Logo Polskiego Radia
Print

Журналісты пад наглядам спэцслужбаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.03.2016 16:08
  • нагляд.mp3
Пры ўладзе кааліцыі PO-PSL спэцслужбы сачылі за амаль 50 журналістамі.
Photo: pixabay.com

Тыднёвік „Do Rzeczy” апублікаваў сьпіс журналістаў, за якімі цягам апошніх гадоў сачылі польскія спэцслужбы. Рэдакцыя тыднёвіка інфармуе, што гэта выключна частка з прадстаўнікоў польскіх СМІ, якія падчас улады кааліцыі PO-PSL знаходзіліся пад наглядам спэцслужбаў.

Цэзары Гмыз запэўнівае, што прозьвішчы, якія ён назваў у сваім артыкуле ў тыднёвіку „Do Rzeczy”, паходзяць з правераных крыніц.

Цэзары Гмыз: Гэтыя прозьвішчы былі вызначаныя на падставе інфармацыі, атрыманай, як мінімум, зь дзьвюх крыніцаў. Таму можна сказаць, што гэта ў ста працэнтах сапраўдная інфармацыя. Напэўна, гэтыя 27 асобаў, прозьвішчы якіх я апублікаваў у сёньняшнім артыкуле, зьмешчаным у тыднёвіку „Do Rzeczy”, былі аб’ектам зацікаўленьня службаў і аб'ектам сочкі.

Паводле журналіста, агульным для асобаў са сьпісу зьяўляецца тое, што яны крытыкавалі тагачасны ўрад „Грамадзянскай плятформы” й „Польскай сялянскай партыі.

Цэзары Гмыз: Агульным для ўсіх асоб, якія апынуліся ў гэтым сьпісе, зьяўляецца тое, што яны публікавалі й рыхтавалі артыкулы, крытычныя ў адносінах да тагачасных уладаў. Спэцслужбы цікавіліся нашымі крыніцамі інфармацыі. Справа тычыцца амаль кожнай афэры, якой займаліся згаданыя журналісты, у тым ліку таксама я.

Паводле дадзеных тыднёвіка „Do Rzeczy”, пад наглядам спэцслужбаў апынуўся „практычна ўвесь нацыянальны аддзел” газэты „Rzeczpospolita” - журналісты й рэдактары, якія займаліся падрыхтоўкай тэкстаў да друку”.

Сярод тых, за кім сачылі спэцслужбы былі, між іншым, тагачасны галоўны рэдактар выданьня „Rzeczpospolita” Павел Лісіцкі (пол. Paweł Lisicki) й яго намесьнік Пётр Габрыель (пол. Piotr Gabryel).

Верагодна, пад сочку падпалі таксама: Пётр Гоцек (пол. Piotr Gociek), Міхал Шулджыньскі (пол. Michał Szułdrzyński), Караль Маныс (пол. Karol Manys), Эліза Ольчак (пол. Eliza Olczak), Яраслаў Стружык (пол. Jarosław Stróżyk) і Пётр Ніштора (пол. Piotr Nisztora).

Павел Лісіцкі ў размове з „TVPInfo” паясьніў, што сачэньне за журалістамі мела розны характар.

Павел Лісіцкі: Сачэньне за журналістамі таксама мела розны характар. У выпадку некаторых асоб гэта было зьвязана са спробай праслухоўваньня тэлефонных размоў. Аднак у большасьці выпадкаў дзеяньні зводзіліся да вызначэньня асоб, да якіх яны (рэд. журналісты) тэлефанавалі на падставе тэлефонных рахункаў. Гэта таксама былі спробы вызначэньня, дзе дадзеная асоба знаходзіцца, з кім яна сустракаецца. Гэта былі розныя формы кантролю з мэтай вызначэньня, якім чынам журналісты атрымалі інфармацыю, якая для тагачасных уладаў была некарысная.

Тыднёвік „Do Rzeczy” адзначае, што ў артыкуле была зьмешчана толькі частка журналістаў, за якімі сачылі спэцслужбы.

Гэта прыклад злоўжываньняў уладай папярэдняй кааліцыі PO-PSL - такім чынам справу пракамэнтараваў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі. У размове з „TVPInfo” ён дадаў, што вінаватыя ў злоўжываньнях павінны быць пакараныя.

Марыюш Блашчак: Гэта этап аўдыту, то бок падсумаваньне таго, у якім стане мы перанялі дзяржаўныя ўстановы пасьля 8-мі гадоў улады кааліцыі PO-PSL. Гэта таксама прыклад злоўжываньняў. Згодна закону, пра гэта будуць паінфармаваныя дэпутаты з Камісіі па спэцслужбах і будуць распачатыя адпаведныя дзеяньні. Гаворка ідзе пра тое, каб пакараць тых, хто парушыў закон.

Нагадаем, у канцы лютага, міністар-каардынатар спэцслужбаў Марыюш Каміньскі (пол. Mariusz Kamiński) паведаміў, што пры ўладзе „Грамадзянскай плятформы” й „Польскай сялянскай партыі” Агенцтва ўнутранай бясьпекі сачыла за 48 журналістамі.

Міністар адзначыў, што ён ня ведае, ці гэта былі незаконныя дзеяньні й ня выключыў, што гэты сьпіс можа быць пашыраны.

Цэзары Гмыз лічыць, што ўсе журналісты, за якімі сачылі папярэднія ўлады Польшчы, павінны паведаміць пракуратуру аб зьдзяйсьненьні злачынства. Ён кажа, што сам ужо паступіў такім чынам.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт