Logo Polskiego Radia
Print

Расейцы Варшавы аб’ядналіся, каб змагацца за дэмакратыю на радзіме

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.01.2016 18:21
  • За свабодную Расею.mp3
«Мы хочам будаваць «расейскі сьвет здаровых людзей», а не дыктатараў і імпэрыялістаў – заяўляюць сябры асацыяцыі «За свабодную Расею».
Старонка Асацыяцыі "За вольную Расею" ў Facebook'у: facebook.com/wolnarosja/

Расейцы, якія жывуць і працуюць у Варшаве, аб’ядноўваюцца, каб паспрыяць дэмакратычным пераменам на сваёй радзіме. У Варшаве зарэгістраваная Асацыяцыя «За свабодную Расею». На першай сустрэчы афіцыйна зарэгістраванай арганізацыі пабываў Аляксандар Папко.

У Варшаве ўжо працяглы час дзейнічаюць СМІ й грамадзкія арганізацыі ўкраінцаў і беларусаў, якія актыўна ўплываюць на палітычнае жыцьцё ў сваіх краінах. Цяпер настала чарга аб’яднацца дэмакратам з Расеі. Асацыяцыя «За свабодную Расею» аб’ядноўвае паўтара дзесятка маладых расейцаў, якія жадаюць бачыць сваю краіну свабоднай і эўрапейскай, а таксама іх сяброў і аднадумцаў-палякаў.

Асацыяцыя атрымала афіцыйную рэгістрацыю 20 студзеня гэтага году, хоць дзейнічае яна больш за год. Аб’яднацца абсалютна розных людзей, якія раней не кантактавалі паміж сабой, падштурхнула анэксія Крыму. Пра гісторыю стварэньня асацыяцыі распавядае журналістка Маша Макарава.

Марыя
Марыя Макарава

М. Макарава: Шчыра кажучы, я ня ведала расейцаў, якія жывуць у Польшчы да таго моманту, пакуль мы ня вышлі пратэставаць супраць анэксіі Крыму. Толькі тады мы й пазнаёміліся. Праблема расейцаў, якія нядаўна прыехалі ў Польшчу, заключаецца ў тым, што яны вельмі хутка асымілююцца. Я, напрыклад, некалькі гадоў да гэтага не жыла разам з расейцамі, не кантактавала з расейцамі, і нават мая мова была з жахлівым польскім акцэнтам...

Стварыць сталую арганізацыю расейскіх дэмакратаў прымусіла іншая трагічная падзея – забойства ў лютым 2015 году расейскага палітыка Барыса Нямцова. Пра гэта расказвае адна з заснавальніц асацыяцыі антраполяг Валянціна Чубарава.

Валянціна
Валянціна Чубарава

В. Чубарава: Пераломным момантам стала забойства Барыса Нямцова. Мы зразумелі, што адбылася падзея, якая проста не пакідае нам выбару. Немагчыма сядзець і нічога не рабіць, проста ўцячы ад гэтага й заплюшчыць вочы.

Мэта Асацыяцыі «За свабодную Расею», як выразілася Валянціна Чубарава, будаваць «расейскі сьвет здаровых людзей», а не дыктатараў і імпэрыялістаў.

В. Чубарава: Мы хочам уплываць на тое, што адбываецца ў Расеі. Мы хочам паказваць у Польшчы пазытыўны бок Расеі, будаваць «расейскі сьвет здаровага чалавека», прыгадваць, як шмат было й застаецца добрага ў расейскай культуры, гісторыі, і нават палітычнай традыцыі. Мы хочам будаваць сувязі паміж людзьмі, знаёміць палякаў з цікавымі людзьмі з Расеі.

Калі магчымасьці ўплываць на ўладу ў самой Расеі абмежаваныя, мы будзем рабіць гэта з Эўропы – кажа Марыя Макарава.

М. Макарава: У тых выпадках, калі расейскія дэмакраты ня могуць паўплываць на ўладу, гэта можам рабіць мы. Напрыклад, мы маем магчымасьць дабівацца міжнароднага расьсьледаваньня забойства Барыса Нямцова, узьдзейнічаць на тыя мэханізмы Эўразьвязу, на якія можна ўзьдзейнічаць.

За мінулы сябры асацыяцыі правялі ў польскай сталіцы некалькі значных акцыяў. Сярод іх – акцыя «Вяртаньне імёнаў» у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў, пратэсты пад расейскай амбасадай у знак нязгоды з прысудам украінскаму рэжысёру Алегу Сянцову, а таксама канцэрт вядомага расейскага сатырыка Віктара Шэндэровіча.

М. Макарава: Першая нашая акцыя была зьвязана з прысудам братам Навальным. Затым мы хацелі правесьці акцыю салідарнасьці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, але павестку дня зьмяніла забойства Барыса Нямцова. Нашая акцыя атрымалася жалобнай, ушанаваньнем памяці Барыса Нямцова, забітага на Маскварэцкім мосьце. Можна таксама прыгадаць пра акцыю ў дзень прысуду рэжысёру Алегу Сянцову і грамадзкаму актывісту Аляксандру Кольчанку. Таксама мы арганізоўвалі сустрэчы, мэта якіх – паказаць палякам іншую Расею, тую, якая змагаецца й не губляе надзеі. Галоўным нашым посьпехам у гэтай галіне была арганізацыя канцэртаў Віктара Шэндэровіча ў траўні і лістападзе. Гэта прадстаўленьне акурат той Расеі, пра якую мы хочам гаварыць.

Расейскія грамадзкія актывісты вельмі добра супрацоўнічаюць з украінскімі і беларускімі арганізацыямі Варшавы – кажа прадстаўніца асацыяцыі палітоляг Анастасія Сяргеева.

Анастасія
Анастасія Сяргеева

А. Сяргеева: У лютым мінулага году мы ладзілі сумесны мітынг з украінскай арганізацыяй «Эўрамайдан Варшава». Мы таксама актыўна супрацоўнічаем зь беларускімі калегамі. Валянціна Чубарава неаднаразова выступала на мітынгах, зьвязаных з сытуацыяй у Беларусі. Беларускія актывісты таксама выступалі на нашых мерапрыемствах. У акцыі «Вяртаньне імёнаў» удзельнічалі Ірына Халіп і Натальля Радзіна. У апошнія некалькі тыдняў я часта даю камэнтары тэлеканалу «Белсат». Пытаньне дэмакратыі ў нашых краінах – гэта нашае агульнае пытаньне. Таксама як пытаньне трагічных старонак нашай гісторыі – гэта таксама нашае агульнае пытаньне.

Сябры Асацыяцыі «За Свабодную Расею» плянуюць у бліжэйшы час правесьці акцыю памяці Барыса Нямцова ды арганізаваць паездку ў Варшаву лідараў расейскай апазыцыі. Акрамя таго расейскія дэмактаты жадаюць правесьці шэраг дыскусіяў з украінскімі й беларускімі экспэртамі на тэму канфліктных старонак гісторыі й нават мараць арганізаваць у Варшаве шахматны турнір з удзелам Гары Каспарава.

Аляксандар Папко

/

"Мільёны
"Мільёны расейцаў як унутры Расеі, так і за яе межамі мараць бачыць сваю Радзіму нармальнай дэмакратычнай краінай", - кажуць сябры асацыяцыі "За свабодную Расею".


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт