаваньні.

Аднак нацыяналістычныя арганізацыі хутка назвалі арт-аб’ект сымбалем асяродзьдзяў ЛГБТ. Многім асобам не падабалася таксама тое, што ён быў разьмешчаўся перад уваходам у касьцёл Сьвятога Збаўцы. Некаторыя сумняваліся таксама ў мастацкай каштоўнасьці інсталяцыі, называючы яе „плястыкавым безгустоўем”.

Цягам трох гадоў ажно 7 разоў „Вясёлка” была мэтай актаў вандалізму, галоўным чынам, падпалаў. Найбольш спэктакулярным быў акт з 11 лістапада 2013 году, які адбыўся падчас Маршу незалежнасьці, арганізаванага правапалітычнымі асяродзьдзямі.

/

Апошні раз інсталяцыю падпалілі на пачатку сьнежня 2014 году. Неаднаразова ля інсталяцыі праходзілі пратэсты грамадзянаў – адны за дэмантажам інсталяцыі, другія - у яе падтрымку.

Для прадухіленьня чарговых актаў вандалізму гарадзкія ўлады вырашылі паставіць на інсталяцыі адмысловую супрацьпажарную сыстэму. Апрача таго, уся плошча
была ахопленая кругласутачным магіторынгам. За „Вясёлкай” таксама круглыя суткі назіралі функцыянэры муніцыпальнай паліцыі.

/

Дэмантаж мастацкай інсталяцыі зьвязаны з заканчэньнем тэрміну дамовы, якую Інстытут імя Адама Міцкевіча заключыў з уладамі Варшавы. Паводле дакумэнту, тэрмін знаходжаньня „Вясёлкі” на плошчы Збаўцы мінае напрыканцы бягучага году.

А што пра знос арт-аб’екта думаюць варшавяне? Шмат сьведчыць пра тое, што хоць інсталяцыя зьнікла, то рознагалосьсі не.

Жанчына: Вельмі добра, вельмі прыгожа. Цяпер лепш, бо „Вясёлка” проста была непрыгожая.

Жанзцына: Я не магла прывыкнуць да яе. Апрача таго, ейнае ўтрыманьне было вельмі дарагім. Інсталяцыі пастаянна пільнавалі два функцыянэры муніцыпальнай паліцыі, быў маніторынг. Цяпер лепш выглядаюць самыя кветкі.

Жанчына: Мне здаецца, што плошча Збаўцы стала ўжо атаясамлівацца зь „Вясёлкай”. Людзі прыходзілі, каб пабачыць яе. А цяпер… можа яны будуць прыходзіць паглядзець, як пляц выглядае безь „Вясёлкі”.

Жанчына: О, „Вясёлкі” няма! Вельмі добра! Грамадзтва не павінна плаціць за тое, каб паліцыя пільнавала яе круглыя суткі. Гэта ня мае сэнсу.

Мужчына: Мне прыкра. Цяпер на пляцы проста лыса. Было калярова, цёпла, сымпатычна, нешта адбывалася ў Варшаве. Цяпер жа без такіх аб’ектаў Варшава сумная й шэрая.

Дарэчы, плошча Збаўцы - гэта трэцяе ў чарговасьці месца разьмяшчэньня мастацкай інсталяцыі. Раней „Вясёлку” можна было пабачыць у гарадку Вігры на Падляшшы, дзе яна сымбалічна падтрымлівала сьцяну кляштара камэдулаў, а ў 2011 годзе ў Брусэлі, дзе стаяла перад Эўрапейскім парлямэнтам.

Аўтарка „Вясёлкі”, пэрформэрка Юліта Вуйцік скончыла Факультэт скульптуры Гданьскай акадэміі выяўленчага мастацтва. Яна стала вядомай, між іншым, праектам „Чышчэньня бульбы” ў варшаўскай нацыянальнай галерэі „Zachęta”. Апранутая ў белым халат артыстка сядзела на крэсьле й чысьціла бульбу. Такім чынам яна хацела зьвярнуць увагу гледачоў на сытуацыю жанчын у Польшчы.

За „Вясёлку” ў 2012 годзе Юліта Вуйцік атрымала прэстыжную ўзнагароду тыднёвіка „Polityka” - Пашпарт „Палітыкі” (Paszport „Polityki”) у катэгорыі візуальных мастацтваў.

/

Дэмантаваная на плошчы Збаўцы скульптуры будзе перавезеная ў Цэнтар сучаснага мастацтва.

„Мы будзем надалей супрацоўнічаць з аўтаркай, а „Вясёлка” стане часткай калекцыі цэнтру”, - запэўнівае яго дырэктарка Малгажата Людвісяк.

аз
фота: PAP/Marcin Obara

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт