Logo Polskiego Radia
Print

У Маскве знойдзены архіў польскай даваеннай выведкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.12.2015 14:36
Паводле міжнароднага права Расея павінна вярнуць Польшчы гэтыя дакумэнты, але ня хоча.
Photo: pixabay.com

Нямецкія гісторыкі знайшлі ў Расеі дакумэнты даваенных польскіх разьведвальных службаў і паліцыі. Паводле міжнароднага права, Масква павінна вярнуць архіў палякам, але ня хоча, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Гаворка ідзе пра двойчы просвоеныя дакумэнты. У 1939 годзе большасьць архіваў польскіх разьведвальных службаў, якія па розных прычынах не былі зьнішчаныя, захапілі гітлераўцы. Гэта была сапраўдная катастрофа, паколькі на іх падставе Гестапа магло высачыць і ліквідаваць польскіх агентаў.

У сваю чаргу ў 1945 годзе дакумэнты, якія пратрывалі вайну, амаль поўнасьцю захапіла Чырвоная Армія й НКУС. Уладам ПНР удалося вярнуць назад толькі невялікую іх частку, дарэчы, найменш важную.

Нейкую частку архіваў, якія заставаліся ў Маскве, польскім гісторыкам удалося скапіяваць у 90-я гады. Аднак большасьць надалей застаецца для іх недаступнай.

Тым часам нямецкія гісторыкі, якія ў расейскіх архівах шукаюць уласныя дакумэнты, знайшлі амаль 20 польскіх тамоў.

„Гэта першы амаль за 20 апошніх гадоў сьлед архіваў польскіх службаў”, - падкрэсьлівае дырэктар Цэнтральнага вайсковага архіва Анджэй Чэслаў Жак. Польскія дасьледчыкі пра гэтыя дакумэнты нічога ня ведалі.

Паводле Жака, у расейскіх архівах могуць знаходзіцца тысячы тамоў дакумэнтаў польскіх разьведвальных службаў ды польскіх даваенных установаў.

„А таксама архівы Польскага Каралеўства, якія расейцы вывезьлі з Варшавы падчас Першай Сусьветнай вайны”, - кажа дырэктар Цэнтральнага вайсковая архіва.

Тым часам нямецкія навукоўцы, якія маюць доступ да расейскіх архіваў, капіруюць дакумэнты й публікуюць іх у інтэрнэце. Ужо вядома, што на іх падставе адразу пасьля вайны саветы маглі высочваць і ліквідаваць польскіх агентаў, а таксама помсьціць іхным сям’ям.

Паводле міжнароднага права, Расея павінна вярнуць палякам архіў, але Масква на гэта ня пагаджаецца, хоць падобныя дакумэнты, якія гітлераўцы вывезьлі зь Нідэрляндаў, Францыі ды Бэльгіі, яна вярнула, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт