Любоўная сувязь з Лукашэнкам
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
06.10.2015 15:24
Лукашэнка – гэта эфэктыўны палітык, кажа былы амбасадар РП у Беларусі.
„Польшча з надзеяй глядзела на адраджэньне Беларусі, паколькі бачыла ў ёй дзяржаву, якая мае супольныя з польскімі інтарэсы ў рэгіёне(…)Аднак станоўчая дынаміка ўзаемаадносінаў пачала мяняцца з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі”, - піша былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка на старонках выданьня „Rzeczpospolita”.
Паводле дыплямата, пачатковая рэакцыя Варшавы на правакацыйныя паводзіны прэзыдэнта Беларусі была стрыманай, паколькі краіна імкнулася да захаваньня добрасуседзкіх адносінаў.
„Хутчэй за ўсё менавіта гэтым кіраваўся прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, пагаджаючыся на сустрэчу з Лукашэнкам 30 сакавіка 1996 году ў вядомых Віскулях у Белавескай пушчы”, - нагадвае Лешак Шарэпка. Ён дадае, што сустрэча Квасьнеўскі- Лукашэнка на многія гады засталася апошняй на такім высокім узроўні.
Чарговы раз непасрэдныя размовы з Лукашэнкам на вышэйшым узроўні ў 2010 годзе ініцыяваў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
„Розныя выказваньні тагачаснага кіраўніка польскай дыпляматыі сьведчылі пра тое, што ён шчыра верыў у тое, што яму ўдасца пераканаць беларускага лідара да працэсу дэмакратычных пераменаў(…) З пэрспэктывы бачна, што тагачасныя надзеі, зьвязаныя з наладжаньнем непасрэдных перамоваў з Лукашэнкам, ня споўніліся”, - кажа былы амбасадар.
Паводле яго, цяпер дэмакратыя ў гэтай краіне здаецца ў яшчэ горшым стане, чым тады. Аднак у кантэксьце падзеяў ва Ўкраіне зноў чуваць заклікі да супрацы зь Беларусяй й ейным лідарам.
„У дачыненьні да гэтай краіны й яго грамадзянаў мы павінны праводзіць прадуманую, добрасумленную й пасьлядоўную палітыку. Нельга таксама ігнараваць таго, што Лукашэнка – гэта эфэктыўны палітык. Я перакананы, што нават, калі нам здарыцца нейкі час ісьці побач, то канчаткова нам зь ім не па дарозе”, - перасьцерагае Лешак Шарэпка на старонках выданьня „Rzeczpospolita”.
аз