Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ўзгадвае ахвяры камуністычнага тэрору

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.12.2015 15:30
  • ахвяры камуністычнага тэрору.mp3
34 гады таму ўлады камуністычнай Польшчы ўвялі ў краіне ваеннае становішча.
Neun Arbeiter wurden bei den Wujek-Protesten getötet.Neun Arbeiter wurden bei den Wujek-Protesten getötet.polskieradio.pl/ IPN

Найбольш трагічнымі падзеямі той эпохі сталі разгоны шахцёрскіх пратэстаў. У Польшчы прайшлі памятныя ўрачыстасьці, прысьвечаныя гэтай трагедыі.

Катавіцэ, Шахта “Вуек”, 16-га сьнежня 1981-га году. Міліцыя ўварвалася на тэрыторыю шахты, дзе праходзіла забастоўка. Узброеныя аўтаматамі пры падтрымцы танкаў спэцатрады міліцыі застрэлілі 9 чалавек, а 21 асоба была паранена. Падрабязьней распавядае журналістка Польскага радыё Эдыта Позьняк.

Эдыта Позьняк: Страйк на шахце пачаўся 14-га сьнежня. Шахцёры дамагаюцца вызваленьня арыштаванага лідара фабрычнай “Салідарнасьці” Яна Людвічака. Шахцёры забарыкадаваліся на тэрыторыі прадпрыемства. Пасьля таго, як улады сілай разагналі страйк на тэрыторыі шахты “Ліпеньскі маніфэст”, стала ясна, што “Вуек” будзе наступнай. Улады неўзабаве пачынаюць штурм. На тэрыторыю шахты заяжджаюць танкі, а спэцатрады міліцыі страляюць у пратэстоўцаў. Гінуць людзі. Шэсьць загінула на месцы, яшчэ 3 памерлі ад ран у шпіталі. Шахцёры ня мелі шанцаў абараніцца ў сутыкненьні з войскам ды узброенай міліцыяй. Апошнім пунктам пратэсту была шахта “Пяст”. Там улады правялі штурм два тыдні пазьней.

Разгон забастоўкі ў шахце “Вуек” сучасьнікі назвалі самай трагічнай падзеяй пэрыяду ваеннага становішча ў Польшчы. Сёньня ў Катавіцэ ў памяць тых падзей адбыліся ўрачыстасьці, у якіх узяла ўдзел прэм’ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла. Мерапрыемства праходзіла пад помнікам загінулых шахцёрам. Гэтае месца штогод прыцягвае тысячы людзей, гаворыць жыхар гораду.

Мінак: Калі загінулі тыя шахцёры, сюды прыходзіла шмат людзей. Тут адчувалася тая атмасфэра страху, але й адначасова і гонару, што, нягледзячы на вялікі боль, у нас былі такія героі.

Людзі ў Катавіцэ падтрымліваюць памяць пра тыя падзеі, кажа ўдзельніца мерапрыемстваў.

Жанчына: Наколькі магу, я расказваю ўнукам, перадаю веды пра тыя падзеі, паказваю месцы здарэньняў, рэчы з тых дзён.

Падчас сёлетніх урачыстасьцяў каля помніка была афіцыйна адчынена памятная дошка, прысьвечаная лекарам, мэдсёстрам, якія ратавалі параненых шахцёраў. Гэта таксама важны момант гісторыі, кажа былы ардынатар Цэнтральнага шпіталя ў Катвіцэ, старшыня Асацыяцыі “Салідарнасьць і памяць” праф. Гжэгаж Апала.

Гжэгаж Апала: Дошка нагадвае пра тое, што падчас таго злачыннага канфлікту быў яшчэ трэці бок. Гэта былі тыя, хто атакаваў ды страляў у людзей, каб забіць, былі тыя, хто бараніў ды загінуў, былі тыя, хто ратаваў. Гэта дае цэльную выяву, дапаўняе абавязак гістарычных дзеяньняў.

Былая мэдсястра шпіталя Зофія Кера па сёньняшні дзень памятае першага параненага шахцёра, якога прывезьлі ў шпіталь.

Зофія Кера: Я па сёньняшні дзень памятаю, думаю, гэта назаўсёды застанецца ў мяне ў памяці, вельмі сумны позірк таго першага пацыента, ахвяры, калі яго прывезьлі. Стрэс, эмоцыі, непакой, што далей, чыталіся ў ягоных вачах. Яго вочы сьлязіліся ад сродку, які там распылялі. Пазьней у нас ва ўсіх былі праблемы з вачамі.

Трагедыя шахцёраў “Вуйка” не забыта. У 2008-м годзе суд вынес вэрдыкт у дачыненьні да міліцыянтаў, якія праводзілі разгон. Былы камандзір спэцатрада міліцыі Рамуальд Цесьляк атрымаў 6 гадоў турмы, два ягоныя падначаленыя па 4 гады, і па 3,5 гадоў для яшчэ 11 амапаўцаў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт