Logo Polskiego Radia
Print

Амэрыканскія сэнатары цікавяцца Польшчаю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.03.2016 15:24
  • Дуда-сэнатары.mp3
Складаныя перамовы – так назвала сустрэчу выданьне «Washington Post».
Сэнатар Дэмакратычнай партыі Барбара Мікульскі пасьля сустрэчы з А. ДудамСэнатар Дэмакратычнай партыі Барбара Мікульскі пасьля сустрэчы з А. Дудамзд. PAP/Jacek Bednarczyk

Злучаныя Штаты Амэрыкі прыслалі ў Польшчу 5 сваіх сэнатараў з азнаямленчым візытам. Польская апазыцыя трыюмфавала – маўляў, цяпер амэрыканцы зьвернуць увагу афіцыйнай Варшаве, каб яна закончыла крызыс, зьвязаны з Канстытуцыйным судом. Тым ня менш, пасьля сустрэчы з сэнатарамі прэзыдэнт Анджэй Дуда заявіў, што гэтае пытаньне зусім не закраналася падчас гутаркі. У такім выпадку што найбольш цікавіць і непакоіць амэрыканцаў?

Сустрэча Анджэя Дуды зь пяцьцю сэнатарамі насіла нефармальны характар. Галава польскай дзяржавы і ягоныя госьці павячэралі ў рэстаране прэстыжнага кракаўскага гатэля, дзе правялі разам каля 2,5 гадзін. Атмасфэру спатканьня, якая і так напэўна была даволі напружанай, яшчэ больш пагаршала дэманстрацыя Камітэту абароны дэмакратыі, на якую актывісты прыйшлі з кніжкамі Канстытуцыі, абвязанымі чорнымі жалобнымі стужкамі.

Складаныя перамовы – так назвала сустрэчу выданьне «Washington Post». Аднак прэзыдэнт заявіў пасьля гутаркі, што яна была прысьвечана галоўным чынам бясьпецы нашага рэгіёну, а сэнатары прадстаўлялі сэнацкую камісію, якая займаецца тэматыкай бясьпекі.

А. Дуда: Сэнатары прыехалі ў Польшчу з азнаямленчым візытам. Яны хацелі пагутарыць пра сытуацыю Цэнтральна-Усходняй Эўропы ў галіне бясьпекі. І гэта была асноўная тэма, якая іх цікавіла.

Польскі прэзыдэнт дадаў, што ўнутраная палітыка Польшчы зусім не цікавіла амэрыканскіх гасьцей.

А. Дуда: Усе пытаньні, якія яны хацелі закрануць, мы абмеркавалі. Вельмі прыемная сустрэча. Яны не былі зацікаўлены пытаньнем Канстытуцыйнага суду. Толькі ўсьміхаліся, што з падобнай праблемай змагаюцца ў Злучаных Штатах. Казалі, што такія рэчы здараюцца ў дэмакратычных дзяржавах, таксама такіх, як ЗША.

Канешне, амэрыканскіх дыпляматаў цікавіць крызыс, зьвязаны з Канстытуцыйным судом Польшчы, але значна большыя боязі Вашынгтону выклікае тое, што Польшча можа пайсьці па шляху Вугоршчыны Віктара Орбана ня толькі ва ўнутранай палітыцы, але таксама ў геастратэгічных пытаньнях. Гэта значыць, амэрыканцы цікавяцца, ці краіна не ідзе ў напрамку энэргетычнага і эканамічнага блізкага супрацоўніцтва з Расеяй. Для Вугоршчыны такі саюз стаў ужо фактам, што значна аслабіла пазыцыю дзяржавы ў НАТО. Калі б і Польшча пайшла ў такім жа напрамку, гэта магло б выклікаць сур’ёзны крызыс ва ўсім Паўночна-атлянтычным альянсе.

Для ЗША Польшча зьяўляецца найважнейшым саюзьнікам у Цэнтральнай Эўропе. Амэрыканскія ўлады цікавяцца, ці дзяржава ня зьменіць вэктараў сваёй замежнай палітыкі, якія дагэтуль былі накіраваныя амаль выключна на Эўрапейскі Зьвяз. Некалькі тыдняў таму амэрыканскія дыпляматы пабывалі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы.

Нагадаем, што на ліпень у Варшаве заплянаваны саміт дзяржаў НАТО. Пакуль што невядома, ці на сустрэчу прыедзе прэзыдэнт Барак Абама. А нават калі прыедзе, то ці сустрэнецца з прэзыдэнтам Анджэем Дудам. Дарэчы, апошнім часам здараюцца выказваньні палітыкаў з ураду партыі «Права і справядлівасьць», якія дрэнна ўспрымаюцца ў ЗША. Днямі ў Амэрыцы СМІ актыўна цытавалі нядаўняе выказваньне міністра нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіча, які абураўся, што «людзі, якія будавалі сваю дзяржаву толькі ў 18-ым стагодзьдзі, асьмельваюцца казаць нам, што такое дэмакратыя?». Канец цытаты. Праўда, назоў дзяржавы не прагучаў, але ўсе зразумелі, пра якую краіну ідзе гаворка. Аб гэтым амэрыканскія сэнатары хутчэй за ўсё дыпляматычна не згадалі падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Дудам. А сам галава польскай дзяржавы заявіў вуснамі свайго міністра Кшыштафа Шчэрскага, што расцэньвае спатканьне як элемэнт падрыхтоўкі да візыту ў Вашынгтоне. Пад канец сакавіка Анджэй Дуда адпраўляецца ў ЗША на саміт, прысьвечаны ядзернай бясьпецы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт