Logo Polskiego Radia
Print

Спадзяваных грошай ад ЭЗ Менск не атрымае – палітоляг

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.04.2016 23:49
  • Спадзяваных грошай ад ЭЗ Менск не атрымае – палітоляг.mp3
Р. Астапеня: «Ніхто ў Нямеччыне не прачнецца й не падумае, што варта замяніць уласныя аўтобусы аўтобусамі МАЗ».
belarus-projekt.eu

Паляпшэньне стасункаў з Эўрапейскім зьвязам не прынясе беларускаму ўраду спадзяваных значных эканамічных прыбыткаў. Краінам Эўразьвязу проста няма чаго чаго купляць у Беларусі – лічыць палітоляг Рыгор Астапеня. У сёньняшнім «Палітычным люстэрку» аналітык тлумачыць, чаму падчас нядаўніх сутыкненьняў у Карабаху Менск больш прыхільна паставіўся да Азэрбайджану, якія выгады прынесла Беларусі 20-гадовая інтэграцыя з Расеяй і навошта ўлады пачалі ствараць псэўдаграмадзкія арганізацыі. З Рыгорам Астапеням размаўляе Аляксандар Папко.

Менск вырашыў, што выгадней сябраваць з Баку, а не з Ерэванам

У ноч з 1 на 2 красавіка ў Нагорным Карабаху ўспыхнулі самы жорсткія баі за больш як 20 гадоў, якія прайшлі пасьля «замарозкі» канфлікту. Лік забітых з абодвух бакоў ідзе на дзесяткі. МЗС Беларусі заявіў, што выступае за мірнае рашэньне канфлікту на падставе павагі да «тэрытарыяльнай цэласнасьці й непарушнасьці межаў дзяржаваў». Армэнія ўспрыняла заяву беларускіх уладаў як рэвэранс у бок Азэрбайджану й выклікала беларускага амбасадара для дачы тлумачэньняў. На чыім баку сымпатыі Менска ў Карабаскім канфлікце? Ці мае Лукашэнка шанец стаць пасярэднікам у вырашэньні канфлікту й палепшыць свой міжнародны імідж?

Р. Астапеня: Заява беларускага МЗС сьведчыць, што ў гэтым канфлікце Беларусь больш падтрымлівае Азэрбайджан. Увогуле, Беларусь мае лепшыя дачыненьні з Азэрбайджанам, чым з Армэніяй, нягледзячы на тое што разам з Армэніяй мы ўваходзім у Эўразійскі эканамічны саюз і АДКБ. З Азэрбайджанам мы нашмат больш гандлюем, прычым гандлюем ня толькі звычайнымі таварамі, але й зброяй.

Даволі відавочна, што беларускія ўлады больш прыхільныя Азэрбайджану, хоць цяпер яны спрабуюць зрабіць сваю палітыку нэўтральнай. Я думаю, так адбываецца таму, што беларускія ўлады спадзяюцца адыграць нейкую міратворчую ролю ў гэтым канфлікце. Нельга забываць, што існуе Менская група АБСЭ, якая займаецца гэтым канфліктам. Канешне, шанцаў на тое, каб Беларусь адыграла значную ролю ва ўрэгуляваньні канфлікту, няма. Аднак ніхто не спадзяваўся, што Мэркель і Алянд прыедуць у Менск падчас перамоваў па Данбасе. У Беларускіх уладаў ёсьць разуменьне, што ва ўнутранай палітыцы дасягненьняў ужо ня будзе. Таму варта зрабіць нешта ў зьнешняй палітыцы.

Вынікі інтэграцыі: саюзу не адбылося, але Масква і Менск задаволеныя

2 красавіка Беларусь і Расея адзначылі 20-годзьдзе інтэграцыі. У 1996 годзе было падпісана пагадненьне аб стварэньні супольнасьці Беларусі й Расеі. У наступным годзе супольнасьць была перайменаваная ў саюз дзьвюх дзяржаваў, а ў 1999 годзе была падпісаная дамова пра стварэньне Саюзнай дзяржавы. Прыход да ўлады ў Расеі Ўладзімера Пуціна пахаваў надзеі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкую пасаду ў Маскве. Таму праект Саюзнай дзяржавы быў пахаваны. Якія вынікі 20-гадовай інтэграцыі? Ці захоча нехта рэанімаваць Саюзную дзяржаву?

Р. Астапеня: Галоўны вынік для Беларусі заключаецца ў тым, што мы атрымліваем газ і нафту па вельмі нізкіх цэнах і маем доступ да велізарнага расейскага рынку. Для Расеі самае важнае заключаецца ў тым, што Беларусь засталася ў зоне яе ўплываў. На працягу 20 гадоў насамрэч адбывалася не інтэграцыя, а адасабленьне дзьвюх дзяржаваў. Мы бачым гэта і ў сфэры СМІ, і ў вайсковай сфэры, і ў замежнай палітыцы. Аднак Беларусь усё роўна засталася на арбіце Расеі.

Ці нехта захоча рэанімаваць Саюзную дзяржаву? Магчыма, сам праект памёр, але расейска-беларускія стасункі маюць тую самую лёгіку, што мелі раней. У прынцыпе ня важна, у якім праекце яна рэалізоўваецца: у Эўразійскім зьвязе ці Саюзнай дзяржаве. Для Беларусі важна выцягваць з Расеі грошы. Для Расеі важна, каб Беларусь заставалася на арбіце Расеі. І ўсім пакуль удаецца дасягнуць гэтых мэтаў.

Беларусі няма чаго прадаваць у Эўразьвяз?

Беларусь гатовая вырашаць праблемы ў адносінах з Эўразьвязам – заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях адносінаў з Брусэлем. Менск намераны разьвіваць супрацоўніцтва ў «гандлёвай, інвэстыцыйнай і фінансавай сфэрах, а таксама ў супрацьдзеяньні транспамежным пагрозам». Перад тым, як спрашчаць візавы рэжым, па словах Лукашэнкі, трэба даведацца «якія выгады атрымае пры гэтым Беларусь». Якую падтрымку ў бліжэйшы час атрымаюць ад Эўразьвязу ўлады а якую – грамадзяне?

Р. Астапеня: Эўрапейскі зьвяз паабяцаў павялічыць тэхнічную дапамогу для Беларусі ў два разы. Магчыма, ён падключыць краіну д большай колькасьці праектаў рэгіянальнага супрацоўніцтва. Гэтыя грошы ідуць як уладзе, так і людзям, Калі ЭЗ мадэрнізуе памежныя пераходы – выгаду ад гэтага атрымліваюць усе.

Больш цікавае пытаньне заключаецца ў тым, чаго не атрымаюць беларускія ўлады. Усё тое, пра што кажа Аляксандар Лукашэнка, Беларусь не атрымае. Беларусь не атрымае інвэстыцыяў, бо ў краіне сёньня няма ні эканамічнай прывабнасьці, ні палітычных гарантыяў, якіх патрабуюць інвэстары. Беларусі не ўдасца павялічыць гандаль, бо краінам Эўразьвязу няма чаго купляць у Беларусі. Ніхто ў Нямеччыне не прачнецца й не падумае, што варта замяніць уласныя аўтобусы аўтобусамі МАЗ.

Візавай лібэралізацыі ня так ужо й хочуць самі беларускія ўлады.Лукашэнка ўжо заявіў пра тое, што спачатку трэба пралічыць выгаду ад спрашчэньня візавага рэжыму. Магчыма, беларускія ўлады разьлічваюць на макраэканамічную дапамогу. Вялікіх шанцаў на атрыманьне крэдытаў таксама няма, бо Эўрапейскі зьвяз патрабуе нечага большага, чым проста вызваленьне палітвязьняў.

Дзяржава прынялася ствараць «недзяржаўныя» арганізацыі

Улады стварылі 2400 няўрадавых арганізацыяў, якія ўзялі пад кантроль «заходнія грошы» – заявіў у інтэрвію інфармагенцтву БелаПАН Мікалай Статкевіч. Псэўдаграмадзкія арганізацыі, па словах палітыка, патрэбныя беларускім уладам, каб перахапіць фінансаваньне, якое Эўразьвяз выдзяляе на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі: на адукацыйныя, экалягічныя й сацыяльна-палітычныя праекты. Ці праблема псэўда – НДА сапраўды існуе? Ці фонды Эўразьвязу настолькі сьляпыя, што не бачаць, што іх грошы ідуць чыноўнікам, а не грамадзянам?

Р. Астапеня: Праблема сапраўды існуе. У Беларусі назіраецца росквіт GONGO – «грамадзкіх» арганізацыяў, створаных дзяржавай. Аднак я думаю, што Мікалай Статкевіч перабольшвае іх лічбу. Павялічваецца лічба грамадзкіх арганізацыяў, якія раз за разам паўтараюць, што толькі пры супрацоўніцтве з дзяржавай можна дасягнуць нейкіх вынікаў. Шмат донараў купляюцца на такія заявы. Гэта датычыць праектаў тэхнічнай дапамогі, экалягічнага разьвіцьця, разьвіцьця транспарту. Аднак у выпадку праектаў разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, праваабароны, адукацыі значэньне GONGO вельмі малое.

Размаўляў Аляксанда Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт