Logo Polskiego Radia
Print

Анджэй Дуда заклікае да донарства органаў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.01.2016 15:09
  • донарства органаў.mp3
Прэзыдэнт сам падпісаў заяву аб донарстве ў гадавіну першай удалай перасадкі ныркі ў Польшчы.
Прэзыдэнт Анджэй Дуда трымае карту донара органаў.Прэзыдэнт Анджэй Дуда трымае карту донара органаў.Photo: PAP/Rafał Guz

Анджэй Дуда падтрымлівае трансплянталёгію ў Польшчы. Кіраўнік польскай дзяржавы прыняў удзел у XII Сымпозіюме польскага трансплянтацыйнага таварыства, арганізаваным з нагоды 50-годзьдзя першай пасьпяховай перасадкі ныркі ў Польшчы.

Каб даць прыклад сваім суайчыньнікам, Анджэй Дуда падпісаў заяву, якая ў выпадку сьмерці дазваляе ўзяць яго органы для трансплянтацыі й атрымаў карту донара органаў.

Анджэй
Анджэй Дуда падпісвае неабходную заяву, якая ў выпадку сьмерці дазваляе ўзяць яго органы для перасадкі.

Падчас мерапрыемства Анджэй Дуда падкрэсьліваў, што той, хто вырашаецца аддаць свае органы пасьля сьмерці, на самой справе аддае сябе іншым.

Анджэй Дуда: Мы не жывем выключна самі для сябе, самі для сябе таксама не паміраем.

Менавіта таму кіраўнік польскай дзяржавы вырашыў сам падпісаць неабходную заяву, якая ў выпадку сьмерці дазваляе ўзяць яго органы для перасадкі.

Анджэй Дуда: Я падпішу заяву, то бок згоду на тое, каб у выпадку сьмерці можна было ўзяць мае органы, зразумела, калі гэта будзе магчыма. Я хацеў бы заклікаць, каб як мага найбольш маіх суайчыньнікаў прынялі падобнае рашэньне. Гэта будзе гэткі наш унёсак у дапамогу польскай трансплянталёгіі.

Анджэй Дуда заахвочваў задумацца над гэтым пытаньнем.

Анджэй Дуда: Я б хацеў, каб мой выступ быў, скажам так, заклікам да таго, каб кожны з маіх суайчыньнікаў задумаўся пра тое, ці ён гатоў прыняць гэткае рашэньне.

Прэзыдэнт
Прэзыдэнт Анджэй Дуда на XII Сымпозіюме польскага трансплянтацыйнага таварыства.

Прэзыдэнт дадаў, што ў Польшчы магло б адбывацца значна больш перасадак, але пакуль гэта немагчыма з-за адсутнасьці дастатковай колькасьці донараў.

Анджэй Дуда: Многія людзі, якія ўсё ж вырашаюцца стаць донарамі, адчуваюць, што іх сьмерць або сьмерць іх блізкіх мае нейкі дадатковы сэнс. Хоць мой блізкі або я сам ня будзем жыць даўжэй, то мы некаму дапаможам, выратуем жыцьцё ці прадоўжым час, які гэтая асоба можа правесьці тут са сваімі блізкімі.

Прысутны на ўрачыстасьці міністар аховы здароўя Канстанцін Радзівіл падкрэсьліў значэньне донараў органаў у разьвіцьці трансплянталёгіі ў Польшчы.

Mіністар
Mіністар аховы здароўя Канстанцін Радзівіл.

Канстанцін Радзівіл: Большасьць зь іх – гэта людзі, якія памерлі ў трагічных абставінах. Аднак, гэта таксама тыя, хто вырашыў аддаць органы сваім блізкім, ці зусім чужым людзям, якія мелі гэткую патрэбу. Пры нагодзе гэтай гадавіны варта таксама падкрэсьліць унёсак донараў органаў у разьвіцьцё трансплянталёгіі ў Польшчы.

У мінулым годзе ў Польшчы былі перасаджаныя больш за 1 500 органаў, у тым ліку 1 100 нырак, амаль 1 000 сэрцаў і больш за 300 пячонак.

Пацыенты, якія атрымалі органы, адзінагалосна падкрэсьліваюць, што дзякуючы перасадцы органаў яны атрымалі другі шанец.

Першая перасадка ныркі ў Польшчы была праведзена 26 студзеня 1966 году. Гэта быў пераломны дзень у сумеснай працы Хірургічнай клінікі на чале з прафэсарам Янам Нелюбовічам (поль. Jan Nielubowicz) і Клінікі ўнутранай мэдыцыны на чале з прафэсарам Тадэвушам Арлоўскім (поль. Tadeusz Orłowski) з Мэдыцынскай акадэміі ў Варшаве.

Прафэсар Ян Нелюбовіч з групай лекараў зьдзейсьніў першую ў Польшчы ўдалую перасадку ныркі ад памерлага чалавека.

У сувязі з адсутнасьцю адпаведнага заканадаўства, як у гэтым першым выпадку, так і ў многіх наступных, лекары павінны былі атрымаць на трансплянтацыю дазвол пракурора.

Атрымальніцай першай перасаджанай у Польшчы ныркі была Данута Мілеўска (поль. Danuta Milewska) -18-гадовага вучаніца мэдыцынскага вучылішча. Апэрацыя закончылася посьпехам і хворая пасьля трох тыдняў была выпісана дадому.

Аднак пацыентка памерла праз восем месяцаў з-за вострага панкрэатыту, то бок запаленьня падстраўнікавай залозы. Да зьнішчэньня залозы прычыніліся стэроідныя лекі, якія пацыентка была прымушаная прымаць пасьля перасадкі.

Гэтая першая, выкананая ў Варшаве перасадка ныркі, стала пачаткам эпохі трансплянтацыі органаў у краіне. Яна была велізарным дасягненьнем, вынікам многіх месяцаў працы й падрыхтоўкі лекараў. Падзея выклікала таксама вялікае зацікаўленьне СМІ.

Аднак пасьля першай інфармацыі ў прэсе на гэтую тэму адгукнуліся лекары з Уроцлава. Аказалася, што раней, то бок у другой палове 1965 году ва Ўроцлаве, перасадку ныркі правяла каманда лекараў пад кіраўніцтвам прафэсара Віктара Броса (поль. Wiktor Bross). Паколькі спроба перасадкі не ўдалася, то падзея не была агучаная.

У Польшчы на гэты час зарэгістраваныя каля 90 тысяч донараў органаў, то бок асобаў, якія падпісалі адпаведную заяву на выпадак сваёй сьмерці.

ФОТА: PAP/Rafał Guz

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт