Logo Polskiego Radia
Print

Грошы на радзіму пасылаюць нават амэрыканцы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.04.2016 16:04
Паводле Сусьветнага банку, летась польскія эмігранты перадалі на айчыну 6 мільярдаў 900 мільёнаў даляраў.
Фота: pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле дадзеных Нацыянальнага банку Польшчы, у мінулым годзе палякі, якія працуюць за мяжой, перадалі сваякам у краіне больш за 4 мільярды 210 мільёнаў даляраў. Паводле Сусьветнага банку, перадач было больш, то бок 6 мільярдаў 900 мільёнаў даляраў, паведамляе выданьне «Gazeta Wyborcza».

Па зьвестках польскага Нацбанку, найбольш грошай на радзіму перадалі палякі, якія жывуць і працуюць у Нямеччыне – 1 мільярд 368 мільёнаў эўра й Вялікабрытаніі – 1 мільярд 83 мільёны эўра.

Наступнае месца, з пункту гледжаньня памеру фінансавых пасылак займаюць польскія эмігранты ў Нідэрляндах – 232 мільёны эўра ў мінулым годзе, а таксама ў Ірляндыі – 182 мільёны эўра.

Дарэчы, перадача грашовых сродкаў на радзіму – гэта глябальная зьява. Грошы ад эмігрантаў паступаюць нават у найбагацейшыя краіны сьвету. Напрыклад, у мінулым годзе сем’і ў Злучаных Штатах Амэрыкі атрымалі такім чынам 7 мільярдаў даляраў.

І хоць памер пасылак пастаянна расьце, то з пункту гледжаньня эўрапейскай эканомікі ён амаль незаўважальны. Напрыклад, сродкі, якія з-за мяжы атрымліваюць сем’і ў Польшчы, гэта толькі 1,5% польскага ВУП. Падобным чынам адбываецца ў Нямеччыне, Вялікабрытаніі ці ЗША.

Аднак сытуацыя выглядае зусім інакш у выпадку Ўсходняй Эўропы, Азіі ці Афрыкі. Напрыклад, у мінулым годзе ў Таджыкістан былі перададзеныя толькі 3 мільярды 100 мільёнаў даляраў, але для тамтэйшай эканомікі гэтыя сродкі маюць вялізнае значэньне, паколькі яны складаюць больш чым траціну ВУП краіны.

Украінцы перадаюць на радзіму крыху менш, чым палякі – амаль 6 мільярдаў даляраў. Гэта сродкі, заробленыя перш за ўсё ў Расеі. У мінулым годзе ў Польшчы ўкраінцы зарабілі 1 мільярд 958 мільёнаў эўра (8 мільярдаў 400 мільёнаў злотых). Значную частку з гэтай сумы яны паслалі ва Ўкраіну, хоць дадзеныя Нацыянальнага банку Польшчы датычаць выключна іх заробкаў, а не грашовых пераводаў, – нагадвае выданьне «Gazeta Wyborcza».

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт