Logo Polskiego Radia
Print

Далей жывем у стабілізацыі і спакоі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.10.2015 12:25
  • A.Dyner.mp3
А. Дынэр: 100-працэнтнай упэўненасьці не было толькі наконт маштабу пратэсту ды рэакцыі на яго сілаў правапарадку.
foto: Glow Images/East News/polskieradio.pl

/

Вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі для нікога ня сталі нечаканасьцю. Сталася так, як мела быць – каля 80% для Лукашэнкі, іншыя кандыдаты далёка ззаду. Перадвыбарчая кампанія таксама была падобнай да папярэдняй. Адзінае, наконт чаго не было 100-працэнтнай упэўненасьці да канца нядзелі, гэта маштаб пратэсту грамадзян і апазыцыі ды рэакцыя на яго сілаў правапарадку.

Выбары ў краіне прайшлі спакойна, іх вынік быў вядомы загадзя. І нават тыя, хто выступае супраць Лукашэнкі, ня верыў, што прадстаўнікі апазыцыі змогуць атрымаць значную колькасьць галасоў, калі толькі адна Тацьцяна Караткевіч здолела сабраць 100 тыс. подпісаў, неабходных дзеля рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты. У апазыцыі няма аднаго лідара, частка актывістаў нават крытыкавала Тацьцяну Караткевіч, няма адзінай праграмы і падтрымкі грамадзтва. І калі наконт вынікаў выбараў не было сумненьняў, то адзінае, наконт чаго нельга было да канца быць ўпэўненым, гэта пасьлявыбарчы вечар, – адзначае аналітык, спэцыялістка па Ўсходняй Эўропе з Польскага інстытуту міжнародных спраў Анна Марыя Дынэр.

А.Дынэр: Вядома, што ў Беларусі няма пратэстацыйнага настрою, усе баяцца ўкраінскага сцэнару, але зь іншага боку не было вядома, ці не здарыцца нейкая правакацыя, ці Лукашэнка пад уплывам эмоцый ня выдасьць загад арыштаваць пратэстуючых. Аднак выбары прайшлі спакойна. Я жартам сказала перад галасаваньнем, што будзе 82%, ня моцна памылілася. Мы крыху пасьмяяліся.

Чаму на гэты раз выбары прайшлі інакш, чым 5 гадоў таму? Чаму апазыцыя не заклікала да «плошчы» пасьля галасаваньня, калі ўсе ведалі, што вынікі фальсыфікуюцца? Сытуацыя цяпер іншая па некалькіх прычынах, – кажа Анна Дынэр.

А. Дынэр: Першая: адносіны з Захадам. Для Беларусі на дадзены момант вельмі важна наладзіць нармальныя кантакты – як па эканамічных, так і палітычных прычынах. Другая справа – усе цяпер крыху апасаюцца ўкраінскага сцэнару. Масавыя пратэсты маглі б выклікаць рэзкую рэакцыю Расеі, або рэакцыю грамадзтва, якую, накшталт сьнежнага кому, немагчыма было б затрымаць. Апазыцыя баялася, што можа стаць ахвярным казлом, якую абвінавацяць у тым, што не ўдалося нармалізаваць адносін з Захадам. У такім выпадку грамадзтва сказала б апазыцыі: усё было спакойна, навошта вы выходзілі на вуліцу, правакавалі і г. д. Акрамя таго, Расея паказала ва Ўкраіне, што яна не затрымаецца перад абаронай сваіх інтарэсаў кожнай цаною. Так што рызыка, зьвязаная з пратэстамі, была занадта высокай, і грамадзтва не сьпяшалася пратэставаць.

Сёньня ў Люксэмбургу сустракаюцца міністры замежных спраў сяброўскіх краін ЭЗ. Адной з галоўных тэмаў сустрэчы зьяўляецца адмена санкцый супраць Беларусі. Сябры Зьвязу па-рознаму ставяцца да гэтага пытаньня, розныя меркаваньні гучаць таксама наконт таго, як ЭЗ павінен рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. На сустрэчы міністры павінны прыйсьці да кансэнсусу і санкцыі прыпыніць, – паведамляе карэспандэнтка Польскага радыё ў Брусэлі Бэата Пламэцка.

Б. Пламэцка: Эўрапейскі Зьвяз намераны прыпыніць санкцыі на чатыры месяцы, паколькі Аляксандар Лукашэнка робіць крокі насустрач Захаду. Каля 140 прадстаўнікоў беларускага рэжыму на чале з самім кіраўніком краіны атрымалі б зноў магчымасьць выяжджаць у Эўропу, з рахункаў у заходніх банках была б зьнятая блякада, а беларускія фірмы маглі б атрымліваць эўрапейскія крэдыты. Аднак надалей ёсьць група дзяржаў, якія скептычна ставяцца да справы, у тым ліку Польшча, якая ня верыць у дэмакратызацыю Лукашэнкі.

Анна Дынэр выказваецца супраць поўнай і безумоўнай адмены санкцый. Найлепш было б прыпыніць іх дзейнасьць на нейкі пэрыяд, каб зрабіць жэст у адносінах Беларусі, але каб санкцыі ў той жа час віселі над галавой кіруючых элітаў як Дамоклаў меч або пісталет на сцэне, які ў кожную хвіліну можа выстраліць.

А. Дынэр: Лягчэй прыпыніць санкцыі, чым уводзіць іх нанава. Гэтыя выбары нельга прызнаць свабоднымі і дэмакратычнымі, але з іншага боку ЭЗ павінен перагледзіць сваю палітыку ў адносінах Беларусі. Былі зробленыя сур’ёзныя памылкі і ў палітыцы адкрытасьці, і ў палітыцы ізаляцыі. Неабходна знайсьці такі варыянт, ад якога карысьць была б абодвум бакам. Нельга падтрымліваць толькі незалежныя беларускія арганізацыі, у такім выпадку ўлады збайкатуюць супрацоўніцтва. Неабходна паказваць, што супраца з ЭЗ прынясе карысьць звычайным беларусам – гэта спрашчэньне візавых працэдур, сыстэма мабільнасьці МОСТ (магчымасьць студэнтаў праходзіць навучаньне ў розных установах) і г.д.

У актуальнай геапалітычнай сытуацыі, эвалюцыйныя зьмены могуць аказацца лепшымі, чым раптоўныя, – падсумоўвае аналітык Анна Марыя Дынэр. Лукашэнка баіцца такіх зьменаў, якія маглі б для яго ўсё зьмяніць. На іншыя, менш для яго небясьпечныя, ён мог бы пайсьці.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт