Logo Polskiego Radia
Print

Нобэлеўская прэмія міру за дэмакратычныя пераўтварэньні ў Тунісе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.10.2015 13:43
  • nobel pokojowy.mp3
Узнагарода прысуджана чатыром арганізацыям, якія аб’ядналіся ў часы Арабскай вясны.

/

Учора беларусаў ахапіла радасьць, калі стала вядома пра прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятлане Алексіевіч, а сёньня сталі вядомыя ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру. На гэты раз цешацца тунісцы. Узнагароду атрымала не адна асоба і нават не адна арганізацыя, а цэлы круглы стол, дакладней – Туніскі «квартэт» нацыянальнага дыялёгу – чатыры арганізацыі, якія аб’ядналіся ў часы Арабскай вясны.

Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію міру ўжо 96-ы раз. Сярод намінантаў на ўзнагароду было 205 чалавек і 68 арганізацый. У склад Туніскага нацыянальнага дыялёгу ўваходзіць калегія адвакатаў, мясцовая асацыяцыя прафсаюзаў UGTT, ліга правоў чалавека і канфэдэрацыя прамысловасьці, гандлю і рамёстваў. Ляўрэата аб’явіла старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Касі Кульман Фівэ.

К. Кульман Фівэ: Сёлета Нобэлеўскую прэмію ў галіне міру мы прысуджаем Туніскаму «квартэту» нацыянальнага дыялёгу за рашучы ўнёсак у будаваньне шматпартыйнай дэмакратыі на хвалі Арабскай вясны. Ён прадставіў альтэрнатыву – мірны палітычны працэс пераходу да дэмакратыі, калі дзяржава была на парозе грамадзянскай вайны.

Дзейнасьць Туніскага дыялёгу паказала, што магчымае супрацоўніцтва ў рамках грамадзтваў на Блізкім Усходзе, – адзначыла прадстаўніца камітэту. Яе меркаваньнем, узнагарода павінна ўмацаваць дэмакратыю ў Тунісе.

К. Кульман Фівэ: Перад Тунісам стаяць важныя палітычныя ды эканамічныя задачы, а таксама заданьне гарантаваць людзям бясьпеку. Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт спадзяецца, што прэмія замацуе дэмакратыю ў гэтай краіне і будзе ўзорам для тых, хто хоча пашыраць дэмакратыю і мір на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы ды ў іншых кропках на Зямлі.

Туніскага нацыянальнага дыялёгу не было сярод фаварытаў. Сярод першых фаварытаў называліся канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, двое японцаў, якія перажылі атамную атаку на Нагасакі і змагаюцца з ядзернай зброяй, папа рымскі Францішак. Але назіральнікі адзначалі, што ад камітэту ўсяго можна чакаць. Сьвет быў зьдзіўлены, калі ён прысудзіў прэмію Ясіру Арафату невядома за што, або Бараку Абаму толькі за тое, што той правёў перадвыбарчую кампанію. Часам рашэньне аб прызнаньні прэміі міру зьдзіўляе, паколькі незразумелыя прынцыпы яе прысуджэньня, – гаворыць міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў.

А. Фёдараў: Я вам скажу, што гэтыя Нобэлеўскія прэміі міру іншым разам дзіўныя людзі атрымлівалі. Напрыклад, Абама атрымаў у першы год свайго кіраваньня, гэта было зусім незразумела. Калі мы паглядзім сьпіс апошніх 20-30 гадоў – хто атрымліваў прэміі, то наўрад ці ўспомнім тых людзей. Іншым разам, канешне, дастойныя людзі былі, як той жа Сахараў. Але часта атрымлівалі зусім невядомыя асобы, незразумела, за што. Баюся, што і гэтае прызначэньне можа быць з таго шэрагу. Калі б мне давялося аддаваць свой голас, я б прагаласаваў за Ангелу Мэркель.

Тым ня менш, для прадстаўнікоў арганізацый трэцяга сэктару гэтая ўзнагарода мае вялізнае значэньне, яна натхняе іх да далейшай дзейнасьці. А ў Тунісе менавіта такія арганізацыі атрымалі прэмію. На гэта зьвяртае ўвагу кіраўнік польскага аддзелу Amnesty International Драгін’я Надаждзін.

Д. Надаждзін: Яны заўсёды прадстаўляюць у сваёй дзейнасьці працу шматлікіх іншых дзеячаў і актывістаў, якія часта рызыкуюць жыцьцём, свабодай, бясьпекай, змагаючыся за правы чалавека, паказваючы, што без роўнасьці, без пашаны правоў чалавека ня можа ісьці гаворкі пра мір на Зямлі.

Надаждзін адзначае, што ёсьць розьніца паміж намінаванымі дзеячамі арганізацый трэцяга сэктара, актывістамі, ды палітыкамі.

Д. Надаждзін: Палітыкі могуць зрабіць вельмі многа, калі гаворка ідзе пра дзейнасьць на карысьць міру на Зямлі. На маю думку, гэтыя дзеяньні заўсёды абапіраюцца ў нейкай ступені на пашану правоў чалавека. У сваю чаргу трэба быць вельмі асьцярожным, прымаючы рашэньне аб тым, каб узнагародзіць палітыкаў за іх працу – ці гэта іх звычайная дзейнасьць, ці сапраўды вялікі ўчынак.

Прэмія за дзейнасьць на карысьць міру прысуджаецца кожны год Нобэлеўскім камітэтам у Осла. Нагадаем, што ў апошнія тры гады ляўрэатамі ўзнагароды былі Эўрапейскі Зьвяз (2012), Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (2013), пакістанская праваабаронца Малала Юсуфзай і змагар за правы дзяцей зь Індыі Кайлаш Сацьяртхі (2014).

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт