Палітычны землятрус у Польшчы. Знойдзены дакумэнты тайных спэцслужбаў часоў Польскай Народнай Рэспублікі. Сярод архіўных папераў, якія трымаў у хатнім сэйфе былы кіраўнік польскай разьведкі, а пазьней міністар унутраных спраў Чэслаў Кішчак, ёсьць дакумэнт, які сьведчыць аб супрацоўніцтве са спэцслужбамі колішняга лідара прафсаюзу «Салідарнасьць» Леха Валэнсы ў першай палове 70-ых гадаў.
Чэслаў Кішчак памёр у лістападзе мінулага году. Апошнімі гадамі яго неаднойчы ставілі перад судом за дзейнасьць у часы ПНР. Ён быў, між іншым, абвінавачаны ў суадказнасьці за ўвядзеньне ваеннага становішча ў Польшчы і сьмерць шахцёраў падчас разгону пратэстаў. Быў прыгавораны на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна.
Даўно хадзілі чуткі, што генэрал Кішчак трымае ў сябе дома архіў тайных дакумэнтаў, сярод якіх ёсьць інфармацыя аб супрацоўнікаў спэцслужбаў. Чаму пракуратура не рашылася правесьці вобшук? Аб гэтым сьледчыя не жадаюць казаць.
Пытаньне архіву паявілася надоечы, калі на сустрэчу са старшынём Інстытуту нацыянальнай памяці Лукашам Каміньскім зьявілася ўдава Марыя Кішчак. Яна прапанавала купіць у яе архіў, які застаўся пасьля сьмерці мужа. За дакумэнты патрабавала 90 тыс. злотых, якія патрэбныя ёй быццам бы на аплату хатняй гаспадыні з Украіны і апеку над магілай мужа. Марыя Кішчак прадставіла на сустрэчы лісток паперы, які дакумэнтуе сустрэчу тайнага супрацоўніка пад мянушкай "Болек" з агентам выведкі, што сьведчыць аб супрацоўніцтве пазьнейшага прэзыдэнта Леха Валэнсы са спэцслужбамі. І сказала, што такіх дакумэнтаў у яе больш дома. Кіраўніцтва інстытуту паведаміла паліцыю, якая правяла ў доме Марыі Кішчак вобшук. Было знойдзена шмат дакумэнтаў, у тым ліку дзьве папкі пад назваю «Болек».
Публіцыст Цэзары Гмыз адзначае, што гісторыкі ніколі не сумняваліся ў тым, што Лех Валэнса быў прымушаны супрацоўнічаць са спэцслужбамі.
Ц. Гмыз: Я ня ведаю аніводнага гісторыка, які б казаў, што Лех Валэнса не супрацоўнічаў. Нават тыя гісторыкі, якія па-сяброўску ставяцца да былога прэзыдэнта, адзначаюць, што такі эпізод быў. Розьніцы заключаюцца толькі ў ацэнцы гэтага супрацоўніцтва і ў тым, колькі супрацоўніцтва працягвалася.
Пра супрацу Валэнсы з тайнымі спэцслужбамі даўно казалі ня толькі яго палітычныя ворагі, але нават былыя калегі па апазыцыі. Розныя палітыкі і гісторыкі па-рознаму ацэньваюць гэтыя старонкі жыцьця былога прэзыдэнта. Сам Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў у 2011 годзе, што Служба бясьпекі падрабляла дакумэнты аб супрацы Валэнсы, каб пазбавіць яго шанцаў на мірную Нобэлеўскую прэмію, якую ён і так атрымаў. З іншага боку, у часы, калі Валэнса быў прэзыдэнтам, ягоныя акты ў таямнічых акалічнасьцях зьнікалі. Сам Валэнса таксама па-рознаму выказваўся пра сваё ўяўнае супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Раз казаў, што «нешта там падпісваў», іншым разам рашуча ўсё аспрэчваў. Аднак заўсёды пераконваў, што ня браў грошай за супрацу і на нікога не данасіў. Цяпер жа дакумэнты, знойдзеныя ў доме былога кіраўніка спэцслужбаў, пацьвярджаюць, што ён прымаў грошы за супрацоўніцтва – у папцы ёсьць паперы з яго подпісам.
Былы дзеяч дэмакратычнай апазыцыі ў часы Польскай Народнай Рэспублікі, а пазьней палітык Уладзіслаў Фрасынюк мяркуе, што нават калі Валэнса быў тайным супрацоўнікам, гэта сьведчыць аб яго адвазе.
У. Фрасынюк: Мы жывем у краіне, якая ганарыцца сваёй каталіцкай верай, дзе людзі ўмеюць прабачаць. І калі аказалася, што Лех Валэнса нават данасіў, а пазьней адмовіўся ад супрацоўніцтва і ўзначаліў рух Салідарнасьць, які прынёс дзяржаве свабоду і дэмакратыю, то гэта азначае, што ў яго была вялікая сіла і трэба яго павіншаваць за адвагу. На маю думку, былі кантакты Валэнсы са спэцслужбамі, але такім чынам ён ратаваў сваё жыцьцё, здароўе, і жыцьцё сваёй сям’і.
У сваю чаргу дарадчык прэзыдэнта, экспэрт па спэцслужбах прафэсар Анджэй Зыбэртовіч адзначае, што кампраметуючыя польскіх палітыкаў дакумэнты могуць быць у распараджэньні замежных спэцслужбаў, а гэта небясьпечна для Польшчы.
А. Зыбэртовіч: Калі мы сёньня кажам, што былы кіраўнік спэцслужбаў ПНР шмат гадоў захоўваў дакумэнты, то трэба браць пад увагу магчымасьць, што існаваў тайны рынак абарачэньня кампраметуючымі польскіх палітыкаў паперамі. І вялікая частка гэтых дакумэнтаў можа знаходзіцца ў руках тайных спэцслужбаў іншых краін, што нясе пагрозу бясьпецы польскай дзяржавы.
За межамі Польшчы Леха Валэнса застаецца іконай барацьбы з камунізмам і сымбалем дэмакратычных перамен. Аднак ва ўласнай краіне з постацьцю гэтага чалавека зьвязаны крайнія эмоцыі, як пазытыўныя, так і нэгатыўныя.
нг